Надзейныя інвестыцыі ў будучыню

- 12:13Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Напярэдадні Дня ведаў лепшыя настаўнікі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі Прыдзвіння разам з прадстаўнікамі камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў аблвыканкама і абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, намеснікамі старшынь і начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў і адміністрацый раёнаў Віцебска абмеркавалі вынікі сумеснай дзейнасці за папярэдні навучальны год і акрэслілі асноўныя напрамкі развіцця сістэмы адукацыі. У канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Волкаў.

На працягу некалькіх гадзін у будынку Віцебскай абласной філармоніі дзейнічала адкрытая інтэрактыўная пляцоўка па абмене перадавым педагагічным вопытам. Удзельнікі вялікага жнівеньскага педсавета з цікавасцю знаёміліся з інавацыйнымі праектамі, актуальнымі метадычнымі распрацоўкамі і мультымедыйнымі прэзентацыямі абласнога інстытута развіцця адукацыі, Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Палаца дзяцей і моладзі, а таксама ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі рэгіёна. Пленарнае пасяджэнне пачалося традыцыйна — з віншавання і ўручэння падарункаў ветэранам педагагічнай працы: 1 верасня — агульнае свята для ўсіх пакаленняў настаўніцтва. Педагогі дружнай авацыяй віталі Міканора Гірсу, Рыгора Сутулу, Леакадзію Аліхвер, Марыю Совіну, Міхаіла Ціву, Марыю Кур’ян, Анатоля Салаўёва, Валерыя Рыжанскага, Соф’ю Фалібога, Аляксандра Штокіна і іх калег — сваіх старэйшых сяброў і мудрых дарадцаў, якія на працягу доўгіх гадоў былі і застаюцца для нас прыкладам сапраўднага прафесіяналізму, самаадданай працы, творчага пошуку і значных дасягненняў у галіне адукацыі.
Канструктыўная і прынцыповая ацэнка вынікаў работы ўсіх узроўняў сістэмы адукацыі рэгіёна прагучала ў дакладзе начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Івана Шчурка “Якасная адукацыя — надзейныя інвестыцыі ў будучыню”. Асноўнымі задачамі на 2013/2014 навучальны год былі вызначаны павышэнне якасці і эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці органаў кіравання і ўстаноў адукацыі. Разгорнуты аналіз статыстычных даных, прыведзены ў выступленні Івана Антонавіча, пераканаўча сведчыць аб паспяховым выкананні пастаўленых задач. Мінулы навучальны год на Віцебшчыне быў аб’яўлены Годам дашкольнай адукацыі. На сёння 77,5 працэнтаў з 61 тысячы дзяцей ад 1 года да 6 наведваюць установы дашкольнай адукацыі — гэта трэці вынік па рэспубліцы. У вобласці адзін з самых нізкіх у краіне паказчыкаў дзіцячых захворванняў: дзецьмі прапушчана па хваробе 4,9 дня (рэспубліканскі паказчык — 5,6). Удвая зменшылася колькасць траўм, атрыманых выхаванцамі дзіцячых садоў. Забяспечанасць месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі па рэгіёне складае 111 працэнтаў; за 2013/2014 навучальны год у значнай ступені была вырашана праблема дэфіцыту месцаў у мікрараёнах-новабудоўлях. Рэгіён у поўным аб’ёме выканаў мерапрыемствы праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі. Прайшлі ўкараненне 178 новых форм дашкольнай адукацыі, адкрыта 7 інавацыйных рэспубліканскіх пляцовак, у тым ліку дзве — у сельскай мясцовасці, рэалізуецца 24 рэгіянальныя праекты. У сістэме дашкольнай адукацыі Віцебшчыны 56 працэнтаў педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, 21 працэнт педагогаў — вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Разам з тым адной з найважнейшых задач на наступны год застаецца павелічэнне колькасці педагогаў з профільнай вышэйшай (дашкольнай) адукацыяй. Пытанне паступова вырашаецца за кошт арганізацыі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў з адпаведнай кваліфікацыяй на базе ВДУ імя П.М.Машэрава. У наступным навучальным годзе ўзаемадзеянне паміж аддзеламі адукацыі і профільнымі УВА плануецца яшчэ больш актывізаваць. Па выніках года Іван Шчурок выказаў асобную падзяку калектывам устаноў і работнікам органаў кіравання адукацыяй Віцебска, Наваполацка, Полацка, Браслаўскага, Аршанскага, Чашніцкага, Талачынскага, Верхнядзвінскага раёнаў за работу па стварэнні сучаснага прадметна-гульнявога развіццёвага асяроддзя і якасць адукацыйнага працэсу ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі; Бешанковіцкага, Лепельскага, Глыбоцкага, Ушацкага, Докшыцкага, Шумілінскага, Расонскага, Гарадоцкага, Дубровенскага, Мёрскага, Пастаўскага і Лёзненскага раёнаў — за ўзорную арганізацыю здароўезберагальнага асяроддзя; Віцебскага, Сенненскага і Шаркаўшчынскага раёнаў, Віцебска, Оршы, Наваполацка і Полацка — за развіццё інавацый і праектнай дзейнасці ў сферы дашкольнай адукацыі.
