Адвечнае мужчынскае пытанне “Што падарыць жанчыне?” напярэдадні 8 Сакавіка набывае асаблівую актуальнасць.

У гэтыя дні інтэрнэт-магазіны, як заўсёды, стракацяць прапановамі, а перад намі, мужчынамі, традыцыйна паўстае няпросты выбар: чым парадаваць каханую, які падарунак зрабіць матулі, што набыць калегам.
Кветкі — само сабой. А якія яшчэ варыянты? Парфума, ювелірнае ўпрыгажэнне, адзенне, сертыфікат, вячэра ў рэстаране, новы смартфон… Пералічанае, несумненна, парадуе блізкага чалавека, прынясе яму святочны настрой. Але ці будзе такі падарунак незабыўным?
У перадсвяточнай мітусні злавіў сябе на думцы, што мы развучыліся ствараць падарункі сваімі рукамі. Нам куды прасцей заказаць іх анлайн. Гэта і зручна, і час эканоміш, і з пачуццём выкананага мужчынскага абавязку сустрэнеш вясновае свята. Але нават у момант уручэння набытага ў інтэрнэце падарунка і прамаўлення традыцыйнага “Віншую ад усёй душы!” нярэдка ўзнікае адчуванне таго, што павіншаваў усё ж такі няшчыра, не ўклаў у падарунак той самай душы, пра якую толькі што сказаў.
Узгадваю школьнае жыццё. Падрыхтоўка да 8 Сакавіка была для нас доўгачаканай і значнай падзеяй трэцяй чвэрці (выдатна, што такая традыцыя захавалася ў беларускіх школах!). Прыкладна за месяц да жаночага свята на ўроках працоўнага навучання і пасля заняткаў мы з аднакласнікамі шчыравалі над падарункамі для матуль. Тады не было ні YouTube, ні TikTok, таму ідэі бралі са сваёй галавы, нешта падказвалі настаўнікі.
У пачатковых класах выразалі паштоўкі, у сярэднім і старшым звяне выпілоўвалі з фанеры шкатулкі, выточвалі на такарным станку рознае кухоннае начынне. Я і цяпер успамінаю, як старанна выразаў з каляровай паперы пялёсткі і сцяблінкі кветак, акуратна наклейваў іх на кардон, а ў сярэдзіне немудрагелістай паштоўкі павольна выводзіў віншавальныя словы! А як прыемна было ўручыць паштоўку і пачуць ласкавае “Дзякуй, сынок!”.
Фота Святланы Нікіфаравай выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Мама, дарэчы, і да сённяшняга часу захоўвае мае школьныя “шэдэўры” ў спецыяльнай скрыні. Нядаўна вось прыязджаў у бацькоўскі дом і мы разам разглядалі іх, узгадвалі далёкія, але незабыўныя моманты майго дзяцінства. Такія паштоўкі, створаныя сваімі рукамі ад шчырага сэрца, застаюцца для мамы найлепшым падарункам на 8 Сакавіка. Упэўнены, падобныя рэліквіі захоўваюцца ў кожнай сям’і.
Цудоўны падарунак сваімі рукамі можна зрабіць і ў сталым узросце. Для гэтага не трэба здзяйсняць геройскія ўчынкі, рабіць нешта неардынарнае. Дастаткова згатаваць для каханай святочную вячэру. Нават калі не валодаеш сакрэтамі кулінарнага майстэрства, папулярныя інтэрнэт-блогеры з радасцю дапамогуць табе ў гэтым. Было б жаданне. А яно, перакананы, ёсць у кожнага беларускага мужчыны. Мы ж любім нашых жанчын і хочам, каб наш падарунак на 8 Сакавіка быў для іх найлепшым.