Наглядная геаграфія: даследуем 3D-глобус Зямлі, пагуляем у дэтэктываў

- 12:00Адукацыйная прастора

Настаўніца геаграфіі Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці Наталля Юр’еўна Гульнік на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” за праект “Вучэбны віртуальны трэнажор “ГЕАРАМА” ўдастоена дыплома ІІІ ступені. Пазнаёміцца з прадастаўленай інфармацыяй будзе цікава не толькі настаўнікам і вучням, якія цікавяцца геаграфіяй як навукай, але і бацькам, якія жадаюць даведацца, чым жыве іх дзіця ў школе. Навучэнцы змогуць атрымаць неабходную інфармацыю па прадмеце, патрэніравацца ў рашэнні цікавых геаграфічных задач, знайсці неабходныя звесткі для падрыхтоўкі да экзаменаў і алімпіяд.

Наталля Юр’еўна Гульнік скончыла Лідскі каледж па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”, вышэйшую адукацыю атрымала ў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Выкладчык геа­графіі”. Педагагічны стаж настаўніцы — больш за 15 гадоў.

— Сучасныя навучэнцы практычна ні на хвіліну не выпускаюць мабільныя прылады з рук. Найбольшую колькасць часу дзеці праводзяць у сацыяльных сетках ці гуляюць у гульні, карысць якіх вельмі сумніўная. Таму варта накіраваць цікавасць навучэнцаў у патрэбнае рэчышча, — адзначае Наталля Юр’еўна. — Ва ўстановах адукацыі толькі пачынаюць укараняцца сучасныя інтэрактыўныя тэхналогіі, аднак, на жаль, яны адстаюць ад тэхналогій, што выкарыстоўваюцца ў індустрыі рэкламы, кіно і гульняў, тым самым адштурхоўваючы нашых дзяцей ад вучэбнага працэсу. Калі нам удасца здзівіць навучэнца падчас урока, пака­заць, што настаўнік — гэта сучасны, тэхнічна падкаваны чалавек, мы зможам адцягнуць увагу школьнікаў ад паразітуючых гульняў і сацыяльных сетак і прыцягнуць іх у свет навукі і ведаў.

Сёння становіцца відавочным, што сучаснае навучанне немагчыма без выкарыстання ІКТ, асабліва гэта тычыцца дысцыплін прыродазнаўчанавуковага цыкла. Інтэрнэт-тэхналогіі дазваляюць інтэграваць у навучанне ўсе магчымыя віды прадастаўлення вучэбнай інфармацыі.

— Чаму мой рэсурс называецца “ГЕАРАМА”? — гаворыць Наталля Юр’еўна. — Ад грэчаскага “ge” — зямля, “оramа” — выгляд — наглядны дапаможнік для навучання геаграфіі, уяўляе сабой шар з палос на ўнутранай паверхні, якая адлюстроўвае зямную паверхню. Рэсурс знаходзіцца па адрасе georama.urest.org.

Па меркаванні настаўніцы, прымяненне трэнажораў, якія дапамагаюць адпрацоўваць канкрэтныя веды, уменні і навыкі вучняў, — важны складнік вучэбнага працэсу. Вопыт выкарыстання вучэбных віртуальных трэнажораў у адукацыі дазваляе вылучыць наступныя станоўчыя моманты: улічваецца індывідуальны тэмп работы вучня, які сам кіруе вучэбным працэсам; скарачаецца час выпрацоўкі неабходных навыкаў; павялічваецца колькасць трэніровачных заданняў; лёгка дасягаецца ўзроўневая дыферэнцыяцыя; павышаецца матывацыя да вучэбнай дзейнасці і адбываецца паглыбленне ў матэрыял за кошт укаранення ў трэнажорах гульнявых тэхналогій, тэхналогій віртуальнай і дапоўненай рэальнасці.

