Нагода далучыцца да культурных традыцый роднага краю

- 10:32Інфармацыйная гадзіна

Год малой радзімы надасць новы імпульс развіццю культуры ў рэгіёнах. Такое меркаванне выказаў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар.

“Калі зыходзіць з паняцця малой радзімы, то для кожнага гэта, напэўна, вельмі светлыя, пазітыўныя эмоцыі, звязаныя з яго домам, сям’ёй, школьнымі таварышамі і першым жыццёвым вопытам, — сказаў Юрый Бондар. — І гэта адкрывае вельмі вялікія перспектывы для таго, каб зрабіць што-небудзь карыснае для кутка, дзе ты нарадзіўся”.

На думку міністра, карысць можа быць не толькі ў нейкіх матэрыяльных каштоўнасцях, напрыклад, вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання тэрыторыі, удасканаленні чаго-небудзь, але і ў далучэнні да духоўнага: варта хаця б узгадаць традыцыі роднага краю, казкі, якія расказвала бабуля.

“У эпоху глабалізацыі мы, на жаль, знаходзімся пад пагрозай страты нацыянальнай самаідэнтычнасці, і задача культуры гэтую ідэнтычнасць, самабытнасць беларускага народа захоўваць, прымнажаць і перадаваць нашчадкам. Уклад у гэты працэс можа зрабіць кожны грамадзянін нашай краіны. Таму я лічу, што Год малой радзімы надасць новы імпульс развіццю культуры ў рэгіёнах”, — перакананы Юрый Бондар.

Тэмы малой радзімы і братэрства славянскіх народаў стануць галоўнымі і на рэспубліканскім свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), якое пройдзе 7—8 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, паведаміў міністр культуры. Галоўным мерапрыемствам свята будзе мюзікл “Малая радзіма”, які рыхтуе тэлеканал АНТ.

“На сённяшні дзень адным з найважнейшых пытанняў з’яўляецца наладжванне работы са спонсарамі”, — сказаў Юрый Бондар.

У рэгіёне таксама вядзецца актыўная работа па падрыхтоўцы да Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М@rt. кантакт” (Магілёў), Рэспубліканскага фестывалю -нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск).