Наглядна, інтэрактыўна, запамінальна

V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку” стала для педагогаў інтэрактыўнай пляцоўкай для абмену вопытам, дэманстрацыі магчымасцей выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, аўтарскіх знаходак.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 111 Мінска Людміла Аляксееўна Вароніна сярод шматлікіх спосабаў павышэння матывацыі малодшых школьнікаў да вучобы і для фарміравання іх камунікатыўнай кампетэнцыі прымяняе лічбавы STORYTELLING, альбо трансляцыю гісторый. Яго перавага ў тым, што ён не патрабуе асаблівых выдаткаў і можа быць выкарыстаны ў любым месцы і ў любы час. Для стварэння лічбавага апавядання вучням патрабуецца дакладна абдумаць тэму, напісаць сцэнарый, адрэдагаваць яго, падрыхтавацца да публічнага выступлення ці запісаць свой голас для агучвання. Стварэнне эмацыянальнага і дынамічнага лічбавага апавядання з дакладна выверанымі па даўжыні фармулёўкамі, якія спалучаюць у сабе візуальны, вобразны, музычны і слоўны складнікі, патрабуе немалых намаганняў, шматлікіх спроб агучыць апавяданне.

Л.А.Вароніна лічыць мэтазгодным выкарыстоўваць сторытэлінг у рабоце з малодшымі школьнікамі, аднак пры гэтым важна зразумець сваіх навучэнцаў, а потым знайсці гісторыі, якія адпавядаюць іх патрэбам. Асаблівую ўвагу прыцяг­ваюць у дзяцей гісторыі са што­дзённага жыцця. Пры гэтым настаўніца знаёміць школьнікаў не толькі з гатовымі гісторыямі, але і дае ім магчымасць ствараць і расказваць свае легенды, аповесці і г.д. Для кожнага чалавека важна набыць навык расказвання сваёй гісторыі перад аўдыторыяй, каб мець магчымасць бачыць яе рэакцыю.

Лічбавы сторытэлінг можа быць рэалізаваны ў розных фарматах: у выглядзе відэароліка, прэзентацыі, НТМL-старонак з мультымедыйным кантэнтам, сэрвісаў для стварэння 3D-кніг анлайн. Невыпадкова да­дзены метад выкарыстоўваецца настаўніцай на занятках па курсе “Мая Радзіма — Беларусь”. З пачатку года малодшымі школьнікамі былі скла­дзены гісторыі “Адкуль пайшлі беларусы”, “Што такое гістарычная карта?”, “Легенды пра рэкі і азёры Беларусі”. Стварэнне апавяданняў на роднай мове садзейнічае фарміраванню медыякампетэнтнасці навучэнцаў, вучыць прымяняць інструменты ІКТ для вырашэння камунікатыўных задач.

Актыўна выкарыстоўвае ІКТ пры падрыхтоўцы навучэнцаў да лабараторных работ па фізіцы настаўніца фізікі гімназіі № 40 Мінска Алена Уладзіміраўна Процак. У “Віртуальным кабінеце фізікі” на сайце педагога адкрыты інтэрактыўны памочнік для падрыхтоўкі навучэнцаў да лабараторных работ. Дадзены інтэрнэт-рэсурс змяшчае набор блокаў да кожнай лабараторнай работы па курсе фізікі за 7—9 класы: блок навучання правілам бяспечных паводзін, блок азнаямлення з прыборамі, устаноўкамі і схемамі, блок тэарэтычнай падрыхтоўкі і блок самакантролю. Першы блок уключае відэаўрокі, буклеты, правілы бяспечных паводзін падчас лабараторных работ. Другі блок — гэта азнаямленне з прыборамі, устаноўкамі і схемамі. Прыступаючы да выканання лабараторных работ, навучэнцам неабходна ведаць прызначэнне прыбораў і прылад у адпаведнасці з іх тэхнічнымі характарыстыкамі, а таксама вывучыць уста­ноўку. Для гэтага ў адпаведным блоку прадстаўлены малюнкі, схемы, чарцяжы абсталявання і ўстановак. Блок тэарэтычнай падрыхтоўкі змяшчае відэаінструкцыю аб паэтапным выкананні работы, а таксама тэарэтычны матэ­рыял. Педагог асаблівую ўвагу ўдзяляе разуменню навучэнцамі фізічнай сутнасці працэсу. Для самакантролю падчас падрыхтоўкі да работы створаны блок “Правер сябе” ў выглядзе тэста, распрацаванага з прымяненнем воблачных тэхналогій Google-формы. Тэст змяшчае 10 пытанняў рознага кшталту з варыянтамі адказаў. Адказы навучэнцаў аўтаматычна апрацоўваюцца сістэмай і адпраўляюцца настаўніку ў выглядзе справаздачы, дзякуючы чаму ён валодае інфармацыяй аб узроўні падрыхтоўкі навучэнцаў да лабараторнай работы. Па меркаванні А.У.Процак, выкарыстанне інтэрактыўнага памочніка дазваляе павысіць пазнавальную актыў­насць школьнікаў, што робіць навучанне больш эфектыўным.

