“Нагляднасць у выкладанні геаграфіі” — прачытала загаловак на старонцы “Настаўніцкай газеты” за 8 жніўня 1946 года і падумала, што праблемы нагляднасці — “класіка жанру”, бо заўсёды нечага не хапае. Увесь час з’яўляюцца новыя метадычныя магчымасці і прыстасаванні. Час не стаіць на месцы, таму стала вельмі цікава параўнаць, што ж хвалявала метадыстаў у далёкім 1946 годзе і што мы маем на сённяшні дзень.
Сёння карысць ад выкарыстання нагляднасці на ўроку геаграфіі відавочная кожнаму настаўніку: яна дае магчымасць засяродзіцца на галоўным, дапамагае стварыць стрыжань тэмы, якая вывучаецца, а гэта спрыяе трываламу засваенню і запамінанню вучэбнага матэрыялу, з’яўляецца адным з найважнейшых метадычных прыёмаў засваення і замацавання геаграфічных ведаў.
Акрамя таго, наглядныя вобразы ў геаграфіі маюць вялікае самастойнае значэнне. Вучні адрозніваюць па знешнім выглядзе прадметы, розныя мясцовасці, прыродныя і эканамічныя з’явы (напрыклад, на макетах, картах). Разам з тым сёння шмат гаворыцца пра тое, што на аснове яркіх і жывых вобразаў працэс мыслення працякае больш актыўна.
Калі гаварыць пра сучасную нагляднасць на ўроках геаграфіі, то яна вельмі разнастайная. Першымі на памяць прыходзяць вучэбныя геаграфічныя карты (дазваляюць навучэнцам замяніць непасрэднае вывучэнне краін і іншых тэрыторый на паверхні Зямлі, дапамагаюць узнавіць вобразы тэрыторый, якія вывучаюцца, з іх асноўнымі характэрнымі рысамі), а таксама глобус (валодае той неацэннай перавагай перад картамі, што, захоўваючы падабенства формы Зямлі, перадае абрысы яе паверхні ў нескажоным выглядзе).
Працягвае ланцужок нагляднасці падручнік па геаграфіі (тут спалучаюцца прыёмы работы са словам (тэкст падручніка), картаграфічнымі і статыстычнымі матэрыяламі, схемамі, малюнкамі, фатаграфіямі і г.д). Далей ідуць табліцы, схемы, профілі і разрэзы (форма графічных ілюстрацый, якая адлюстроўвае ўзаемасувязі ў геаграфіі), графікі (у тым ліку і на класнай дошцы), дыяграмы, вучэбныя карціны, калекцыі і мадэлі, геаграфічныя назіранні (практычныя работы і назіранні на мясцовасці, якія праводзяць, як правіла, падчас экскурсій і на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, і з іх дапамогай непасрэдна рэалізуецца прынцып нагляднасці).
Таксама настаўнікі актыўна звяртаюцца да экранных дапаможнікаў. Аднымі з найбольш распаўсюджаных з’яўляюцца вучэбнае кіно і тэлебачанне (дыяпазітывы, дыяфільмы, кіно). Ну і, зразумела, лічбавыя адукацыйныя рэсурсы, якія накіраваны не толькі на фарміраванне ведаў і ўменняў, але і на выпрацоўку вопыту творчай дзейнасці. Камп’ютар у школе выступае ў якасці самага сучаснага нагляднага сродку навучання, інструмента падтрымкі розных па форме і змесце ўрокаў геаграфіі.
А цяпер вернемся ў 1946 год, многае ў якім пераклікаецца з 2015 годам. Тэкст метадычнага артыкула 1946 года быў невялікі, але даволі змястоўны і карысны на той час. Хаця чаму толькі на той? “Якасць выкладання геаграфіі ў значнай меры залежыць ад метадычна-правільнага выкарыстання настаўнікам наглядных дапаможнікаў на ўроку”, — аксіёма на ўсе часы.
