Надзейны патруль

Наркотыкі — гэта вораг, які пагражае жыццю і будучыні. Вораг бязлітасны, які не шкадуе нікога, разбураючы лёсы і сем’і. Вораг хітры, які пастаянна мяняе тактыку і вынаходзіць усё новыя прыёмы і метады. Барацьба з ім вядзецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, аднак упэўненая перамога так і не была пакуль атрымана. Найбольшыя маштабы ўжывання наркотыкаў — сярод моладзі. Адпаведна і найбольшы ўрон наносіцца менавіта ёй. Таму актыўная работа па прафілактыцы скіравана на падлеткаў і моладзь. Гэтая работа надзвычай актуальная для ўстаноў прафесійнай адукацыі, дзе вучацца менавіта падлеткі. Да супрацьдзеяння наркотыкам далучаюцца не толькі спецыялісты, але і самі навучэнцы. Прыклад гэтага — маладзёжныя атрады па наркакантролі, якія арганізаваны ва ўстановах. Што гэта за аб’яднанні і як яны дзейнічаюць, разгледзім на прыкладзе атрадаў у каледжах і ліцэях Мінскай вобласці.

“Альтэрнатыва” і ўласны прыклад

Маладзёжныя атрады па наркакантролі — гэта добраахвотныя аб’яднанні навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія вырашылі зрабіць свой уклад у барацьбу з распаўсюджаннем наркатычных сродкаў і іх ужываннем. Для работы атрадаў галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама і ўпраўленнем па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю лю­дзьмі УУС Мінаблвыканкама было распрацавана спецыяльнае палажэнне.

Чым жа займаюцца такія атрады? Ня­гледзячы на сваю пагрозлівую назву, атрад па наркакантролі не ловіць злачынцаў і не шукае наркотыкі. Галоўная задача, на якую накіравана дзейнасць атрада, — прафілактыка. Працуюць атрады па шэрагу напрамкаў: гэта прапаганда здаровага ладу жыцця, навучанне падлеткаў навыкам бяспечных і адказных паводзін, прыцягненне іх да адпачынкавай дзейнасці, інфармацыйная работа, аказанне дапамогі суб’ектам прафілактыкі ў правядзенні мерапрыемстваў па прафілактыцы ўжывання непаўналетнімі алкагольных, слабаалкагольных напіткаў, ужывання, захоўвання і распаўсюджвання наркатычных, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў.

Галоўная ідэя, якая ляжыць у аснове іх дзейнасці, — тое, што падлеткі лепш разумеюць сваіх аднагодкаў, лягчэй знаходзяць падыход і ўздзейнічаюць на іх. Работа ла­дзіцца па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”.

Атрады цесна супрацоўнічаюць з зацікаўленымі ведамствамі і структурамі: абласным упраўленнем і раённымі аддзеламі па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, інспекцыяй па справах непаўналетніх, установамі аховы здароўя, грамадскімі арганізацыямі, Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Сёння маладзёжныя атрады па наркакантролі дзейнічаюць ва ўсіх установах прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці, падпарадкаваных галоўнаму ўпраўленню па адукацыі Мінаблвыканкама. 24 атрады аб’ядноўваюць больш за 350 навучэнцаў.

Удзельнікамі атрадаў становяцца навучэнцы, якія могуць стаць прыкладам для сваіх равеснікаў.

 — З пачатку навучання ў каледжы мы заўважаем творчых, актыўных, адказных юнакоў і дзяўчат з моцнай жыццёвай пазіцыяй, тых, хто не мае шкодных звычак, — расказвае аб вопыце работы Салігорскага дзяржаўнага каледжа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Праходская. — На другім ці трэцім курсе прапануем ім стаць удзельнікамі атрада па наркакантролі. Атрад у нашым каледжы складаецца з 10 чалавек, мае назву “Альтэрнатыва” і імкнецца паказаць навучэнцам, што ёсць цудоўная альтэрнатыва дэструктыўным паводзінам. Паказваюць гэта ўдзельнікі атрада і сваім прыкладам, і разнастайнымі мерапрыемствамі, якія праводзяць.

Падрыхтоўку членаў атрадаў, а таксама іх далейшае суправаджэнне ажыццяўляюць педагогі-кансультанты. Для атрадаўцаў праводзяць шэраг сустрэч і кансультацый з рознымі спецыялістамі. Напрыклад, супрацоўнікі праваахоўных органаў дапамага­юць усвядоміць глыбіню існуючай праблемы, медыцынскія работнікі тлумачаць небяспеч­насць наркатычных рэчываў і механізм фарміравання залежнасці, псіхолагі дапамагаюць знайсці найлепшыя інструменты для таго, каб быць пачутымі.