Вучэбны віртуальны трэнажор складаецца з некалькіх раздзелаў: “Геаграфічны трэнажор”, “Інтэрактыўныя курсы”, “Геаграфічныя дэтэктывы”, “3D-глобус Зямлі”.

Першы раздзел рэсурсу называецца “Геаграфічны трэнажор”. Трэнажоры аснашчаны даведачнай сістэмай, тэарэтычным матэрыялам, заданнямі, кантрольным тэстам. Гэтыя магчымасці дазваляюць навучэнцам больш часу ўдзяліць самастойнаму вывучэнню тэмы, тады як настаўнік будзе накіроўваць, тлумачыць, абагульняць. Усе гэтыя перавагі з’яўляюцца матыватарамі прымянення трэнажора на вучэбных і пазакласных занятках.

Сярод геаграфічных трэнажораў, прадастаўленых на рэсурсе, — інтэрактыўныя трэнажоры (з’яўляюцца класічнай версіяй трэнажораў і запускаюцца на персанальным камп’ютары; у залежнасці ад пастаўленых задач трэнажоры дазваляюць у нагляднай і даступнай форме вывучаць геаграфічныя з’явы, а таксама адпрацоўваць навыкі і ўменні па пэўных тэмах), комплексныя трэнажоры (уяўля­юць сабой сістэму апаратных і праграмных сродкаў; апаратная частка можа быць выканана ў выглядзе інтэр­актыўнай дошкі, а таксама дадаткаў дапоўненай і віртуальнай рэальнасці), 3D-сімулятары з прымяненнем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці (у аснову закладзены магчымасці камп’ютарных гульняў ад першай асобы; імітуюць частку рэальнага свету на аснове 3D-графікі, што цалкам паглыбляе карыстальніка ў навучанне).

У раздзеле “Інтэрактыўныя курсы” настаўніца прапануе розныя віды электронных курсаў у залежнасці ад пастаўленых задач: слайдавыя мультымедыйныя курсы, відэакурсы, сюжэтныя курсы, экспрэс-курсы задач. Так, інтэрактыўныя мультымедыйныя курсы — класічная версія электроннага курса, дзе ў вучэбны матэрыял уключаны мультымедыйныя элементы, фрагменты відэа і аўдыяматэрыялы. “У слайдавым курсе інфармацыя даецца ў выглядзе тэксту, карцінак і інфаграфікі. Тэарэтычныя блокі спалучаюцца з інтэрактыўнымі заданнямі. Можа падацца, што такі фармат сумны і непрыцягальны, аднак гэта не зусім так. Многае зале­жыць ад якасці “ўпакоўкі” тэорыі, сцэнарыя, узроўню прапрацоўкі персанажаў і графікі курса. Часта слайдавыя курсы дапаўняюцца інтэрактыўнымі элементамі, напрыклад, дыялогавымі трэнажорамі. Яны распрацаваны з улікам праграмы па геаграфіі агульнай сярэдняй адукацыі. Такія курсы дапамогуць педагогу арганізаваць работу на ўроку з улікам асаблівасцей і магчымасцей класа”, — заўважае Н.Ю.Гульнік.

Экспрэс-курсы задач накі­раваны на паўтарэнне і замацаванне практычнага матэрыялу, які вывучаецца на ўроках геаграфіі, а таксама на адпрацоўку практычных уменняў і навыкаў навучэнцаў. Гэтыя курсы даюць магчымасць навучыць школьнікаў рашэнню задач і выкананню заданняў, якія са­дзейніча­юць пашырэнню геаграфічнага кругагляду. Задачы і заданні мо­гуць быць выкарыстаны таксама падчас падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяд па геаграфіі і здачы ЦТ.

Відэакурсы — камфортны і цікавы спосаб успрымання інфармацыі. Анімацыйныя ролікі ў нагляднай і простай для разумення форме дэманструюць геаграфічныя аб’екты і з’явы.