Што тычыцца работы рэгіянальнай сістэмы адукацыі ў цэлым, то і тут ёсць усе падставы канстатаваць устойлівую тэндэнцыю да росту якасных паказчыкаў. У вобласці створана аптымальная адукацыйная сетка, якая адпавядае запытам дзяцей і іх бацькоў, паслядоўна вырашаюцца пытанні інфарматызацыі працэсаў навучання і кіравання, арганізавана бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў, у адпаведнасці з запытамі сучаснай вытворчасці на прынцыпова новы ўзровень развіцця пераходзіць сістэма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі рабочых кадраў і кадраў сярэдняга звяна. Эфектыўна ўкараняюцца інавацыі, шэраг устаноў адукацыі з’яўляецца рэспубліканскімі эксперыментальнымі пляцоўкамі. Прадстаўнікі паўночнага рэгіёна традыцыйна становяцца прызёрамі і пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый, спаборніцтваў. Пільная ўвага на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі ўдзяляецца развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы. Бюджэт галіны склаў 3,7 трыльёны рублёў — гэта 26 працэнтаў бюджэту вобласці. На мінулы навучальны год толькі на фінансаванне выдаткаў па правядзенні бягучых і капітальных рамонтаў былі запланаваны асігнаванні ў суме 151,6 мільярда рублёў, большая частка з якіх асвоена. Вельмі многае зрабілі і самі педагагічныя калектывы. Як вынік — сёння пашпарты гатоўнасці практычна ўсіх устаноў адукацыі вобласці падпісаны. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці за студзень-ліпень бягучага года склалі 64,9 мільярда рублёў, у тым ліку па ўстановах абласнога падпарадкавання — 33,5 і па раённых і гарадскіх аддзелах адукацыі — 31,4 мільярда, ці 135 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2013 года. За той жа перыяд ад шэфскіх і базавых прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, спонсараў, апякунскіх саветаў на развіццё ўстаноў адукацыі накіравана 12,4 мільярда рублёў (у 2013-м — адпаведна 9). Рэгіянальнай інвестыцыйнай праграмай на будаўніцтва 9 аб’ектаў было прадугледжана выдзяленне больш як 59 мільярдаў рублёў, у тым ліку 2,5 мільярда — з рэспубліканскага і 57 — з мясцовага бюджэту. Уведзены ў эксплуатацыю дзіцячыя сады ў Полацку і Віцебску, на стадыі завяршэння будаўніцтва спальнага корпуса на 200 месцаў з харчаблокам для Віцебскага кадэцкага вучылішча. Да канца года мяркуецца адзначыць яшчэ некалькі наваселляў: адкрыюцца 2 жылыя дамы для сем’яў, якія ажыццяўляюць выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у гарадскіх пасёлках Расоны і Шаркаўшчына, а таксама ў Віцебскім, Полацкім, Расонскім раёнах і Оршы — тут іх узвядзенне вядзецца за кошт сродкаў спонсараў, банкаў Рэспублікі Беларусь. Працягваецца будаўніцтва дашкольных устаноў у Оршы і Аршанскім раёне, ясляў-сада — пачатковай школы ў Наваполацку, базавай школы на 120 месцаў у Літусове Сенненскага раёна. У перспектыве новыя ўстановы дашкольнай адукацыі з’явяцца ў Віцебску, Оршы, Полацку, Глыбокім, Лёзне, Лепелі; школы — у мікрараёнах-новабудоўлях Віцебска, Оршы, Полацка і Наваполацка. У рэгіёне паэтапна і ўзважана вырашаюцца пытанні аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, працаўладкавання работнікаў і праезду дзяцей да месца вучобы. Працягваюцца абсталяванне навучальных устаноў камп’ютарнай тэхнікай і сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання, рамонты кацельных і нарыхтоўка паліва да ацяпляльнага сезона. Установы адукацыі вобласці поўнасцю ўкамплектаваны кадрамі і забяспечаны падручнікамі.
