Надзейны тыл Маргарыты

- 15:37Сацыяльны ракурс, Соцыум

Выхавальніца ясляў­сада № 2 Мінска, мнагадзетная маці Маргарыта Міхайлаўна Раўчанка пра лёсавызначальныя моманты свайго жыцця.  

Шчаслівае падзенне

Менавіта так здарылася з юнай Маргарытай. Яна выхо­дзіла з тралейбуса, зачапілася абцасам за прыступку і паляцела ўніз. Раптам чыесьці моцныя рукі падхапілі яе і не дазволілі адбыцца бядзе. Выратавальнікам аказаўся студэнт-першакурснік Ула­дзі­мір, які ехаў на вучобу. Хто б мог падумаць у той момант, што малады чалавек не проста дапамог дзяўчыне, а літаральна злавіў сваё шчасце — праз 4 гады ён стаў мужам Маргарыты. 

— Некаторы час мы проста віталіся, калі сустракаліся ў тралейбусе. А было гэта часта, таму што па гэтым маршруце мы дабіраліся кожны ў свой універсітэт. Я вучылася на гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, а Уладзімір — у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Аднойчы ён набраўся смеласці і спытаў мой нумар тэлефона, пазваніў і запрасіў на спатканне. Адмовіць я не магла, — з усмешкай успамінае Маргарыта Міхайлаўна.

Закаханыя вырашылі згуляць вяселле акурат перад абаронай дыпломаў.  У хуткім часе Ула­дзі­мір па размеркаванні накіраваўся ў сталіцу на першае працоўнае месца, а маладая жонка засталася працаваць на кафедры ўсеагульнай гісторыі ў сваёй навучальнай установе, якую скончыла з чырвоным дыпломам. 

— Любоў да гісторыі ў мяне з самага дзяцінства. У маёй сям’і шмат чыталі, у тым ліку і гістарычных твораў. І мне заўсёды было цікава даведвацца пра па­дзеі, якія адбываліся ў мінулым. Паўплывала на мой прафесійны выбар і любімая настаўніца Жанна Аркадзьеўна Агіевіч, якая выкладала гэты прадмет у школе, — расказвае Маргарыта Міхайлаўна. 

Праз два гады яна пераехала  да Уладзіміра Уладзіміравіча ў Мінск і паступіла на гістарычны факультэт БДУ ў аспірантуру. Праўда, скончыць яе не атрымалася: праз два гады стала мамай. У маладых бацькоў спачатку нарадзілася дачка Софія, а потым Вера. І ў хуткім часе Маргарыта Міхайлаўна нечакана для сябе апынулася ў ліку супрацоўнікаў ясляў-сада № 2. 

Камандны дух

— Такі крок я вымушана была зрабіць, таму што ў Веры была моцная алергія. Я вельмі хвалявалася за яе здароўе і хацела быць побач. Адукацыя дазваляла мне стаць выхавальніцай, і я скарысталася такой магчымасцю. Я ніколі нават уявіць сабе не магла, што буду працаваць у дашкольнай установе. І тым больш дзіўна, што мне вельмі спадабалася працаваць з маленькімі дзеткамі. Я знайшла сябе. Нездарма лю­дзі кажуць: “Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло”, — упэўнена суразмоўніца. 

Для Маргарыты Міхайлаўны сям’я  — гэта месца, дзе ўтульна і спакойна, дзе яна адпачывае душой. Для Уладзіміра Уладзіміравіча, увогуле, сям’я — сэнс жыцця!  

 Ужо 6 гадоў яна застаецца вернай яслям-саду № 2. І нават пераезд у іншы раён горада не стаў нагодай змяніць месца працы.

— У нас вельмі згуртаваны калектыў, у ім пануе сапраўдны каманды дух. Загадчыца Марыя Віктараўна Шындзюк вельмі ініцыятыўная, актыўная і творчая асоба. Мы прымаем удзел у розных конкурсах, флэш-мобах, здымаем відэаролікі, наведваем курсы павышэння кваліфікацыі. Я чалавек даволі сарамлівы, не публічны, а зараз амаль не баюся выходзіць на сцэну. Насычанае жыццё ў дзіцячым са­дзе навучыла хутка мабілізавацца і спраўляцца з рознымі задачамі. Бывае, адчуваеш стомленасць ад такога драйва, але адначасова разумееш, што без гэтага няспыннага руху наперад ужо не зможаш, — запэўнівае выхавальніца. 

Яна адправіла ў школу не ­адзін выпуск. Зараз працуе ў малодшай групе з дзецьмі 3—4 гадоў. 

— Назіраю за імі і дзіву даюся:  такія маленькія і такія па-даросламу разумныя, так умеюць разважаць. Не сорамна прызнацца, што не толькі я іх вучу, але і яны мяне. Перш за ўсё жыццярадаснаму стаўленню да жыцця, бесперапыннай дапытлівасці, ад іх я зараджаюся пазітывам, — кажа Маргарыта Міхайлаўна.

Ёй настолькі падабаецца быць выхавальніцай, што нават не думае пра кар’ерны рост. Бо ў такім выпадку можа страціць галоўнае, за што так любіць сваю работу, — зносіны з дзецьмі. 

Зараз Маргарыта Раўчанка кіруе гуртком “Творчая майстэрня”. З дашкольнікамі яны малююць фарбамі, алоўкамі, лепяць з пластыліну, ствараюць плакаты і невялікія вырабы. 

