Найвышэйшы пілатаж

- 15:09Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Вучаніцы настаўніцы беларускай мовы сярэдняй школы № 1 Лепеля Вольгі Зарэцкай паказалі на ЦТ максімальны вынік.

Адметна, что сама педагог, калі была абітурыенткай, у прыёмную камісію ВДУ імя П.М.Машэрава прадаставіла таксама 100-бальны сертыфікат па любімым прадмеце.

Лепяльчанкі Анжалі­ка Азаронак і Дана Мастоўнікава сяб­руюць з 5 класа. Абедзве залатыя медалісткі сярэдняй школы № 1 райцэнтра мараць аб прафесіі ўрача і ўпэўнена набліжаюцца да сваёй мэты, паступаюць у медыцынскі ўніверсітэт. На цэнтралізаваным тэсціраванні дзяўчаты паказалі выдатныя вынікі: у Анжалікі — 91 бал па біялогіі і 97 па хіміі, у Даны — 92 і 90 адпаведна. Па беларускай мове ў кожнай — па 100 балаў. Двайны абсалютны вынік на ЦТ вучні Вольгі Аляксандраўны прадэманстравалі ўпершыню, разам з тым мінімум 90 баламі яны радуюць амаль штораз. Прычым здаюць беларус­кую мову не адзінкі, а па 15—17 выпускнікоў. Найвышэйшы бал быў і ў Кацярыны Гардзей, якая, дарэчы, сферай дзейнасці зноў жа выбрала ахову здароўя, скончыла медуніверсітэт і першы год працуе. 

Што трэба абавязкова зрабіць настаўніку і вучням, каб прыйсці да поспеху?

Анжаліка Азаронак:

— Насамрэч лепш рыхтавацца з 10 класа і не хапацца за ўсё адразу. Аптымальна займацца два-тры разы на тыдзень. Паўтарыць тэму, раза­браць яе, папрацаваць над тэстамі — і ты яе добра засвоіш. Я пераканалася на ўласным вопыце: у заданнях некаторыя канструкцыі, словы паўтараюцца. Калі ўбачыла свой варыянт, зразумела, што падобнае неаднойчы сустракала і ведаю, як выканаць.

Арганізаваць сябе. Калі ты проста хутка прабегся па заданнях, як змог іх выканаў, нешта зазубрыў і далей пайшоў па сваіх справах, то, нават калі штодня так займацца, усё роўна нічога добра не запомніш. Неабходна разбірацца, аналізаваць, супастаўляць. Не ўдаецца выканаць заданне? Магчыма, справа не ў няведанні. Паспрабуйце на пэўны час адкласці заданне, каб узяцца за яго са свежай галавой. Калі зноў не атрымалася, толькі тады ўжо трэба звярнуцца да тэорыі, запоўніць прабел у ведах.  

Калі ў нейкім слове сумняваешся, не памятаеш дакладна правіла, раю падключаць логіку. Яна заўсёды дапамагае. Падумаўшы, можна ўспомніць правіла ці разабрацца, чаму тут менавіта такое напісанне. 

На тэсціраванні трэба трымаць сябе ў руках. Калі будзеш сядзець і нервавацца, гэта бу­дзе шкодна ў першую чаргу для цябе самога. Мы больш накручваем сябе перад ЦТ, а калі прыяз­джаеш, то бачыш: усё не так і страшна. Ты спакойна выконваеш заданні, нішто і ніхто не перашкаджае, а часу дастаткова, каб паспець выка­наць тэст, праверыць яго — і не адзін раз. Трэба вельмі ўважліва запаўняць бланк, бо прыкра, калі там здарыцца памылка. Галоўнае — сканцэнтравацца і супакоіцца.

Сапраўды карысна шмат чытаць беларускую літаратуру. Таму што, у крайнім выпадку, калі ты не памятаеш правіла, а слова табе знаёмае, то ты проста ведаеш, як яно пішацца правільна. 

Дана Мастоўнікава:

— Трэба вучыць тэорыю, пісаць канспекты, каб была структураванасць і сістэмнасць. Дзякуючы Вользе Аляксандраўне, у нас быў добра адпрацаваны план работы. Да сярэдзіны 11 класа паўтарылі ўсю праграму, далей займаліся тэстамі — такім чынам напрацоўвалася база. Нікуды не спяшаліся, займаліся паслядоўна, у мерным тэмпе.  

Варта выкарыстоў­ваць тое, у чым ты моцны. У мяне, напрыклад, добрая зрокавая па­мяць. Калі ўспамінаю неабходнае правіла, перад вачыма паўстае старонка з майго канспекта: бачу не толькі слова, да якога адносіцца пытанне, але яшчэ і прыклады побач. Канспект вельмі дапамог мне. Калі ж у памяці няма патрэбнага слова, якое трапілася ў заданні, раю даверыцца моўнаму чуццю на мяжы інтуіцыі. Проста самі сабе прагаварыце гэтае слова, услухайцеся, як з першага разу яно прагучала. Наўрад ці яно зусім вам не знаёмае, хутчэй за ўсё, некалі сустракалася. У маім тэсце якраз было такое. Напісала, задумалася, падставіла іншую літару — не, няправільна выглядае, пакінула як ёсць. Не памылілася. 

