Найноўшыя сістэмы ўзбраення распрацоўваюцца для абароны краіны

- 10:26Інфармацыйная гадзіна

Беларусь аказалася ў гарачым палітычным пункце і павінна прымаць меры для сваёй бяспекі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рамана Галоўчанку.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля разрыву Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці Беларусь аказалася ў цэнтры ўвагі. Прэзідэнт падкрэсліў, што краіна выступае катэгарычна супраць размяшчэння такога ўзбраення ў Еўропе. “Я ўжо не раз пра гэта гаварыў”, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. Таму, растлумачыў ён, даклад Рамана Галоўчанкі не трэба ўспрымаць як бразганне зброяй. “Размова ідзе пра тое, што мы, таксама знаходзячыся ў гэтым катле, гарачым палітычным пункце, не можам не звяртаць увагу на захаванне сваёй бяспекі. Свет, на жаль, не стаў больш бяспечным. Мы гэта бачым і, вядома, павінны прымаць пэўныя меры”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся бягучай дзейнасцю Дзяржкамваенпрама, развіццём асноўных напрамкаў работы ведамства. Таксама кіраўнік дзяржавы спытаў, як цяпер развіваюцца прадпрыемствы, па якіх ім даваліся асобныя даручэнні. Размова, у прыватнасці, ішла аб 558-м Авіярамонтным заводзе ў Баранавічах, Аршанскім авіярамонтным заводзе, кампаніі “Тэхніка сувязі” ў Барані. “Даручэнне было не адно. Асабліва калі мы глядзелі новыя сістэмы ўзбраенняў. Як рэалізоўваюцца гэтыя даручэнні? Яны ў асноўным звязаны не толькі з аднаўленнем дзейнасці існуючых прадпрыем­стваў. Яны звязаны з выпускам найноўшых узораў узбраення, якія мы здольны сёння ствараць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Асобна ён пацікавіўся развіццём ракета­будаўнічай галіны.

Раман Галоўчанка далажыў, што задачы, якія стаяць перад ведамствам у гэтым го­дзе, у цэлым выконваюцца. Прадпрыемствы, што ўваходзяць у сістэму ДВПК, працу­юць рэнтабельна, заработная плата там паступова расце. Паводле слоў старшыні камітэта, Дзяржкамваенпрам курыруе не толькі прад­прыемствы, што ўваходзяць у яго сістэму, але і ў цэлым арганізацыі абароннага сектара эканомікі.

“Цяпер сярэдняя заработная плата складае Br1,6 тысячы. Да канца года будзем выходзіць на Br1,7 тысячы. Гэта даволі высокі паказчык”, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на аплату працы нізкааплатных работнікаў — яе неабходна падцягваць. “Я пагля­дзеў па Оршы: добра, што вы да канца года ў сярэднім хаця б выйдзеце на Br1 тысячу. Але трэба бачыць, што ў Дзяржкамваенпраме ёсць нізка­аплатныя работнікі, і іх зарплату, як па ўсёй краіне, трэба падцягваць да гэтай сярэдняй зарплаты. Я вас не штурхаю да таго, каб вы плацілі людзям незаробленыя грошы, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Не, сёння трэба напружвацца, мы на рынку працуем: што зарабілі, тое і падзялілі. Тым лю­дзям, якія ў вас працуюць, трэба плаціць зар­плату, калі вы іх нанялі”.

Прэзідэнт дадаў, што Br1 тысяча — гэта не завоблачная зарплата, гэта той мінімум, які дзяржава ў сярэднім павінна забяспечыць, усё астатняе — у руках саміх грамадзян. “Але вось гэты мінімум, гэтую падушку бяспекі для людзей мы павінны стварыць”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.