Далей у артыкуле прыводзяцца довады на карысць метадычна правільнага выкарыстання наглядных дапаможнікаў. Аўтар М.Волага адзначыў, што вынікі экзаменаў па геаграфіі паказалі: частка вучняў прадэманстравала высокі ўзровень ведаў, бо пры іх навучанні “шырока прымяняліся наглядныя дапаможнікі, практыкаваліся экскурсіі і доследы”, а другая частка — “слаба засвоіла праграмны матэрыял, дрэнна ведае карту, не ўмее карыстацца компасам, не ўмее звязна і пісьменна перадаваць свае веды” (у прынцыпе, такое ж дзяленне ёсць і цяпер).
Затым метадыст адзначае, што метадычна правільнае выкарыстанне наглядных дапаможнікаў дае вучням канкрэтныя ўяўленні аб геаграфічным аб’екце, садзейнічае выпрацоўцы практычных навыкаў. “Асноўнымі нагляднымі дапаможнікамі па геаграфіі, — працягвае аўтар, — павінны быць: глобус, геаграфічная карта, малюнак, стэрэаскоп, калекцыі глебы, мінералаў, гербарыі. Вельмі важна для настаўніка ўмець прымяняць наглядныя дапаможнікі ў адпаведнасці з той ці іншай тэмай. Напрыклад, вывучаючы тэму “Рэльеф СССР”, трэба звяртацца да фізічных карт і карт рознага маштабу, схемы, будовы рэльефу, малюнкаў і, нарэшце, рэльефнай карты, зробленай сіламі вучняў пад кіраўніцтвам настаўніка”, — рэкамендуе М.Волага.
Пасля гаворка ідзе пра формы і змест работы з малюнкам, сістэмнасць і паслядоўнасць у пытаннях, шляхах замацавання вучэбнага матэрыялу. Усё гэта прымяніма і актуальна і сёння. Далей пэўная частка артыкула прысвечана экскурсіям, якія “ствараюць навыкі самастойнага даследавання, прывіваюць любоў да геаграфіі і замацоўваюць на практыцы веды, атрыманыя ў школе. Гэты від нагляднасці актуальны і ў нашы дні. Больш за тое, многія настаўнікі вельмі актыўна да яго звяртаюцца.
Але больш за ўсё мяне зачапілі “рэцэпты” вырабу нагляднасці сваімі рукамі.
Спачатку я здзівілася, зачытала калегам, і мы разам пагаварылі пра тое, як усё мяняецца. Але потым гэтую інфармацыю захацелася абмеркаваць з настаўнікам геаграфіі. Захацелася пачуць меркаванне сучаснага спецыяліста, такога ж творчага і ініцыятыўнага, якім і быў адрасаваны метадычны пасыл М.Волага ў 1946 годзе.
Метадычны артыкул амаль сямідзесяцігадовай даўнасці паказала Ірыне Уладзіміраўне Пабожнай, настаўніку-метадысту з 25-гадовым стажам педагагічнай дзейнасці. Ірына Уладзіміраўна на сваіх уроках выкарыстоўвае ЛСМ (па Штайнбергу), тэхналогіі mind-maps, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, тэхналогіі шматмерных дыдактычных інструментаў, электронныя мультымедыйныя прэзентацыі. Спачатку артыкул 1946 года выклікаў у яе цэлы спектр эмоцый: ад здзіўлення да захаплення. А затым у нас адбылася прафесійная размова.
— Артыкул тых далёкіх для нас часоў чытаць было вельмі цікава. Я нават вырашыла паспрабаваць зрабіць рэкамедаваныя наглядныя дапаможнікі сама. Цікава, ці атрымаецца?
Калі ж гаварыць больш прадметна, то ў артыкуле ёсць актуальныя на сённяшні дзень меркаванні. У прыватнасці, думка наконт якасці выкладання геаграфіі, якая ў значнай ступені залежыць ад метадычна правільнага выкарыстання наглядных дапаможнікаў на ўроку, вельмі слушная і сёння. Нагляднасць і прыклады на ўроках геаграфіі маюць вызначальную ролю, бо з гэтым прадметам у жыцці мы сутыкаемся штодзень. Ападкі, сонца, цыклон, антыцыклон, рэльеф, рэкі, азёры, лясы — гэта ўсё геаграфія.
