Настаўніца замежных моў сярэдняй школы № 5 Смаргоні Гродзенскай вобласці Вікторыя Дзмітрыеўна Кулікоўская лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Яна ідзе на работу з радасцю і жаданнем, адчувае сябе там камфортна. Пачатак педагагічнай дзейнасці пацвердзіў: спецыяльнасць выбрана правільна. За два гады работы назапасіўся ўжо пэўны вопыт і з’явілася яшчэ большая цікавасць да прафесіі педагога.
Змены толькі да лепшага
Вікторыя Дзмітрыеўна родам са Смаргоні. Зараз яна працуе ў той самай школе, якую некалі скончыла сама. Папрасіла, каб пры магчымасці яе накіравалі менавіта сюды, і ўдзячна, што да яе пажадання прыслухаліся.
Свой выбар на карысць педагогікі, школы і работы з дзецьмі Вікторыя зрабіла ў старшых класах. Доўга думала, з якой прафесіяй звязаць свой лёс, у якім кірунку рухацца далей. Улічыўшы свае інтарэсы і параду мамы, вырашыла стаць педагогам.
— Мне заўсёды падабаліся мовы. Асабліва цікавіла нямецкая, — узгадвае В.Д.Кулікоўская. — Урокі наведвала з задавальненнем. З заданнямі спраўлялася добра. Гэта і стала адным з вырашальных фактараў пры выбары будучай прафесіі. Мама падтрымала маё рашэнне.
Вікторыя стала студэнткай Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе атрымала кваліфікацыю “выкладчык англійскай і нямецкай моў”. Гады вучобы праляцелі хутка. Адным з хвалюючых момантаў была практыка, дзе ўжо трэба было прымяняць свае веды і ўменні, спрабаваць знайсці агульную мову з вучнямі. Перажывала моцна. Перад першымі ўрокамі ноччу нават не ўдавалася заснуць ад хвалявання. Думала, як жа атрымаецца весці ўрок, зацікавіць клас, як успрымуць яе дзеці. Таму гэты час асабліва ўрэзаўся ў памяць. І ўжо тады Вікторыя адзначыла для сябе, што ёй падабаецца рыхтавацца да ўрокаў, прадумваць план, падбіраць інфармацыю. Так і прыйшла да высновы: з выбарам прафесіі дакладна не памылілася!
Безумоўна, пачынаць працаваць у сваёй школе спакайней, бо многае тут ужо вядома і нават родныя сцены дапамагаюць. Але з іншага боку, дзяўчына разумела: гэта павышаная адказнасць перад сваімі настаўнікамі. Яна максімальна сур’ёзна аднеслася да перамен у жыцці і пачатку педагагічнай дзейнасці. Першы час адчувала разгубленасць, многае было новым, асабліва няпроста было разабрацца з неабходнай дакументацыяй. Тым больш з некаторымі пытаннямі даводзілася сутыкацца ўпершыню, напрыклад, ва ўніверсітэце не вучылі запаўняць журнал. Але літаральна праз некалькі тыдняў Вікторыя Дзмітрыеўна адчула, што ў цэлым увайшла ў агульны рытм. Безумоўна, і сёння застаецца нямала пытанняў, у якіх трэба разабрацца больш дасканала, аднак гэта нельга назваць праблемамі.
— Проста ёсць моманты, якія я для сябе пазначаю, каб з часам унікнуць больш глыбока, — гаворыць В.Д.Кулікоўская. — Галоўнае — я даволі хутка зразумела, як у цэлым павінна будавацца работа настаўніка-прадметніка, на што варта адразу звярнуць больш увагі. Для мяне важна, што рэзка негатыўных момантаў не было.
Стаўка на ўсебаковае развіццё
За мінулыя два гады ў школе маладая настаўніца многаму навучылася і нават заўважыла, што змянілася да лепшага. Адзначае, што стала больш сабранай, уважлівай, камунікабельнай, крыху больш упэўненай у сабе. Ёй падабаецца, што работа ў школе дае стымул усебакова развівацца, не стаяць на месцы, а ўвесь час працаваць над сабой.
