Менавіта такую якасць — надзейнасць — вылучаюць у Наталлі Галавань яе калегі. Адчуваюць яе і тыя, каго на працягу чвэрці стагоддзя яна вучыць прафесіі будаўніка.
— На яе заўсёды можна паспадзявацца: і ў прафесійных, грамадскіх справах, і ў асабістых яна надзейны і сумленны чалавек, — характарызуе Наталлю Мікалаеўну дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 Алена Жалезняковіч.
Амаль усё прафесійнае жыццё Н.М.Галавань звязана з гэтай навучальнай установай. Пасля заканчэння ў 1987 годзе Беларускага політэхнічнага інстытута была размеркавана на работу выкладчыкам у тагачаснае вучылішча № 119. Тут узнімалася па прыступках: была майстрам вытворчага навучання, сакратаром камітэта камсамола, загадчыкам метадычнага кабінета. Праўда, на чатыры гады адышла ад роднай навучальнай установы — працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Гродзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі. І ўсё ж зноў вярнулася да сваіх будаўнікоў.
Муляр і зваршчык, тынкоўшчык і маляр, абліцоўшчык і сталяр — такім прафесіям у розныя часы вучыла Наталля Мікалаеўна.
— Глыбокая навукова-метадычная і тэарэтычная падрыхтоўка дае магчымасць Наталлі Мікалаеўне на высокім узроўні праводзіць урокі спецтэхналогіі і матэрыялазнаўства, — працягвае характарыстыку Наталлі Галавань дырэктар ліцэя. — Яна імкнецца даць трывалыя веды кожнаму вучню, натхніць на цікавую пазнавальную работу, развіць здольнасці. Уводзіць у практыку сваёй работы новыя тэхналогіі. Дзякуючы ёй быў пераабсталяваны кабінет спецтэхналогіі санітарна-тэхнічных работ.
Сярод соцень падрыхтаваных Наталляй Мікалаеўнай будаўнікоў ёсць сапраўдныя зорачкі: Петр Мухін заняў трэцяе месца ў асабістым заліку па кваліфікацыі “муляр” Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ”, чатыры яе выхаванцы станавіліся пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Тэхналогія зварачных работ”. Н.М.Галавань была адзначана па выніках 2012/2013 навучальнага года трэцяй прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей таленавітых навучэнцаў і студэнтаў.
— Найвялікшую асалоду атрымліваю тады, калі бачу на выпускных экзаменах задавальненне, радасць у вачах навучэнцаў, што яны пацвярджаюць свае веды 4-га разраду, — гаворыць Наталля Мікалаеўна. — Мы павінны кожнага чалавека навучыць прафесіі так, каб на выхадзе з вучылішча яго тэарэтычныя і практычныя веды адпавядалі такому высокаму ўзроўню.
Н.А.Галавань з’яўляецца старшынёй метадычнай камісіі ліцэя, шмат часу прысвячае прафесійнаму станаўленню маладых спецыялістаў. Прымала актыўны ўдзел у стварэнні ЭСН па тэме “Электрычная дуга”, які атрымаў дыплом ІІІ ступені Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”. Лічыць, што ад асобы выкладчыка спецыяльных дысцыплін, майстра вытворчага навучання залежыць вельмі многае. Яна з вялікай удзячнасцю і цеплынёй успамінае сваіх педагогаў — першую настаўніцу Валянціну Вітальеўну Якуш, настаўніцу матэматыкі сярэдняй школы № 13 Гродна Соф’ю Сцяпанаўну Шчэчыну, выкладчыка машынабудаўнічага факультэта БПІ Аляксандра Іванавіча Быцева, а таксама майстроў вытворчага навучання — свайго роднага дзядзьку Алега Аляксандравіча Дудзіча, які 40 гадоў працаваў на адным месцы ў прафесійным вучылішчы, Анатоля Антонавіча Аксенчыка, які быў яе майстрам падчас вучобы ў Мінскім ПТВ № 94. Так, прафесійны лёс Наталлі Мікалаеўны пачынаўся менавіта ў ПТВ, дзе яна атрымала прафесію слесара механазборачных работ.
Можа, такі жыццёвы шлях, асабісты вопыт, разуменне ролі і адказнасці настаўніка дапамагаюць Н.А.Галавань быць не толькі паспяховым выкладчыкам, але і адказным куратарам, добра разумець сваіх вучняў. Выпусціўшы чарговы курс у гэтым годзе, яна зноў узяла групу першакурснікаў.
— Нельга працаваць з дзецьмі абыякава, — гаворыць Наталля Мікалаеўна. — Настаўнік не мае права пакінуць у душы вучня крыўду на несправядлівыя дзеянні. Дзеці зразумеюць і прымуць тваю праўду, калі будуць бачыць, што ты ставішся да іх справядліва і годна.
Наталля Мікалаеўна стараецца заўсёды быць у кантакце з бацькамі сваіх навучэнцаў. Адзначае, што калі мама і тата працавікі, то і дзеці вырастаюць такімі ж. Выкарыстоўвае гэты патэнцыял бацькоў і прыцягвае іх да ўдзелу ў вучэбна-выхаваўчым працэсе.
А яшчэ Наталля Мікалаеўна Галавань вельмі сціплы чалавек. Пра тое, што ў гэтым годзе яна адзначана знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”, прыйшлося даведацца не ад яе, а ад іншых людзей.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.