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 4 Мінска Наталля Георгіеўна Русак працуе з падкастамі. Падкасты — від сацыяльнага сэрвісу, які дазваляе праслухоўваць, праглядаць, ствараць і распаўсюдж­ваць аўдыя- і відэаролікі ў інтэрнэце. Пры дапамозе сістэмы падкастынгу ў вучняў развіваюцца навыкі маналагічнага маўлення, аўдзіравання, пісьмовая мова. Праслухоўваючы падкасты, школьнікі знаёмяцца з тэкстам, аналізуюць яго змест, выказваюць сваё меркаванне аб праслуханым. А сёлета выхаванцы настаўніцы сталі самі ствараць падкасты. Гэта замяніла стандартнае выкананне праектаў напрыканцы вывучанай тэмы. Такая работа вельмі захапіла дзяцей, яны больш працуюць самастойна, шукаюць матэрыял і запісваюць падкасты.

Стварэнне падкастаў і размяшчэнне іх у інтэрнэце ўключае наступныя этапы: вызначэнне тэмы і складанне яго зместу, прэзентацыя падкаста на ўроку, праслухоўванне відэароліка настаўнікам і дзецьмі. Падчас праслухоўвання выконваюцца заданні ў залежнасці ад тэматыкі і праблематыкі падкастаў. Вучні абмяркоўваюць пачутае, а на заключным этапе выказваюць сваё меркаванне, разыгрываюць дыялог ці выконва­юць пісьмовую работу, якая заснавана на праблематыцы падкаста.

Як адзначае настаўніца, самастойнае праслухоўванне падкаста адрозніваецца ад стандартнага праслухоўвання на ўроку, бо перш за ўсё няма абмежаванняў у часе. Навучэнец можа праслухаць пэўны падкаст столькі разоў, колькі яму неабходна для таго, каб зразумець яго і з лёгкасцю выказаць сваё меркаванне, не баючыся зрабіць памылку.

Падчас такой работы развіваюцца навыкі маўлення, апрацоўваецца граматычны матэрыял, здымаецца моўны бар’ер. Падкасты прадастаўляюць навучэнцам свабоду творчасці. Іх можна напоўніць фотаздымкамі і відэаролікамі па выбранай тэме.

Сродкам павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу для настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 38 Мінска Настассі Мікалаеўны Жукавец з’яўляюцца інтэрактыўныя метады. Сярод іх — метад навучання з выкарыстаннем модуляў сістэмы LearningApps.org (дадатку Web 2.0 для падтрымкі навучання і выкладання пры дапамозе інтэрактыўных модуляў). Гэты сэрвіс дапамагае педагогу складаць уласныя заданні рознага тыпу (віктарыны, гульні “Скокі”, “Хто хоча с­таць мільянерам?”, тэсты) за невялікі час. Платформа змяшчае дзясяткі тысяч гатовых заданняў, якія таксама выкарыстоўваюцца на ўроку.

Метад навучання з выкарыстаннем сэрвісу ExamTime прадстаўляе магчымасць выканання адразу некалькіх задач. Па-першае, магчыма стварэнне спецыяльных інтэрактыўных флэш-карт, пры дапамозе якіх у гульнявой форме можна азнаёміць навучэнцаў з новымі словамі, цяжкімі для запамінання, ці іншамоўнай лексікай. Таксама сэрвіс дазваляе ствараць апорныя схемы, якія могуць быць не толькі сродкам сціскання тэарэтычнага матэрыялу і потым служыць для вуснага адказу, але і могуць выступаць спосабам праверкі засваення вывучанага. Сэрвіс WikiWall дапамагае ствараць сумесныя анлайн-насценгазеты. Настаўніца выкарыстоўвае яго на этапе падвя­дзення вынікаў па пэўным раздзеле ці тэме (ствараюцца газеты “Марфемы ў рускай мове”, “Што я ведаю аб дзеяслове?”). Прымяненне сэрвісу Wordle.net дазваляее ствараць з набору слоў воблакі рознай канфігурацыі. Напрыклад, педагог прапаноўвае вучням з воблака слоў вы­браць толькі дзеепрыметнікі ці знайсці ў воблаку словы з арфаграфічнай памылкай. Пры дапамозе інтэрактыўнага сэрвісу Kahoot можна за некалькі хвілін правесці ў цікавай форме апытанне ўсяго класа з адначасовым правя­дзеннем кантрольна-ацэначнай работы. Падчас выкарыстання дадзенага сэрвісу на экране навучэнцам прапаноўваецца азнаёміцца з пытаннем, а на тэлефонах дзяцей з’яўляюцца варыянты адказаў.

Выкарыстоўвае Н.М.Жукавец і сэрвіс MindMaps, прызначаны для стварэння інтэлектуальных карт. Яны часцей за ўсё неабходны пры сістэматызацыі вялікай колькасці інфармацыі і яе прадстаўлення ў цікавай графічнай форме. Такія карты ствараюцца часцей на абагульняльных уроках “Дзеяслоў: абагульненне вывучанага”, “Словазлучэнне”, “Тэкст: паўтарэнне”.

Сістэматычнае выкарыстанне педагогам інтэрактыўных метадаў навучання садзейнічае высокай ступені матывацыі, дазваляе навучэнцам праяўляць творчыя здольнасці, адначасова выконваючы адукацыйныя задачы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.