Вікторыя Дзмітрыеўна хутка зрабіла важны вывад: настаўніку неабходна не толькі мець грунтоўныя веды і перадаваць іх вучням, але і стаць цікавай, творчай, усебакова развітой асобай. Менавіта гэта залог таго, што ўрокі будуць атрымлівацца нясумнымі і ўдасца знаходзіць агульную мову з рознымі вучнямі, натхняць іх на вучобу. Таму і выбрала для сябе адпаведнае настаўніцкае крэда — “Урок — гэта люстэрка агульнай і педагагічнай культуры настаўніка, мерка яго інтэлектуальнага багацця, паказчык яго кругагляду і эрудыцыі” (В.А.Сухамлінскі).
— Для мяне час навучання ва ўніверсітэце і работы ў школе істотна адрозніваюцца, — гаворыць настаўніца. — У першы перыяд старанна асвойвала тое, што мне задавалі. Зараз жа я разумею, што мне самой трэба працягваць вучыцца, увесь час развівацца. Маладому спецыялісту не трэба шукаць лёгкіх шляхоў, неабходна быць гатовым да адкрыццяў і новаўвядзенняў. Інакш немагчыма стаць сучасным паспяховым настаўнікам! Напрыклад, я стараюся шукаць цікавыя факты, якія тычацца майго прадмета ці проста розных сфер жыцця. Ніколі не ведаеш, што і калі спатрэбіцца на ўроку, каб прыцягнуць увагу дзяцей. Для мяне гэта стала вялікім стымулам да самаразвіцця.
Вікторыя Дзмітрыеўна задаволена тым, што зараз ёй удаецца зацікаўліваць вучняў, знаходзіць з імі агульную мову. Пакуль яна працавала ў асноўным з малодшымі школьнікамі, выкладала англійскую мову ў 3-х і 4-х класах. Маладая настаўніца рада, што набіраецца вопыту менавіта з вучнямі пачатковых класаў. Яна разумее: прыйдзе час, калі давядзецца працаваць і са старшакласнікамі, але хочацца, каб на той момант было ўжо больш вопыту і ўпэўненасці. Безумоўна, заваяваць аўтарытэт у старшакласнікаў будзе больш складана. Аднак няпростыя задачы не палохаюць, а наадварот, выклікаюць цікавасць.
— У рабоце з малодшымі школьнікамі таксама нямала асаблівасцей, — расказвае В.Д.Кулікоўская. — Было нечакана, што ім цікава ведаць пра мяне як мага больш. На ўроках яны з самага пачатку слухалі мяне і стараліся працаваць. А на перапынках падыходзілі з пытаннямі, як мяне знайсці ў сацыяльных сетках, пад якім імем я там зарэгістравана. Я і не думала, што гэты бок майго жыцця можа цікавіць вучняў 3—4 класаў.
Аднак падобныя сітуацыі прымусілі задумацца над тым, што прафесія педагога абавязвае трымаць планку ва ўсім. Вікторыя Дзмітрыеўна пераканалася: на старонках у сацыяльных сетках маладым спецыялістам ды і ўсім настаўнікам варта пільна сачыць за сваім кантэнтам. У наш час імідж у многім пачынаецца ў інтэрнэце. Таму асабістае жыццё лепш пакінуць за кадрам і не выстаўляць напаказ. І дрэнных прыкладаў незнарок, вядома ж, педагогі падаваць не павінны. Неабходна быць у першую чаргу патрабавальным да сябе, а не да вучняў! Гэта правіла нумар адзін!
Дзякуючы чаму маладая настаўніца знайшла агульную мову з дзецьмі? Вікторыя Дзмітрыеўна адзначае, што агульнага рэцэпта поспеху ў гэтай важнай справе для яе не існуе, да кожнага трэба падыходзіць індывідуальна. Важна навучыцца арыентавацца ў сітуацыі, каб адчуваць, дзе трэба быць больш строгай, а дзе не варта займаць такую пазіцыю. З дзецьмі ўстанаўлівае добразычлівыя, сяброўскія адносіны, каб яны давяралі, былі адкрытымі і гатовымі ісці за ёй.