— Так мяне ўсё гэта захапіла — не магу і не хачу спыняцца. Нават дома імкнуся да творчасці. Зацікавілася стварэннем карцін у тэхніцы алмазная вышыўка. З апошніх работ — карціна Густава Клімта “Пацалунак”. Яна цудоўна дапаўняе інтэр’ер нашай кватэры, — дзеліцца Маргарыта Міхайлаўна. 

Джэк-лабрадор і лапачкі дочкі  

Зараз у сям’і падрастаюць тры дачкі. Самай малодшай Танюшцы — 6 гадоў. Яна ходзіць у той жа садок, дзе працуе мама. 

— Толькі займаецца ў іншай групе. Спачатку нам абедзвюм прыйшлося не вельмі соладка. Падчас прагулкі яна бачыла мяне на суседняй пляцоўцы, плакала і хацела да мяне. Сабраўшы волю ў кулак і стрымліваючы слёзы, я стойка трымалася, каб не дазволіць ёй падысці да мамы. (Усміхаецца.) У гэтым годзе яна пойдзе ў школу, якую наведваюць старэйшыя дочкі і якая знаходзіцца ў тым жа раёне, дзе і садок, — расказвае мая суразмоўніца. 

Самай старэйшай Софіі зараз 12 гадоў. Яна натура творчая, зай­маецца камп’ютарнай графікай. Вера вучыцца ў 5 класе. Бойкая, актыўная дзяўчынка, любіць матэматыку. 

Маргарыта Раўчанка — старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ясляў-сада № 2 Мінска. Разам з загадчыкам вядзе тэлеграм-канал установы. У гэтым годзе стала фіналісткай гарадскога этапу конкурсу “Прафсаюзны лідар”. 

— У кожнай свой характар, свае асаблівасці, да кожнай трэба знайсці падыход. Я, вядома, балую іх, а тата выкарыстоўвае больш строгі падыход у выхаванні. Аднак толькі ў яго хапае цярпення спакойна тлумачыць матэматыку Софіі. Шкада, што дзеці так хутка растуць. Сумую па тым часе, калі яны былі маленькімі. Але, дзякуючы рабоце, у мяне ёсць цудоўная магчы­масць вяртацца ў дзяцінства, — адзна­чае Маргарыта Міхайлаўна. 

Уладзімір Уладзіміравіч доўгі час спадзяваўся, што ў іх дружнай сям’і з’явіцца яшчэ адзін мужчына — народзіцца сын. Магчыма, не губляе надзею і зараз. Сваіх дачок і жонку ён любіць усім сэрцам, плённа працуе дзеля іх дабрабыту. Нягледзячы на адказную пасаду — дырэктара аднаго з прадпрыемстваў Беларускай чыгункі, ён знахо­дзіць час  для блізкіх людзей. І нават пагадзіўся завесці сабаку, аб якім так марыла Софія. 

— Джэк — наш агульны любімчык, прыгожы чорны лабрадор. Дзякуючы яму, мы з мужам адчулі праўдзівасць фразы “У прыроды няма дрэннага надвор’я”. Кожную раніцу ў будні наш тата ідзе гуляць з Джэкам, а ў выхадныя гэтую місію бяру на сябе я, — расказвае мнагадзетная мама. 

Калі ўсё добра ў сям’і, калі ў жанчыны ёсць надзейны муж, для яе няма нічога неадольнага, знойдуцца сілы і на дзяцей, і на любімую работу.

Галоўнае — жаданне

Адразу за шматпавярховым домам, дзе жыве сям’я Раўчанка, пачынаецца лес з высокімі соснамі і елкамі. Калі прайсці ўглыб метраў на 50, трапляеш на лыжаролерную трасу. І тут ужо раздолле для дзяцей — у цёплае надвор’е можна і на самакаце, і на роліках паганяць, чым і займаюцца тры сястры. Іх бацькі разам амаль 20 гадоў. За гэты час у сям’і зарадзіліся пэўныя традыцыі: яны падарожніча­юць па Беларусі, наведваюць розныя гістарычныя месцы, гос­цяць у бабуль і дзядуляў, дапамага­юць ім.

— У выхадны дзень наш тата смажыць бульбу, і гэта цэлы рытуал. Атрымліваецца смачна, да таго ж праходзіць усё весела, таму дзяўчынкі чакаюць гэтую страву з нецярпеннем. У сваю чаргу мы радуем тату дамашняй піцай. Разам гатуем цеста па рэцэпце Ільі Лазерсона. Ула­дзімір бываў у Італіі і кажа, што наша піца не горшая за італьянскую, — смяецца Маргарыта Міхайлаўна. — Мой муж — вельмі адказны і сур’ёзны чалавек. Ведаю, што ніколі не падвядзе ні мяне, ні дзяцей. Для мяне ён — самы надзейны тыл. Бывае, я накручваю сябе, а ён дорыць мне спакой, якога мне часам не хапае. Разам з тым, лічу, што нам удалося стаць раўнапраўнымі партнёрамі, мы навучыліся слухаць і чуць адно аднаго. Мабыць, у гэтым сакрэт нашай шчаслівай сям’і, — разважае Маргарыта Міхайлаўна.

Уладзімір Уладзіміравіч падкрэслівае, што ўдзячны жонцы за яе дабрыню і пяшчоту. Каб пабудаваць шчаслівую сям’ю, неабходна адно — жаданне гэтага дасягнуць. Тады і магчымасці знойдуцца. 

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.