Надзея, гонар і павага

- 16:19Адукацыйная прастора

Адкрыты дыялог “Канстытуцыя — сіла Асноўнага закона” прайшоў у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога.

Доктар сацыялагічных навук прафесар Віктар Кірыенка расказаў пра вынікі даследавання сацыялагічнай лабараторыі ўніверсітэта. Дарэчы, у ёй на працягу 12 гадоў вывучаецца сацыяльнае самаадчуванне жыхароў Гомельскай вобласці.

У даследаванні прынялі ўдзел 1190 рэспандэнтаў. Іх пол, узрост, сацыяльны статус і месца жыхарства прапарцыянальна адлюстроўва­юць крытэрыі ўсёй генеральнай сукупнасці жыхароў Гомельскай вобласці. Апытанне, праведзенае ў лістападзе, уключала ў тым ліку пытанні пра хуткі рэферэндум: у рэспандэнтаў спыталі, ці маюць намер яны ўдзельні­чаць у гэтай важнай палітычнай падзеі.

— Не менш як 64% апытаных заявілі, што прымуць удзел у галасаванні, — адзначыў Віктар Кірыенка. — Астатнія, хто яшчэ не прыняў рашэнне, — гэта грамадзяне, для якіх і працуюць дыялогавыя пляцоўкі, дзе падрабязна растлумачваецца праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі.

Таксама, паводле апытання, 62% жыхароў Гомельскай вобласці лі­чаць сябе патрыётамі. Па меркаванні рэспандэнтаў, якія адзначылі гэтую якасць, гэта азначае адчуваць сябе часткай сваёй краіны, лю­біць яе прыроду і паважаць продкаў. Меншай папулярнасцю карысталіся варыянты адказаў “няўхільна выкон­ваць заканадаўства” і “плаціць падаткі”.

— Улічваючы, што мінулы 2021 год быў Годам народнага адзін­ства, падчас даследавання мы спыталі таксама, якія фактары, па меркаванні нашых рэспандэнтаў, у самай вялікай ступені спрыяюць згуртаванню грамадзян. І большасць выбрала варыянт “Стварэнне ўмоў для будучыні сваіх дзяцей”. На мой погляд, гэта вельмі важны і адчувальны паказчык. Таму што калі людзі хочуць ствараць будучыню для дзяцей, гэта значыць, яны адчуваюць сябе камфортна на сваёй зямлі.

На другім месцы сярод адказаў: агульная гісторыя, культура, традыцыі. Арганізатары даследавання спыталі ва ўдзельнікаў апытання і пра тое, што яны адчуваюць, калі гавораць пра сучасную Беларусь. Рэйтынг узначаліў такі адказ, як “надзея”. Следам за ёй у топ адказаў увайшлі “гонар”, “павага” і “давер”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.