Найперш — камфортныя ўмовы для студэнтаў

У межах  маніторынгу навучальных  устаноў па падрыхтоўцы да новага навучальнага  года  міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў навучальныя карпусы і інтэрнат  № 10 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Першым аб’ектам стаў студэнцкі і­нтэрнат № 10, дзе ўжо выканана большая частка спланаваных будаўнічых работ. Тут праведзена цеплавая мадэрнізацыя будынка з заменай вокнаў і дахавага пакрыцця. У найбліжэйшы час бу­дзе ажыццёўлены мантаж вадамернага вузла. Плануецца, што добраўпарадкаванне завершыцца ў ліпені. Усяго на балансе БДУ знаходзіцца 9 інтэрнатаў для навучэнцаў, разлічаных на больш за 8 тысяч чалавек.

Ігар Карпенка падкрэсліў дынамічнасц­ь вядзення капітальнага рамонту і прапанаваў ажыццяўляць будаўнічыя работы з не поўным, а пасекцыйным адсяленнем пражываючых. Кіраўнік ведамства таксама агледзеў вучэбны корпус факультэтаў сацыякультурнай камунікацыі і радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. У рамках рамонту тут была праведзена поўная замена вокнаў, дзвярэй і вітражоў.

“У гэтыя дні вядзецца падрыхтоўка студэнцкіх інтэрнатаў да новага навучальнага года. Капітальныя і бягучыя рамонты праводзяцца ў максімальна сціснутыя тэрміны. Галоўная задача — стварыць камфорт­ныя ўмовы для пражывання студэнтаў. Прыемна, што на многіх такіх аб’ектах працуюць студэнцкія будаўнічыя атрады. Так, сваёй працай і неабыякавым стаўленнем кожны з нас уносіць годны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны”, — зазначыў Ігар Карпенка.

Кіраўнік ведамства наведаў Навукова-даследчы інстытут прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі БДУ. Тут запланавана мадэрнізацыя матэрыяльнай базы вучэбна-адукацыйнага асяроддзя, якая ўключае капітальны рамонт будынка. Акрамя таго, на базе ўстановы ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта з Сусветным банкам па мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь будзе створаны міждысцыплінарны вучэбны цэнтр БДУ.

 Структура прызначана для забеспячэння высакаякаснага практычнага навучання студэнтаў пяці прыродазнаўчых факультэтаў БДУ (і іншых універсітэтаў краіны) і будзе ўключаць 37 вучэбных лабараторый. Цэнтр — унікальная з’ява для нашай краіны, бо тут будуць весціся даследаванні на стыку навук і на адной пляцоўцы, прычым з дапамогай найноўшага вучэбна-навуковага абсталявання. Плануецца, што запрацуюць лабараторыі па біяінфарматыцы, фармакалогіі, біямеханіцы, нанахіміі, нанафізіцы.

Акрамя таго, міністру прадэманстравалі пляцоўку для будучага спартыўнага аб’екта. На трох факультэтах БДУ (біялагічным, сацыяльна-культурных камунікацый і радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій), размешчаных на вуліцы Курчатава сталіцы, вучацца каля 3 тысяч студэнтаў, якім, канечне, неабходна больш разнастайных спартыўных пляцовак. 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.