Наглядальнікаў азнаёмілі з выбарчым заканадаўствам

- 10:26Выбары 2015

Сустрэча папярэдняй місіі ПАСЕ са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай і сакратаром гэтай камісіі Мікалаем Лазавіком адбылася днямі ў ЦВК.

Мікалай Лазавік лічыць, што сустрэча кіраўніцтва ЦВК з наглядальнікамі ПАСЕ стала размовай зацікаўленых людзей.
“У мяне асабіста склалася меркаванне, што гэтая сустрэча мела не дзяжурны, пратакольны, характар, а сапраўды зацікаўлена-дзелавы. Нашы госці цікавіліся структурай Цэнтральнай выбарчай камісіі, яе статусам. Іх цікавілі пытанні паўнамоцтваў ЦВК”, — расказаў Мікалай Лазавік. Таксама наглядальнікі пыталіся пра тое, якія арганізацыйныя і юрыдычныя магчымасці мае камісія для забеспячэння законнасці выбарчага працэсу. “Асабліва ставілася пытанне аб забеспячэнні аднолькавых правоў усіх удзельнікаў выбарчага працэсу”, — дадаў Мікалай Лазавік.
Кіраўнік ЦВК азнаёміла дэлегацыю з тым, як праходзіць бягучая кампанія, з асноўнымі палажэннямі выбарчага заканадаўства. “А ўжо ў канкрэтызуючых пытаннях госці ўдакладнілі працэдуру вылучэння кандыдатаў, працэдуру збору і праверкі подпісаў”, — сказаў сакратар Цэнтрвыбаркама. Акрамя таго, прадстаўнікі ПАСЕ цікавіліся тым, наколькі поўную інфармацыю аб выбарах атрымлівае насельніцтва, з якіх крыніц, якія спосабы данясення інфармацыі аб выбарах у цэлым выкарыстоўваюцца ў краіне.
Было зададзена пытанне і наконт новаўвядзенняў бягучай кампаніі. Яно датычылася момантаў не толькі заканадаўчага, але і тэхнічнага характару, напрыклад, прымянення празрыстых урнаў.
Наглядальнікі дэталёва вывучылі і саму працэдуру галасавання. У тым ліку размова ішла аб спісах выбаршчыкаў, механізмах прадухілення двайнога галасавання.
Папярэднюю місію ПАСЕ ўзначаліў турэцкі дэпутат Рэха Дэнемеч. У яе таксама ўвайшлі: дакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні (Італія), Ёнас Гунарсан (Швецыя), Андрэй Хунка (Германія), прадстаўнікі сакратарыята ПАСЕ, у тым ліку Соня Сіртары-Мільнер — кіраўнік офіса генеральнага сакратара ПАСЕ.