— Я стараюся быць уважлівай да кожнага дзіцяці, пры ўзнікненні нейкіх цяжкасцей адразу ж спрабую разабрацца, у чым іх прычына, — дзеліцца сваім падыходам В.Д.Кулікоўская. — Многае, напрыклад, залежыць ад калектыву. Нярэдка бывае так, што ў вучня ёсць задаткі, але з-за праблем з аднакласнікамі ён адчувае сябе няўпэўнена і не праяўляе актыўнасці. У выніку, калі своечасова не ўмяшацца ў такую сітуацыю, дзіця можа замкнуцца ў сабе і стаць непаспяховым. Мне вельмі важна, каб на маіх уроках усім было і камфортна, і цікава! Толькі пры такіх умовах можна чакаць поспехаў ад навучэнцаў.
Справядлівая крытыка — на карысць
Свае першыя прафесійныя крокі Вікторыя Дзмітрыеўна робіць пад мудрым кіраўніцтвам калег. Маладога спецыяліста замацавалі за вопытным педагогам Людмілай Уладзіміраўнай Тарасавай. Акрамя таго, у любы момант яна мае магчымасць звярнуцца па дапамогу ці параду да кіраўніка метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы Антаніны Іосіфаўны Маньчак. В.Д.Кулікоўская карыстаецца магчымасцю пераймаць вопыт. Так, часам яна сама просіць наведаць яе ўрок, асабліва калі ўпершыню прымяняе нешта новае і хоча адразу зразумець, ці правільна ўсё арганізавана, што можна падкарэкціраваць.
— Калі ў мяне ёсць сумненні, ці правільна я пабудавала ўрок, наколькі эфектыўныя практыкаванні падабрала, запрашаю да сябе вопытных калег, — расказвае В.Д.Кулікоўская. — Баяцца крытыкі не варта. Канструктыўныя, справядлівыя заўвагі дапамогуць хутка разабрацца і пазбегнуць памылак. Такім чынам я, не губляючы часу на ўласныя спробы, высветліла, якія прыёмы даюць добры эфект, а ад якіх лепш адмовіцца ці прымяняць нячаста, бо яны займаюць шмат часу ці значна ўступаюць іншым па канчатковым выніку.
Маладая настаўніца падкрэслівае, што дробязей у педагогіцы не бывае, таму навічкам не трэба саромецца задаваць любыя пытанні. Нават з праверкай сшыткаў у першы час ёй хацелася падстрахавацца. Таму прасіла калег паглядзець, ці ўсё зрабіла правільна. Гэта таксама дапамагло хутчэй набіць руку. Цяпер праверка сшыткаў займае значна менш часу, і ніякіх заўваг калегі ёй ужо даволі даўно не робяць. Ды і сам працэс не падаецца такім складаным і доўгім, як спачатку.
Вікторыі Дзмітрыеўне вельмі падабаецца, што, дзякуючы калегам, іх парадам і станоўчым адносінам, наладжанай узаемадапамозе, спраўляцца з любымі цяжкасцямі ўдаецца лягчэй і хутчэй.
— У такой сітуацыі працаваць і псіхалагічна лягчэй! — дзеліцца ўражаннямі маладая настаўніца. — І гэта адзін з момантаў, дзякуючы якім я штодня іду на работу спакойна і з радасцю. Калі нешта і атрымліваецца пакуль не так, мне ніхто ніколі не кажа строга: “Чаму цябе чатыры гады вучылі ва ўніверсітэце!” Мне падабаецца вучыць дзяцей, я люблю свой прадмет, а калегі заўсёды гатовы падставіць плячо! Дзякуючы спалучэнню ўсіх гэтых важных момантаў, я люблю сваю работу і далей хачу працаваць у роднай школе.
Творчай, крэатыўнай дзяўчыне адразу прыйшлася па душы магчымасць не толькі выкладаць, але і прымаць удзел у разнастайных конкурсах. Так, сёлета яна з цікавасцю спрабавала свае сілы ў раённым конкурсе маладых спецыялістаў, а таксама ў школе ў рамках тыдня англійскай мовы ў конкурсе міні-праектаў. Збіраецца і далей займаць актыўную пазіцыю ва ўсім.