У аснове сюжэтных курсаў (квестаў) ляжыць вучэбна-гульнявы сцэнарый, які паглыбляе карыстальніка ў розныя сітуацыі. Ён становіцца ўдзельнікам даследчага праекта або вучэбнага працэсу і бярэ на сябе адказнасць за рашэнне. Напрыклад, у межах тыдня геаграфіі вучням 6—11 класаў прапануецца прыняць удзел у гульні “Геаграфічны QR-квест”. Сутнасць яе — у пошуку зашыфраваных кодаў у будынку школы, іх расшыфроўцы і стварэнні фотаздымка ўдзельніка на фоне месца, дзе знойдзены код. Вучням 6—7 класаў прапануецца пры­няць удзел у гульні-квесце “Пошук скарбаў”. Яе сут­насць — у пошуку зашыфраваных кодаў, іх расшыфроўцы і зборы пазла кантрольнага QR-кода, знаходжанні скарбаў.

Раздзел “Геаграфічныя дэтэктывы” ўключае серыю невялікіх дэтэктыўных гісторый, якія ўяўляюць сабой сістэму геаграфічных задач. Па меркаванні Наталлі Юр’еўны, формы такога трэнажора цікавыя тым, што тыпова геаграфічныя заданні дадзены ў зусім нетыповай форме. Адзінага алгарытму рашэння іх не існуе, а значыць, у кожным новым дэтэктыве даводзіцца самастойна знаходзіць шляхі рашэння. Гэта развівае логіку навуковага пошуку, бо логіка пошуку злачынцы і логіка пошуку навуковай ісціны часта вельмі падобныя паміж сабой.

Дэтэктыўныя апавяданні злучаны ў адзінае цэлае га­лоўным героем. Гэта паліцэйскі інспектар Георг Раф. Ён жыве ў ЗША, у Лос-Анджэлесе. У адрозненне ад іншых паліцэйскіх ён увесь час трапляе ў заблытаныя гісторыі. Толькі выдатнае веданне геаграфіі дазваляе яму з гонарам выходзіць з любой сітуацыі.

Гісторыя “Спаленая запіска”

Год назад

Раніцай начальнік паліцыі выклікаў да сябе Рафа.

— Нам удалося перахапіць сувязнога наркамафіі. Падчас затрымання ён спрабаваў спаліць запіску, але нашы эксперты змаглі часткова аднавіць тэкст па асмаленай паперцы. Вось ён, — з гэтымі словамі ён працягнуў Рафу паперу.

“…24 чэрвеня яхта павінна выйсці з порта Лос-Анд­жэлеса… і… у пакетах па 500 грам… праз праліў Дрэйка… ваш другі прыпынак у Кейптаўне… у выпадку шторму… у Сіднеі вас сустрэне наш рэзідэнт…”

— І гэта ўсё?

— Так, усё. Сёння ўжо дваццатага. Яхта ў порце. Едзьце туды і знайдзіце яе. З вамі паедзе сяржант Рэй.

Ужо праз гадзіну Раф стаяў у кабінеце каменданта порта.

— 24 чэрвеня з порта павінны выйсці шэсць яхт, — задуменна вымавіў камендант.

— Магу я даведацца, куды і якім маршрутам ідзе кожная яхта?

— Не, сэр. Капітаны абавязаны паведамляць толькі пра порт прызначэння. Так што я магу адказаць вам толькі на адно пытанне: куды? Але я не ведаю, якім маршрутам.

— Добра, дайце хоць бы парты прызначэння.

Камендант дастаў са стала ліст паперы і прачытаў спіс з пяці партоў. “Рыа-дэ-Жанэйра, Дакар, Адэса, Бамбей, Шанхай”.

— Вы сказалі, што яхт шэсць.

— Шостая яхта спартыўная. Яна здзяйсняе кругасветнае падарожжа. Будзеце абшукваць усе яхты?

— Не. Мабыць, досыць адной.

Якую яхту меў на ўвазе Георг Раф?

