Нага ў нагу, кадэцкім маршам…

- 12:01Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У аўторак Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” ўрачыстым парадам удзельнікаў грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”, яркім канцэртам, цёплымі словамі ганаровых гасцей вітаў Дзень Саюзнай дзяржавы.

Правядзенне ўрачыстага дня, як, дарэчы, і правядзенне грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены “За гонар Айчыны”, з’яўляецца добрай традыцыяй. Менавіта кадэцкая змена на працягу ўжо васьмі гадоў адкрывае “зубраняцкі” навучальны год. На бераг Нарачы з розных куточкаў Беларусі і Расіі прыязджаюць навучэнцы кадэцкіх школ, карпусоў, вучылішчаў, ваенна-патрыятычных класаў, каб не толькі паказаць сваю выпраўку, уменне дакладна маршыраваць на пляцы, ваенныя навыкі, але і абмяняцца вопытам з равеснікамі і, канечне, знайсці новых сяброў. Сёлета Нарачанскі край сустракаў удзельнікаў 21 дэлегацыі з Беларусі і столькі ж з Расіі, усяго 504 чалавекі.
— Традыцыя правядзення грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены нарадзілася дзякуючы Парламенцкаму сходу, Пастаяннаму Камітэту Саюзнай дзяржавы. Асаблівая падзяка старшыні рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатолю Мікалаевічу Новікаву, які першым прапанаваў ідэю правядзення падобнай змены. Хачу падзякаваць кіраўніцтву кадэцкіх карпусоў, кадэцкіх вучылішчаў за падрыхтоўку сваіх выхаванцаў, дзякуй за жаданне быць сапраўдным патрыётам сваёй краіны. Умацоўвайце і працягвайце слаўныя традыцыі нашых продкаў, — адзначыла на святочным канцэрце дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева.
Пра важнасць правядзення змены, пра яе сімвалічнасць у юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі гаварылі і ганаровыя госці — прадстаўнікі міністэрстваў абароны і адукацыі, дэпутаты Парламенцкага сходу, Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы. Так, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Аляксандр Мікалаевіч Гура адзначыў важнасць таго, што ўдзельнікі змены не толькі знаёмяцца, сябруюць, але і атрымліваюць духоўны зарад на зямлі, якая прапітана крывёй абаронцаў Айчыны, гераічнага пакалення нашых прадзедаў, якія адстаялі гонар Бацькаўшчыны. Таму важна не толькі захоўваць гэтую памяць у сваіх сэрцах, але і ўмець яе заўсёды і ва ўсім адстойваць.

— Кожная змена ў “Зубраняці” — гэта вынік вялікай працы ўсяго калектыву цэнтра. Гэта тая ўстанова, якая шмат робіць у грамадзянска-патрыятычным станаўленні падрастаючага пакалення. Гэта ўстанова, якая можа з’яўляцца намінантам за духоўнае адраджэнне ўсіх конкурсаў, якія праводзяцца ў краіне, — справядліва адзначыла начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Марыя Аляксандраўна Саротнік.
Праграмай змены прадугледжаны творчыя конкурсы, кадэцкі баль, ваенна-спартыўныя спаборніцтвы, знаёмства з сучасным станам Узброеных Сіл, заняткі па праграме аб’яднання па інтарэсах “Школа юнага абаронцы Айчыны”, экскурсіі па беларускай сталіцы, у Мір, Нясвіж, а таксама правядзенне сустрэч, круглых сталоў, дыспутаў. Менавіта адзін з такіх круглых сталоў і быў арганізаваны ў Дзень Саюзнай дзяржавы, дзе кіраўнікі дэлегацый, навучэнцы абменьваліся вопытам работы, выказвалі прапановы, шукалі шляхі ўдасканалення кадэцкага руху, закранулі разнастайныя аспекты, асаблівасці, праблемы кадэцкага выхавання. Гэта быў своеасаблівы дыялог, у працэсе якога вызначаны перспектывы развіцця кадэцтва.
Умоўна выступленні ўдзельнікаў круглага стала можна падзяліць на тры часткі: аповед пра традыцыі развіцця кадэцкага руху ў сваім рэгіёне, выказванне прапаноў і адказы на пытанні. Не сакрэт, што ў ваенных акадэміях, вучылішчах адзначаюць добрую агульнаадукацыйную падрыхтоўку, высокую культуру, старанныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў, дысцыплінаванасць, валявыя якасці не толькі ў выпускнікоў кадэцкіх вучылішчаў, але і навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў агульнаадукацыйных устаноў. Вопытам работы такіх класаў Рэспублікі Беларусь на прыкладзе вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” № 12 Магілёва падзяліўся Віктар Аляксандравіч Цімафееў. У сваім выступленні ён закрануў праблемы дзейнасці ваенна-патрыятычных класаў. У пачатку Віктар Аляксандравіч нагадаў пра тое, што першыя класы з ваенна-патрыятычным выхаваннем навучэнцаў у нашай дзяржаве былі створаны ў 1997 годзе ў Старых Дарогах і Нясвіжы Мінскай вобласці. У 12-й школе Магілёва падобныя класы дзейнічаюць з 2005 года. За гэты час было выпушчана 220 навучэнцаў. Асноўная мэта класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці — выхаваць абаронцу Айчыны, што адбываецца праз узаемадзеянне з ветэранскімі арганізацыямі, воінскімі часцямі.

Паглыбленае вывучэнне прадмета “Дапрызыўная падрыхтоўка” ў ваенна-патрыятычных класах праз павелічэнне колькасці гадзін, тым самым павелічэнне колькасці заняткаў на вывучэнне страявой падрыхтоўкі і агульнавайсковых статутаў, закона воінскай службы; фінансаванне ваенна-патрыятычных класаў з боку дзяржавы; больш актыўная дзейнасць ваенна-патрыятычных класаў па выхаванні цяжкіх падлеткаў — менавіта гэтыя прапановы выказаў Віктар Аляксандравіч Цімафееў, прыкладна на гэтым акцэнтавалі сваю ўвагу і іншыя ўдзельнікі круглага стала.
Восьмы год запар стромкія нарачанскія сосны з цікавасцю сочаць за тым, як кадэты ў прыгожай параднай форме напаўняюць цэнтральную “зубраняцкую” алею, як вецер трапеча рознакаляровыя сцягі, як потым пад гукі ваеннага аркестра хлопцы і дзяўчаты праходзяць “нага ў нагу” страявым маршам па параднай плошчы, як над рознакаляровымі фуражкамі гучаць каманды. Што ж, можна толькі па-добраму пазайздросціць юным кадэтам, якія на працягу трох тыдняў не толькі выдатна адпачнуць і знойдуць сяброў, а чарговы раз пераканаюцца, наколькі гэта пачэсна і ганарова — быць кадэтам.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.