Найважнейшая задача — бяспека дзяцей

Абласны вучэбна-метадычны семінар па прафілактыцы і своечасовым папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, захаванні бяспечнага падвозу непаўналетніх ад месцаў жыхарства да месцаў навучання і выхавання і назад адбыўся ў Віцебску.

Як праінфармавала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Марына Бабашынская, мерапрыемства было арганізавана з мэтай навучання спецыялістаў упраўленняў (аддзелаў) па адукацыі, цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый па пытаннях прафілактыкі і папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, бяспечнага падвозу навучэнцаў і выхаванцаў, правядзення штодзённага кантролю за станам школьных аўтобусаў. У семінары, што праходзіў на базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, прынялі ўдзел прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі і ўпраўлення ДАІ УУС аблвыканкама, абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці арганізацый сістэмы адукацыі, філіяла транспартнай інспекцыі па Віцебскай вобласці.

— Наша найважнейшая задача — забеспячэнне камфортных і бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў, выхаванцаў ва ўстановах адукацыі, іх падвозу да месцаў навучання і, адпаведна, да месцаў пражывання, — падкрэсліла Марына Бабашынская. — Тэматыка семінара таксама ўключае знаёмства са змяненнямі ў заканадаўстве, якія непасрэдна закранаюць названыя пытанні. 

Начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Аляксандр Казючыц у сваім выступленні прааналізаваў стан дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму на тэрыторыі рэгіёна, правядзенне спецыяльных комплексных мерапрыемстваў у гэтым напрамку і азнаёміў з прыярытэтнымі задачамі па захаванні бяспекі дзяцей на вуліцах і дарогах. Дэталёвы аналіз дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам школьных аўтобусаў і мер па папярэджанні падобных выпадкаў правёў дзяржаўтаінспектар аддзялення тэхнічнага нагляду і прафілактыкі міжраённага аддзела ДАІ УУС Ігар Путаў. Аб патрабаваннях, якія прад’яўляюцца да дадатковага абсталявання і камплектацыі школьных аўтобусаў, расказаў вядучы спецыяліст філіяла УП “Белтэхнагляд” у Віцебскай вобласці Павел Марковіч. На шэрагу актуальных момантаў арганізацыі перавозак груп дзяцей да месцаў навучання і назад, допуску вадзіцеляў да іх выканання засяродзіў увагу намеснік начальніка ўпраўлення кантролю аўтамабільнага транспарту філіяла транспартнай інспекцыі па Віцебскай вобласці Васіль Ісакаў. Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі і меркаваннямі па асобных праблемах і канкрэтных сітуацыях, атрымалі падрабязныя кансультацыі спецыялістаў, паўдзельнічалі ў практычных занятках са школьным аўтобусам.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.