Яшчэ адзін захапляльны раздзел “Віртуальны 3D-глобус Зямлі” — сучаснае рашэнне для павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі навучэнцаў.

— Згодна з аповедамі касманаўтаў, няма больш прыгожай і заварожваючай карты, чым выгляд Зямлі з космасу. Калі глядзіш на маленькі шар, які складаецца з белых аблокаў, карычневай зямлі і сіняй вады, немагчыма адарваць вачэй, — заўважае настаўніца. — Вучням прадастаўляецца магчымасць разгледзець некалькі 3D-глобусаў анлайн. Усе яны інтэрактыўныя, з імі можна ўзаемадзейнічаць. І гэта робіцца вельмі проста. Дастаткова перамяшчаць камп’ютарную мышку, каб мяняўся вугал агляду на нябесныя целы. Існуе некалькі дадатковых варыянтаў адлюстравання нашай планеты. Для гэтага дастаткова скарыстацца адным з іх. Для выбару неабходна клікнуць на патрэбны варыянт, які размешчаны ў верхняй частцы правага вугла экрана. Натуральна, кожны з даступных тыпаў адлюстравання выглядае вельмі эфектна і дазваляе зірнуць на наш свет з іншага пункту гледжання. 3D-глобус свету анлайн абсалютна бясплатны, таму калі карыстальніку хочацца проста адпачыць і атрымаць асалоду ад непрывычнай прыгажосці найбліжэйшага космасу, то гэты інтэрнэт-сэрвіс можа аказацца вельмі карысным.

За рухамі планет, перамяшчэннем спадарожнікаў і іншых касмічных аб’ектаў можна паназіраць з дапамогай SOLAR SYSTEM AND NIGHT SKY, якая створана на аснове 3D-мадэлі планет Сонечнай сістэмы і начнога неба.

Мадэль складаецца з 3 асноўных праглядаў (геліяцэнтрычная, геацэнтрычная і Panaromatic), у тым ліку дакладнага становішча ўсіх нябесных аб’ектаў у адпаведнасці з NASA-разлікамі, схематычных адлегласцей і памераў для лепшага разумення паверхняў планеты і рухаў, унікальнай асаблівасці, каб прасунуць планеты праз іх арбіты, і шмат цікавых настроек, якія дазваляюць захоўваць рухі і падзеі.

Несумненна, цікавасць у вучняў будуць выклікаць карты-анамарфозы (літаральна карта-анамарфоза — гэта карта-скажэнне). На навуковай мове карты-анамарфозы — гэта картаграфічныя схемы, на якіх тэрыторыі дзяржаў канструююцца па зададзенай пераменнай. У межах свайго натуральнага геапалітычнага становішча і прывычных контураў дзяржаўных межаў адны краіны аказваюцца раптам празмерна вялікімі, а іншыя — ледзь адрознымі кропкамі, нітачкамі або зусім знікаюць з твару Зямлі пры нулявых і адмоўных значэннях вядучага паказчыка. Прычым на іншых тэматычных картах-анамарфозах сітуацыя можа мяняцца дыяметральна супрацьлегла. Усё залежыць ад выбранага складальнікамі карты паказчыка і долі кожнай тэрыторыі ў сусветнай колькасці насельніцтва або ў сусветным аб’ёме вытворчасці чаго-небудзь і г.д.

***

Электронны рэсурс настаўніца выкарыстоўвае ўжо другі год як на ўроках, так і ў пазакласнай рабоце. Школьнікі ахвотна заходзяць на яго дома. Практыка паказвае, што матывацыя дзяцей да вывучэння геаграфіі ўзрасла, вырасла і іх паспяховасць па прадмеце.

Свой інтэрактыўны рэсурс Наталля Юр’еўна папаўняе новым вучэбным матэрыялам. На стадыі ўкаранення знаходзіцца і новы праект педагога — адукацыйны рэсурс па мастацтве, які на раённым конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” ужо адзначаны дыпломам.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.