Найлепшая матывацыя — зацікаўленасць

Напярэдадні Дня навукі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы прайшла ўжо традыцыйная матывацыйна-іміджавая акцыя — злёт маладых навукоўцаў і выкладчыкаў “Будучыня пачынаецца сёння!”, арганізаваная галіновым прафсаюзам разам з Міністэрствам адукацыі. На мерапрыемства былі запрошаны члены галіновага прафсаюза з ліку маладых навукоўцаў і выкладчыкаў, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, у якіх створаны першасныя прафсаюзныя арганізацыі галіновага прафсаюза, у тым ліку прыватных устаноў вышэйшай адукацыі.

Нездарма гэтая сустрэча адбылася ў тэатры. Як адзначылі падчас адкрыцця злёту арганізатары, і артысты, і навукоўцы ў многім падобныя: і першыя, і другія — творцы, а вынікі іх працы можна назваць аднолькава — творы. Але навукоўцы і студэнты, напэўна, больш чым усе іншыя працуюць не на сёння і нават не на заўтра, а ўвогуле на перспектыву. Кожны з іх штодзень закладвае ўласную цаглінку ў развіццё сваёй справы і краіны ў цэлым.

— Для нас важна паказаць, што мы цэнім навуковыя даследаванні маладых вучоных, тое, чым яны займаюцца. Сёння ва ўніверсітэтах краіны больш за 200 навукова-даследчых лабараторый. Гэта даволі сур’ёзныя аб’яднанні, дзе займаюцца значнымі навуковымі даследаваннямі. Гэта велізарная армія студэнтаў, за якімі будучыня, менавіта яны будуць вызначаць і навуковую палітыку, і адукацыю, і будучыню ў цэлым, — адзначыў падчас адкрыцця акцыі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — Ужо ў студэнцкія гады, пачынаючы з 3 курса, маладыя людзі займаюцца сур’ёзнай навукай, якая, акрамя маральнага задавальнення, прыносіць ім і пэўныя матэрыяльныя бонусы. Асабліва, калі яны выконваюць значныя праекты для прадпрыемстваў не толькі Беларусі, але і замежных краін. Усяго за 2014 год міжнародныя навуковыя праекты прынеслі вышэйшым навучальным установам 7 млн долараў прыбытку.
І, як падкрэсліў падчас мерапрыемства старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка, прыемна, што колькасць маладых людзей, апантаных навукай, з часам расце. Пра гэта сведчыць і колькасць удзельнікаў злёту маладых навукоўцаў і выкладчыкаў. Гэтае мерапрыемства праводзіцца пяты раз, і арганізатары адзначаюць, што тых, хто можа прэтэндаваць на ўзнагароджанне за навуковую дзейнасць і адначасова актыўную грамадзянскую пазіцыю, з кожным годам усё больш. Тыя, хто ўмела спалучае вучэбную, навуковую дзейнасць з грамадскакарыснай працай, спортам, творчай дзейнасцю, — гэта і маладыя вучоныя, і выкладчыкі, і аспіранты, і студэнты.
Як яны ўсё паспяваюць? Пра гэта запыталі і мы ў аднаго з удзельнікаў акцыі Віталя Вабішчэвіча, студэнта 4 курса юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Малады чалавек надзвычай мэтанакіраваны і арганізаваны. Ён адначасова вучыцца, займаецца навукай, грамадскай работай і працуе. І гэта дае свой плён. У гэтыя дні ён стаў уладальнікам пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, быў адзначаны галіновым прафсаюзам і атрымаў выплату Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза за высокія паказчыкі ў вучэбнай, навуковай і грамадскай працы.
— Любая дзейнасць, у тым ліку і грамадская, мае на ўвазе наяўнасць матывацыі. У кагосьці са студэнтаў гэта атрыманне нейкіх матэрыяльных бонусаў, магчымасць мець месца ў інтэрнаце. Я вучуся на бюджэце, маю месца ў інтэрнаце першапачаткова, таму гэты складнік мяне не цікавіў. Але была цікавасць — займацца выбранай справай, знаёміцца з цікавымі людзьмі, — адзначае Віталь. — У гэтым увесь сакрэт (хоць, напэўна, ніякага сакрэту ў гэтым і няма): займацца тым, што табе падабаецца. Калі займаешся тым, што падабаецца, ад гэтага не стамляешся. І пры гэтым набываеш галоўнае — вопыт работы і зносін. А што яшчэ неабходна для паспяховага старту?

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.