— Кожнаму педагогу ў яго рабоце заўсёды трэба памятаць: задачы, пастаўленыя перад галіной, вызначаюць будучыню нашай краіны. І ў маленькай сельскай, і ў буйной гарадской школы агульная мэта: забяспечыць якасную адукацыю кожнаму вучню, сфарміраваць правільную грамадзянскую пазіцыю, сістэму духоўных і маральных каштоўнасцей, развіваць таленты дзяцей. Веды, уменні і навыкі, творчы патэнцыял чалавека, яго здольнасць распрацоўваць і эфектыўна ўкараняць інавацыйныя ідэі з’яўляюцца найважнейшым рэсурсам сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства. Мы павінны па-дзяржаўнаму і па-чалавечы думаць аб далейшых перспектывах удасканальвання адукацыйнага працэсу з улікам яго эканамічнай эфектыўнасці. Гэта не абстрактныя высокія словы, а тое, без чаго не можа пражыць ні адно грамадства, — адзначыў Іван Шчурок і прапанаваў аб’явіць 2014/2015 год у Віцебскай вобласці Годам якасці адукацыі.
Адукацыйны і кваліфікацыйны патэнцыял педагогаў рэгіёна безумоўна высокі. Напрыклад, першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 79,1 працэнта настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — годны арыенцір для 650 маладых спецыялістаў, якія 1 верасня прыйдуць у школьныя аўдыторыі. Скарбонка перадавога вопыту штогод папаўняецца новымі метадычнымі распрацоўкамі і праектамі. Пра іх расказалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Юлія Бутар, загадчыца ясляў-сада № 28 Наваполацка Вера Сомер, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Забалоцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Талачынскага раёна Таццяна Малашкевіч, дырэктар сярэдняй школы № 11 Віцебска Нэлі Абярэмак, дырэктар Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці Ірына Кісялёва.
З надыходзячым Днём ведаў педагогаў Віцебшчыны павіншавалі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Волкаў і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык. У кантэксце тэматыкі канферэнцыі Міхаіл Волкаў засяродзіў увагу на некаторых актуальных праблемах павышэння якасці адукацыі. У прыватнасці, Міхаіл Мікалаевіч выступіў з абгрунтаванай крытыкай вучэбных праграм і падручнікаў па асобных прадметах, арганізацыі выкладання методыкі ў профільных УВА і прафесійнай перападрыхтоўкі, а таксама выказаў шэраг слушных заўваг па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу на ўсіх яго ўзроўнях.
Віктар Якжык падтрымаў намер аб’явіць наступны год на Віцебшчыне Годам якасці адукацыі і падкрэсліў значэнне выхаваўчай работы.
— Адказнасць за выхаванне падрастаючага пакалення — традыцыйная і ключавая задача настаўніка. Аб неабходнасці сканцэнтраваць агульныя намаганні на рабоце ў гэтым напрамку сёння гаворыць многае, і не ў апошнюю чаргу — знешнепалітычная сітуацыя, — звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі Віктар Віктаравіч. — У год юбілею Вялікай Перамогі мы павінны максімальна эфектыўна арганізаваць сістэму мерапрыемстваў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, прапагандзе дасягненняў суверэннай Беларусі. Упэўнены, што дысцыпліна сярод навучэнцаў і выкладчыкаў ва ўстанове адукацыі — абавязковая ўмова якаснай выхаваўчай работы. Трэба максімальна эфектыўна рэагаваць на выклікі часу, у тым ліку на такую праблему, як распаўсюджванне спайсаў і курыльных сумесей. Менавіта сістэма адукацыі павінна стаць барометрам, які адчувае негатыўныя з’явы і дазваляе своечасова прыняць комплексныя меры па вырашэнні той ці іншай праблемы, сфарміраваць адпаведную грамадскую думку. Другі не менш важны момант — рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, паварот у бок эканомікі ўсіх сегментаў сістэмы адукацыі. Віцебшчына мае ў гэтым плане вялікі патэнцыял, і яго неабходна рэалізаваць.
Напярэдадні Дня ведаў вялікая група работнікаў адукацыі вобласці была адзначана ўзнагародамі. Пачатак навучальнага года стаў падвойным святам для намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Аліны Будзько, дырэктара Матырынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна Надзеі Галай, настаўніка фізікі і астраноміі Верхнядзвінскай гімназіі Леаніда Паўлючонка, дырэктара сярэдняй школы № 40 Віцебска Алы Калеснік, якім падчас канферэнцыі быў урачыста ўручаны нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. Педагогі рэгіёна, якія паказалі лепшыя вынікі ў мінулым навучальным годзе, былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.