Многа практыкавацца. У тэстах сустракаецца шмат знаёмых слоў, сказаў з падобнай структурай. Канечне, кожны год ёсць пэўныя змянен-
ні — не варта іх палохацца. Сёлета ў адным заданні было не проста “пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку”, а далі схему і прапанавалі адказаць, што адпавядае гэтай схеме. Калі валодаеш тэмай, розніца не істотная.

Асабіста для мяне няпростая тэма — фразеалогія. Там як пашанцуе, ты можаш ведаць фразеалагізм ці не. Таму вельмі важна чытаць мастацкую літаратуру. У мяне яшчэ бабуля з дзядулем — невычэрпныя крыніцы фразеалагізмаў. Дадаткова я глядзела відэа ў інтэрнэце на беларус­кай мове, дзе тлумачыцца ўжыванне моўных адзінак. І неяк паступова прыйшло ўсведамленне, што мова жывая, яна не ўзнікла калісьці і застыла, а развіваецца. Немагчыма ўсё запомніць, бо нават мы самі зараз прыдумваем новыя словы. Гэтае разуменне пашырае кругагляд, і ты ўжо не так баішся незнаёмага. 

Трэба добра адпа­чыць перад іспытамі. Не варта вучыць у апошнюю ноч, інакш назаўтра будзеш сонны, каму гэта на карысць? Трэба выбраць спосабы, што дапамагаюць сабрацца. Асабіста я, каб супакоіцца, глыбока дыхаю, канцэнтруюся на рытме дыхання. Потым розум падключаецца, і асэнсоўваю: усё ў парадку, атмасфера добразычлівая, часу хапае. Можна працаваць!

Вольга Зарэцкая:

— Часцей размаў­ляць і не баяцца памылак. Паколькі зносін на беларус­кай мове менш, чым на рускай, дзеці нават падсвядома баяцца памыліцца, асабліва на кантрольных, экзаменах і ЦТ. Адна з маіх галоўных задач, пачынаючы з 5 класа, — каб вучні пераступілі ўнутраную грань баязлівасці. Пасля школы многія выбіра­юць тэсціраванне менавіта па беларускай мове: зна­чыць, у нас атрымліваецца. Не памыляецца толь­кі той, хто нічога не ро­біць. Я разам з імі вучуся — гэта ўзаемны працэс. Зрэдку бывае, што на ўроку ў пэўныя моманты сама не поўнасцю ўпэўнена ў нечым. Тады не саромеюся прызнацца: “Думаю, што так, аднак сумняваюся. Давайце разам паглядзім і высветлім”. Зразумела, падчас наступнай сус­трэчы лепш за ўсіх валодаць тэмай павінен настаўнік.

Пачаць займацца з 10 класа, а не з выпускнога. Чытаць кнігі, мастацкую літаратуру, паглыбляцца ў мову, каб адчуць сябе ў ёй нібы рыба ў ва­дзе. Адштурхоўвацца трэба ад тэорыі. Пастаянная практыка, твор­часць, імправізацыя — неад’емныя складнікі, але тэарэтычны падмурак неабходны. Галоўнае — рыхтавацца сістэмна, каб усё было роўненька, па парадку, каб была логіка заняткаў. Калі не ведаем часціны мовы, ну як можна пра дзейнік, выказнік, працяжнік расказ­ваць? Таму пачынаем з гука і заканчваем тэкстам. На ЦТ таксама не раю скакаць па заданнях. Здаецца, што не справіцеся? Без панікі. Выдыхнулі, супакоіліся і выконваеце ўсё паслядоўна: ад простага да складанага.  

Вучням важна не толькі ведаць прадмет, але і быць псіхалагічна пад­рыхтаваным да іспытаў. Трэба хаця б мінімальна разбірацца, як працуе псіхіка, калі чалавек трапляе ў складаную сітуацыю, як арганізм рэагуе на стрэс і як з ім спраўляцца. Іншымі словамі, трэба навучыцца слухаць і разумець сябе.

Дапускаю, што не ўсе калегі са мной паго­дзяцца, але я ўпэўнена: вучню трэба адразу выбраць, па рускай ці беларускай мове ён будзе пісаць тэст. Пры падрыхтоўцы варта сканцэнтравацца на нечым адным. Мовы блізкія, роднасныя — і гэтае падабенства збівае вучняў, перашкаджае бачыць асаб­лівасці кожнай з іх. Ка­нечне, можна пераду­маць за час вучобы ў старшых класах, змя­ніць прыярытэты. Толькі ў такім выпадку атрымаць найвышэйшы бал будзе вельмі складана.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.