Геаграфія ідзе ў нагу з часам, папяровыя геаграфічныя карты ператвараюцца ў інтэрактыўныя, і цяпер не трэба гартаць школьны атлас у пошуках патрэбнай інфармацыі. Неабходна проста сумясціць неабходныя інфармацыйныя пласты ― і ўся інфармацыя перад вамі. Геаграфія заўсёды была і застаецца актуальнай навукай, бо менавіта ў прыродных працэсах мы назіраем фізічныя і хімічныя з’явы.
Напрыклад, калі расказваем пра атмасферныя ападкі, то гаворым пра працэсы пераходу вады ў розныя фізічныя станы, гаворым пра атмасферны ціск. У выніку атрымліваецца так, што менавіта настаўнік геаграфіі, а не матэматыкі, фізікі, хіміі, расказвае пра маштаб, выпарэнне і растварэнне рэчываў. І менавіта геаграфія аб’ядноўвае ўсе веды ў адзінае цэлае, а валоданне цэласнай карцінай дапаможа сённяшняму школьніку сарыентавацца ў навакольным свеце.
У матэрыяле ідзе гаворка пра значэнне геаграфічнай карты. Геаграфічная карта была і будзе патрэбна чалавеку заўсёды, бо на ёй адлюстравана тая прастора, у якой ён жыве. М.М.Баранскі пісаў, што карта — гэта альфа і амега геаграфіі, гэта мова геаграфіі. Я таксама думаю, што менавіта на ўроках геаграфіі мы павінны навучыць школьніка карыстацца картай, навучыць яго здабываць з яе дапамогай максімум карыснай інфармацыі. Валоданне картаграфічнымі ведамі дапаможа сарыентавацца ў любой прасторы, у любым горадзе ці краіне. Сёння маладыя людзі шмат падарожнічаюць, таму такія навыкі надзвычай актуальныя.
Геаграфія заўсёды была апісальнай навукай, таму якасць ведаў залежыць ад нагляднасці. Нагляднасць, якую мы выкарыстоўваем у цяперашні час, — гэта фотаздымкі, відэафрагменты, прэзентацыйны матэрыял, кросенс з фота, калаж.
Яшчэ ў газетным артыкуле ўзгадваюцца вынікі школьнага экзамену па геаграфіі. У цяперашні час такога экзамену няма. А вельмі шкада. Сёння геаграфія не запатрабаваны прадмет. І калі малодшых школьнікаў яшчэ можна зацікавіць нейкімі нестандартнымі формамі арганізацыі ўрокаў, цікавай і займальнай інфармацыяй, то старшакласнікі страчваюць цікавасць да гэтага прадмета. У старшых класах ён становіцца больш інфармацыйна насычаным, калі за ўрок іншым разам трэба засвоіць 12—13 тэрмінаў. Ускладняе задачу і той факт, што на геаграфію даецца толькі адна гадзіна на тыдзень. Ды і далей яна асабліва не патрэбна. Яе трэба здаваць толькі на геаграфічны факультэт і на спецыяльнасць “Турызм і гасціннасць”.
У сувязі з гэтым захаваць хоць невялікую матывацыю да прадмета дапамагаюць сучасныя сродкі навучання — камп’ютарныя тэхналогіі. Ёсць выдатная праграма гугл-планета Зямля, якая дазваляе ўбачыць нашу планету ў 3D. Думаю, што ў 1946 годзе пра гэта нават і не марылі. Яшчэ нас вельмі выручаюць прэзентацыі. Калі раней дзеці апісвалі малюнкі самі, то цяпер візуалізаваць ход думак дапамагаюць менавіта прэзентацыі.
Акрамя таго, у нас з’явіліся ГІС (геаграфічна-інфармацыйныя сістэмы)-тэхналогіі. Гэта навінка. У гэтым годзе мы разам з дзецьмі нават склалі атлас Бярозаўскага раёна. Самі складалі карту рэльефу, лясоў, населеных пунктаў. Думаю, што ў будучыні ўвогуле самі будзем ствараць атласы. Яшчэ можам праводзіць квест-урокі, калі дзеці працуюць не з падручнікам, а ў інтэрнэце, — адзначыла Ірына Уладзіміраўна.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.