Рабіць урок эфектыўным і цікавым
Існуе мноства метадаў і прыёмаў работы на ўроку, і Вікторыі Дзмітрыеўне вельмі важна знайсці свае. Выбрала практычны падыход да асваення матэрыялу, пры якім замежная мова пачынае вывучацца не з абстрактных правіл, а з канкрэтных прыкладаў маўлення як базы фарміравання ўмення іншамоўных зносін. Камунікатыўныя мэты навучання рэалізуе праз падачу цікавай дзецям інфармацыі; вывучэнне маўлення, граматыкі і лексікі ў адзінстве; інтэнсіўнае насычэнне ўрока разнастайнай прадметна-маўленчай дзейнасцю вучняў. Стараецца максімальна ўлічыць інтарэсы дзяцей, каб быць з імі, як гаворыцца, на адной хвалі. Вучням даспадобы казкі — і настаўніца стараецца гарманічна ўплесці іх у кантэкст урока.
— Мне падабаецца спалучаць цікавасць дзяцей з тым матэрыялам, які мы праходзім, з канчатковай мэтай урока, — расказвае В.Д.Кулікоўская. — Падчас тлумачэння новых правіл прыводжу да іх прыклады з казак. Так, калі вучні знаёмяцца з займеннікамі, можна выкарыстаць малюнак трохгаловага дракона. Пры вывучэнні дапаможных дзеясловаў гэты ж малюнак можна дапаўняць, дамалёўваючы да кожнай галавы полымя з неабходнымі словамі.
Таксама Вікторыі Дзмітрыеўне падабаецца арганізоўваць настольныя гульні. Праверыць дамашняе заданне ў цікавай форме ёй дапамагаюць віктарыны. А яшчэ даспадобы парная работа, якую заўсёды добра ўспрымаюць вучні. Таму нярэдка на ўроках яны спачатку працуюць індывідуальна, а пасля — у парах, правяраючы веды адно аднаго.
Увогуле ж маладая настаўніца зразумела: на ўроку абавязкова павінен быць нейкі яркі, запамінальны элемент! Гэта могуць быць казка ці гульня, прэзентацыя ці мультфільм на замежнай мове… Усё гэта, вядома ж, павінна добра спалучацца з тэмай урока, працаваць на яе. Тады час пралятае хутка і цікава, а вынік радуе і педагога, і дзяцей!
Настаўніца стараецца, каб фізкультмінуткі таксама былі цікавымі і карыснымі адначасова і для здароўя, і для замацавання ведаў па прадмеце. Для гэтага ў яе ўжо ёсць адна з добрых вынаходак — сакрэтны канверт. У яго складаюцца словы і словазлучэнні па пэўнай тэме, напрыклад “Заняткі вясной” у 3 класе. Дзеці становяцца ў круг і адно за адным пад музыку выцягваюць з канверта карткі з заданнямі (гуляць у валейбол, плаваць і г.д.). Вучню неабходна рухамі паказаць тое, што напісана. Астатнія дзеці адгадваюць словы і робяць гэта, вядома ж, на англійскай мове.
Напрыканцы ўрока Вікторыя Дзмітрыеўна стараецца цікава правесці рэфлексію. Ёй важна, каб на гэтым этапе кожны вучань сам прааналізаваў, што ён зразумеў, а што — не, на які момант варта звярнуць больш увагі пры выкананні дамашняга задання. Адзін з правераных, эфектыўных варыянтаў рэфлексіі — “Фруктовае дрэва”. Дзеці бяруць розныя стыкеры ў форме груш, яблыкаў і іншых фруктаў і пішуць на іх, што ім спадабалася на ўроку, што выклікала цяжкасці. Затым адказы-стыкеры замацоўваюцца на дрэве. Дзецям падабаецца такі эфектны канец урока, а настаўніца можа адзначыць для сябе, што ёй удалося, а што варта змяніць.
— Важна, каб урок у выніку атрымаўся небанальным, меў свае адметнасці, — заключае маладая настаўніца. — Інакш дзеці губляюць цікавасць і механічна робяць тое, што ім гавораць, выключна дзеля таго, каб не атрымаць нізкую адзнаку. Але гэта не самая лепшая матывацыя для вучобы!
Таццяна ШЫМКО.