Найважнейшае ў рабоце — сацыяльны эфект

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Вынікі мінулага года падвялі супрацоўнікі сістэмы адукацыі Міншчыны падчас калегіі. У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі сабраліся прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, супрацоўнікі прафсаюзнай арганізацыі, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі.

Акрамя працаўнікоў абласной сістэмы адукацыі, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Аляксандраўна Саротнік, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка Сяргей Уладзіміравіч Якавенка, а таксама прадстаўнікі іншых ведамстваў. Запрасілі на калегію і спецыялістаў, якія знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў.

Начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак нагадала, што мінулы год стаў першым у рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады. На яе фінансаванне ў вобласці ў 2016 годзе было выдаткавана 627,5 млн рублёў. Гэта дазволіла працягнуць работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. За мінулы год на Міншчыне адкрыліся новая школа і 4 дзіцячыя сады, у хуткім часе сваіх першых выхаванцаў прымуць яшчэ некалькі дашкольных устаноў. На рамонт устаноў адукацыі было накіравана 22,6 млн рублёў, у тым ліку 15,6 млн прафінансавана пры выкананні работ гаспадарчым спосабам.

Прадоўжана рэалізацыя пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання, у якім з 2015 года ўдзельнічаюць гімназія Фаніпаля і сярэдняя школа № 14 Салігорска. У 2016 годзе да праекта падключыліся 9 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Жодзіна. З 2017 года ўдзельнікамі пілотнага праекта стануць установы агульнай сярэдняй адукацыі Салігорскага раёна.

Установы стараюцца не толькі рацыянальна расходаваць атрыманыя грошы, але і зарабляць іх: 45,5 млн рублёў было атрымана за мінулы год дзякуючы пазабюджэтнай дзейнасці. Паспяховы вопыт у гэтым кірунку ў Салігорскім дзяржаўным каледжы, дзе наладжана вытворчасць вырабаў з драўніны, у Мар’інагорскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, дзе вырошчваюць і рэалізуюць насенне збожжавых, бабовых культур, бульбы.

Калі гаварыць аб здабытках сістэмы дашкольнай адукацыі, то варта адзначыць, што ў 2016 годзе створана дадаткова 1071 месца для дзяцей дашкольнага ўзросту за кошт будаўніцтва, вываду 1-х класаў, перапрафілявання памяшканняў. Арганізавана работа 709 груп кароткачасовага знаходжання. Забяспечаны ахоп 89% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў. Адзін з найважнейшых паказчыкаў, якога ўдалося дасягнуць, — зніжэнне колькасці пропускаў дзён дзецьмі з-за хвароб да 3,6 у параўнанні з 4,1, якія былі ў 2015 годзе.

Адбываюцца сур’ёзныя змены ў сістэме інфарматызацыі адукацыі. Павышана даступнасць інтэрнэт-рэсурсаў, у сваёй практыцы педагогі актыўна выкарыстоўваюць інтэрактыўную дошку, дыстанцыйныя формы навучання. Актыўна развіваецца дыстанцыйнае педагагічнае ўзаемадзеянне на базе шасці абласных рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій. У 67% устаноў адукацыі ёсць лакальная сетка, у 85 установах пракладзена оптавалаконная сетка.

На новы ўзровень выходзіць прафарыентацыйная падрыхтоўка навучэнцаў старшых класаў. Установы прафесійнай адукацыі актыўна выкарыстоўваюць розныя формы работы. Функцыянуюць акаўнты ў сацыяльных сетках, дзе размяшчаюцца відэасюжэты з жыцця ўстаноў, карысная інфармацыя.

На базе ўстаноў прафесійнай адукацыі рэалізуюцца праграмы і планы правядзення мерапрыемстваў працоўнага навучання ў шосты школьны дзень. Павялічылася колькасць школьнікаў, якія праходзяць дапрафесійную падрыхтоўку ў 8 ліцэях і каледжах. У мінулым годзе іх было 212 з 22-х устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У сістэме спецыяльнай адукацыі ў рамках рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі” ў сярэдніх школах № 1 Салігорска і № 18 Барысава функцыянуюць 4 інклюзіўныя класы, у якіх навучаюцца 9 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Паказчык ахопу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ранняй комплекснай дапамогай склаў 99%. Па выніках рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама прызнана пераможцам і ўзнагароджана дыпломам I ступені.