 — Паглыбляючыся ў гэтую тэму, удзельнікі атрада яшчэ больш заўзята і шчыра бяруцца за справу. Атрад далучаецца да розных мерапрыемстваў, якія плануюцца і право­дзяцца ў каледжы, а таксама атрадаўцы самі ініцыіруюць разнастайныя актыўнасці, — працягвае расказваць Таццяна Мікалаеўна Праходская. — Яны не толькі дзейнічаюць самі, але і прыцягваюць іншых навучэнцаў, якія ў склад атрада не ўваходзяць, асабліва малодшых таварышаў. Самыя актыўныя з іх потым становяцца ўдзельнікамі атрада.

Для падтрымкі дзейнасці атрадаў на абласным узроўні праводзяцца семінары і трэнінгі для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце і кансультантаў. Стаў традыцыйным і праводзіцца штогод абласны збор камандзіраў маладзёжных прафілактычных атрадаў, на якім адбываецца абмен вопытам работы, а таксама ўзнагароджанне лепшых атрадаў.

Атрады на Міншчыне дзейнічаюць актыўна. Так, Аляксандр Скараход, камандзір атрада “Ветразь надзеі” Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, расказвае, што члены атрада ў мінулым годзе бралі ўдзел ва ўсіх спартыўных агульналіцэйскіх, раённых і абласных мерапрыемствах, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця. Выкарыстоўваючы свае веды, яны дапамагалі кіраўнікам вучэбных груп і выхавальнікам інтэрната ў арганізацыі інфармацыйна-выхаваўчых гадзін антынаркатычнага кірунку. Праводзілі круглыя сталы, сустрэчы, гутаркі, дыспуты, дыялогі, ролевыя гульні, адкрытыя мікрафоны.

 Усяго на Міншчыне за 2019 год атрады па наркакантролі правялі 715 мерапрыем­стваў, удзел у якіх узялі больш за 5 тысяч чалавек. Абавязкова ўдзельнікамі мерапрыемстваў становяцца навучэнцы з найбольш уразлівых катэгорый. Так, у мінулым годзе ў розных актыўнасцях былі задзейнічаны 592 непаўналетнія, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа, 155 асоб, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 471 навучэнец з сірочай катэгорыі.

Дзейнасць атрадаў скіравана ў першую чаргу на навучэнцаў установы, дзе дзейнічае атрад, аднак у цэлым аўдыторыя, якой адрасаваны мерапрыемствы, значна шырэйшая — гэта таксама бацькі навучэнцаў, школьнікі, наогул мясцовае насельніцтва.

Такія розныя атрады

Усе атрады працуюць згодна з адзіным палажэннем, мэтамі і задачамі. Аднак кожны з іх асаблівы, шмат у чым адрозніваецца ад іншых. Атрады самі плануюць сваю дзейнасць, падбіраюць метады і прыёмы, якія найбольш адпавядаюць сітуацыі ў іх установе, рэгіёне.

Атрадаўцы добра ведаюць аўдыторыю, з якой працуюць, бо самі з’яўляюцца яе часткай. Таму разумеюць, што калі ўдзельнікам мерапрыемства будзе нецікава або яны не адчуюць шчырага стаўлення, то мерапрыемства не будзе мець сэнсу. Таму ўдзельнікі атрадаў заўсёды ў пошуку эфектыўных форм работы, а часам прыдумваюць іх самі.

Пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў члены атрадаў актыўна выкарыстоўваюць электронныя рэсурсы: сайты ўстаноў адукацыі, сацыяльныя сеткі. Атрад “Перамога” Бярэзінскага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя трэці год запар право­дзіць конкурс постараў-матыватараў “Здаровы лад жыцця”. Праз сацыяльныя сеткі ўдзельнікамі атрада “Ветразь надзеі” з Клецка право­дзіцца форум-акцыя “Моладзь выбірае здароўе”. Юнакі і дзяўчаты з атрада “Неабыякавыя” Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя сумесна са службай СППС праводзяць фотакрос “Жыццё вартае таго, каб жыць!”.

Удзельнікі атрада “Нарка-стоп” Барысаў­скага дзяржаўнага каледжа таксама “прыручылі” сучасныя тэхналогіі. Дапамагаюць папаўняць інфармацыю на сайце каледжа ў рубрыцы “Прафілактыка наркатычнай залежнасці”, ствараюць інфармацыйныя рэсурсы з элементамі тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Творча і па-сучаснаму падышлі да афармлення інфармацыйных стэндаў, якія знаходзяцца ў вучэбным корпусе: з дапамогай QR-кодаў на іх можна вывучаць артыкулы Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях і Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У кожнай вучэбнай групе створана супольнасць у месенджары Viber, у якой кіраўнікі вучэбных груп, выхавальнікі інтэрнатаў размяшчаюць матэрыялы па прафілактыцы. Таксама ў каледжы праводзяцца анлайн-лінейкі і прэс-канферэнцыі ў рэжыме анлайн для інфармавання і прафілактыкі. Таксама ў каледжы працуе кансультацыйны цэнтр “Давер”: па тэлефоне ананімна спецыялісты СППС могуць даць парады навучэнцам і іх бацькам, калі ёсць праблемы, якія тычацца наркатычных рэчываў.

Хоць справу атрады робяць сур’ёзную, аднак знаходзіцца ў іх дзейнасці месца і для гульняў і забаў. Канечне, тэматычных і карысных. Так, у Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым ліцэі праводзяць ролевыя гульні, у Бярэзінскім аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі — гульні-падарожжы. Традыцыйным стала правядзенне цыкла квест-гульняў “Сцяжынкамі здароўя” ў інтэрнаце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. А яшчэ атрад каледжа “Місія” распрацаваў шэраг інтэрактыўных гульняў.

Прафілактыка творчасцю

Цікавай і эфектыўнай у рабоце аказалася тэхналогія “форум-тэатр”. Гэта пацвярджае вопыт работы атрада Салігорскага дзяржаўнага каледжа. У інтэрнаце кале­джа дзейнічае форум-тэатр “Сяброўка”. Форум-тэатр — гэта інтэрактыўны спосаб прафілактыкі распаўсюджаных у маладзёжным асяроддзі сацыяльных праблем. На працягу 15—20 мінут разыгрываецца міні-паказ з некалькімі мізансцэнамі, у якіх ярка паказаны прычыны, якія прыводзяць чалавека да ўжывання наркатычных рэчываў, алкаголю, тытуню або да іншых відаў дэструктыўных паводзін. Часцей за ўсё сітуацыі гэтыя лёгка пазнаць, бо аналагічныя адбываюцца з падлеткамі, іх знаёмымі на вуліцы, у сям’і, ва ўстанове адукацыі. Мізансцэна прыпыняецца стоп-кадрам, і гледачам прапануецца змяніць папярэднюю сітуацыю такім чынам, каб трагедыі ў далейшым не адбылося. З гэтага моманту пачынаецца новая частка спектакля, у якой гледачы становяцца актыўнымі яго ўдзельнікамі. Абмяркоўваючы паводзіны герояў, гледачы атрымліваюць інфармацыю прафілактычнай накіраванасці. Стварэнне форум-тэатра — гэта працаёмкі працэс, які патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі, аднак справа вартая намаганняў, бо моладзі цікавы такі фармат актыўнасці. Ён падштурхоўвае не толькі задумацца над праблемамі, але і пашукаць шляхі іх вырашэння.

Яшчэ адно творчае рашэнне для прафілактычнай работы — вербацім — прапануе атрад Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа пад назвай “Антынаркатычная служба бяспекі”. Вербацім — гэта дакументальны тэатр-спектакль, у аснову сюжэта якога пакладзены рэальныя падзеі, і пастаноўка грунтуецца на рэальных маналогах і пластыцы сапраўдных людзей. Гэта п’еса пра рэальную гісторыю жыцця чалавека, якую практычна даслоўна пераносяць на сцэну. Удзельнікі прафілактычнага атрада пры стварэнні свайго вербаціма ўзяліся за тэму наркаманіі. Для стварэння спектакля акцёры сустракаюцца з людзьмі, якія знаходзіліся ці знаходзяцца ў складанай сітуацыі, бяруць у іх інтэрв’ю, здымаючы гэта на камеру, потым на аснове гэтага матэрыялу ствараюць п’есу, перадаючы не толькі словы, але і жэстыкуляцыю і міміку героя. Вобразы атрымліваюцца настолькі глыбокія, што быццам даюць магчымасць дакрануцца да жыцця чалавека і адчуць, як яно разбураецца. Такія пастаноўкі пакідаюць моцны эмацыянальны след.

Маладзёжныя атрады па наркакантролі — гэта надзейны патруль, які дапамагае змагацца з хлуслівым і бязлітасным ворагам. І гэта патруль надзеі, бо менавіта такія юнакі і дзяўчаты — добрыя, адказныя, ініцыятыўныя — даюць надзею, што аднойчы гэты вораг будзе пераможаны.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановамі адукацыі.