Станоўчая дынаміка назіраецца і ў кадравых паказчыках: павялічваецца колькасць педагагічных работнікаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 32 педагогі вобласці маюць званне “настаўнік-метадыст”.

— Увогуле сістэма адукацыі вобласці справілася з пастаўленымі задачамі, — падводзячы вынікі, адзначыла Галіна Мікалаеўна Казак, — аднак самае важнае ў нашай рабоце — сацыяльны эфект ад таго, што мы робім. Галоўны сацыяльны эфект — гэта задаволенасць грамадзян якасцю адукацыі, і мы павінны і надалей гэта забяспечваць.

Прадоўжыла пленарнае пасяджэнне выступленне Андрэя Валер’евіча Волкава, дырэктара сярэдняй школы № 22 Барысава, аб рэсурсах развіцця сучаснай школы. Алена Васільеўна Жураўлёва, якая ўзначальвае Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, расказала аб ролі каледжа ў сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі. З ключавымі напрамкамі дзейнасці ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пазнаёміла дырэктар Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці Вольга Міхайлаўна Ярашэвіч.

Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася з выступленнем М.А.Саротнік, якая падзякавала педагогам за іх шчырую штодзённую працу. Начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі нагадала, што асноўныя вектары развіцця сістэмы адукацыі — гэта сучаснасць, якасць, даступнасць, канкурэнтаздольнасць, эканамічная эфектыўнасць, неразрыўнасць навучання і выхавання. Таксама Марыя Аляксандраўна заклікала калег не дапускасць фармалізму ў рабоце, быць адкрытымі для зносін з бацькамі і працаваць над сабой, каб быць дастойным прыкладам для сваіх навучэнцаў. М.А.Саротнік уручыла педагогам шэраг узнагарод Міністэрства адукацыі за плённую працу.

Апошнія два гады ў Мінскай вобласці менавіта на выніковай калегіі падводзяць вынікі конкурсу “За дасягненне высокіх вынікаў работы ў 2016 годзе” сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, устаноў адукацыі. Нагадаем, што ў некаторых намінацыях пераможцы вызначаюцца ў дзвюх групах — сярод раёнаў з колькасцю навучэнцаў менш і больш за 8 тысяч. Ва ўрачыстай атмасферы лепшыя атрымалі ўзнагароды.

Сёлета ў намінацыі “Лепшая гімназія, ліцэй” пераможцай стала гімназія № 1 Барысава. Лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі, якая размешчана ў гарадской мясцовасці, прызнана сярэдняя школа № 14 Маладзечна. Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці, — негарэльская сярэдняя школа № 1 Дзяржынскага раёна.

Па выніках года лідарам сярод устаноў дашкольнай адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці, стаў ДЦРД “Сонейка” Капыля. Сярод сельскіх устаноў у намінацыі перамог ДЦРД пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна. Лепшымі ўстановамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў дзвюх групах сталі цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага і Капыльскага раёнаў.

Дзве ўстановы Слуцка пацвердзілі вынікі мінулага года і сталі пераможцамі ў намінацыях “Лепшая ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыi” і “Лепшая ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі” — гэта Слуцкі дзяржаўны каледж і Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй адпаведна.

Лідарамі ў стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя ў сваіх групах сталі аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага і Нясвіжскага райвыканкамаў. Менавіта гэтыя два аддзелы становяцца пераможцамі не першы раз, што сведчыць аб сістэмнай, эфектыўнай рабоце. Высока была ацэнена і работа аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Слуцкага і Капыльскага райвыканкамаў, якія прадэманстравалі высокую дынаміку і змаглі значна палепшыць свае пазіцыі.

Лаўрэаты і пераможцы конкурсу творча расказалі ўдзельнікам калегіі аб сваіх поспехах і шляхах іх дасягнення. Лаўрэаты падрыхтавалі для калег выставу, а пераможцы прадставілі на сцэне невялікія выступленні-замалёўкі аб сваёй дзейнасці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.