Накіраваныя на развіццё

- 14:50Планёрка ў рэгіёне

Навабеліцкі раён — частка Гомеля, што, безумоўна, накладвае свой адбітак на арганізацыю сістэмы адукацыі. Але тут змаглі стварыць цэласную і эфектыўную мадэль адукацыйна-выхаваўчай прасторы. Сёння ў цэнтры ўвагі гэтай мадэлі — прафесійны рост настаўніка. Набытым вопытам з намі дзеліцца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Навабеліцкага раёна Гомеля Алена Віктараўна КАВАЛЁВА.

— Алена Віктараўна, пачнём з агульнай карціны сістэмы адукацыі вашага раёна. Куды вы рухаліся і чаго дасягнулі ў 2017/2018 навучальным годзе?

— Найперш хачу адзначыць, што Навабеліцкі раён пашыраецца, растуць мікрараёны-новабудоўлі, павялічваецца колькасць выхаванцаў і навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. За перыяд з 2017 па 2018 год колькасць выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі павялічылася і склала 3440 чалавек. Колькасць вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі таксама вырасла, і ў 2017/2018 навучальным годзе навучальныя ўстановы наведвалі 7530 дзяцей.

Аддзелам адукацыі, спорту і турызму Навабеліцкага раёна Гомеля ў гэтым годзе асаблівая ўвага ўдзялялася павышэнню кваліфікацыйнага ўзроўню педагагічных работнікаў: за 2017/2018 навучальны год кваліфікацыю павысілі 155 чалавек, з кваліфікацыйным экзаменам на вышэйшую катэгорыю справіліся 47 педагогаў, што дазваляе павысіць узровень заработнай платы. Таксама актывізавана работа па пошуку і прасоўванні таленавітай моладзі. З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі былі праведзены мерапрыемствы па выяўленні і падтрымцы творчых актыўных маладых спецыялістаў праз удзел у конкурсах (лепшы класны кіраўнік, пасвячэнне ў педагогі, канферэнцыі БДУ па развіцці прадпрымальніцтва ў адукацыі і інш.).

Працягваецца работа з адоранымі вучнямі. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды дыпламантамі сталі 13 вучняў, на заключным этапе пераможцамі сталі двое навучэнцаў. Вучні раёна прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах і канферэнцыях розных узроўняў: у 2017/2018 навучальным годзе было 428 удзельнікаў і 328 дыпломаў. Штогод навучэнцы сярэдніх школ раёна атрымліваюць стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Як развіваеце інфарматызацыю ва ўстановах адукацыі? Ці працуе ў вас праект “Электронная школа”?

— Канцэпцыя інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года ставіць асноўныя задачы, напрамкі інфарматызацыі ва ўстановах адукацыі, вызначае базавыя прынцыпы, падыходы і ўмовы для паспяховай рэалізацыі працэсу інфарматызацыі. У кожнай ўстанове адукацыі Навабеліцкага раёна ёсць камп’ютарныя класы для арганізацыі вучэбнага працэсу. Стандарт забяспечанасці камп’ютарнай тэхнікай выконваецца ў поўным аб’ёме.

Працягваецца работа па набыцці праграмнага забеспячэння па падтрымцы выкладання і адпрацоўцы навыкаў па вучэбных прадметах з прымяненнем камп’ютарных тэхналогій. Ва ўстановах адукацыі раёна існуе электронны журнал і дзённік. Таксама ва ўсіх установах адукацыі выкарыстоўваюцца для правядзення вучэбных заняткаў, праверкі ведаў вучняў, падрыхтоўцы да цэнтралiзаванага тэсцiравання платформы “ЯКласс” (трэнажор ведаў), “Знай.бай” (інтэрактыўныя тэсты па пройдзеным матэрыяле).

Для захавання бяспекі ва ўсіх установах адукацыі раёна ўстаноўлены камеры відэаназірання. Для забеспячэння кантролю доступу рэалізавана чыпіраванне дзвярэй ва ўсіх дашкольных установах і ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

— А як ідуць справы з профільным навучаннем, дапрофільнай падрыхтоўкай, пра якую сёння шмат гавораць?

— Штогод ва ўстановах адукацыі раёна для задавальнення патрэб навучэнцаў у падрыхтоўцы да ўступных іспытаў і далейшым выбары прафесіі фарміруюцца класы (групы) для вывучэння прадметаў на павышаным узроўні. У раёне ў кожнай установе адукацыі адкрыты профільны клас або група, застаюцца запатрабаванымі профільныя педагагічныя групы, у якіх мэтанакіравана ідзе падрыхтоўка вучняў да будучай прафесіі педагога.

— Што цікавага ва ўстановах адукацыі раёна плануецца на летнія канікулы?

— Асаблівая ўвага ў 2017/2018 навучальным годзе ўдзелена арганізацыі часовай працоўнай занятасці школьнікаў у летні перыяд. У дзяцей пачаліся самыя доўгачаканыя канікулы. Гэта час, калі школьнікі могуць забыцца пра падручнікі і дамашнія заданні, уволю выспацца і нагуляцца, а яшчэ прынесці карысць іншым. Ва ўсіх школах раёна для хлопчыкаў і дзяўчынак свае дзверы адчынілі прышкольныя лагеры (на 1265 чалавек).

Мабыць, не будзе перабольшаннем сказаць, што вялікім попытам карыстаюцца працоўныя атрады, у якіх хлопцы і дзяўчаты могуць крыху падзарабіць. Праекты па другаснай занятасці самыя розныя (пашыў пасцельнай бялізны для дашкольных устаноў і выраб дэкаратыўнай агароджы, рамак, мальбертаў, рамонт кніг у школьных бібліятэках), але ў адным можна быць упэўненым: жадаючых паўдзельнічаць шмат, такой формай занятасці ў раёне ахоплены 230 навучэнцаў ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў.

Варта адзначыць, што ў гэтым годзе да дзейнасці па арганізацыі занятасці падключыліся ўсе міжведамасныя арганізацыі і грамадскія аб’яднанні раёна (арганізаваны і наведванне пажарнай часці, трэнінгавыя заняткі на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, наведванне бібліятэкі, сустрэчы з цікавымі людзьмі розных прафесій, наведванне ўстаноў культуры і спорту Гомеля, удзел у акцыях БРСМ і Чырвонага Крыжа і многае іншае). Пры планаванні выхаваўчай работы таксама ўлічваюцца ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці вучняў. З мэтай рэалізацыі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў план уключаны мерапрыемствы, якія прадугледжваюць знаёмства з гістарычнай і культурнай спадчынай малой радзімы: конкурсы, выставы творчых работ; гутаркі, інфармацыйныя гадзіны, адкрытыя мікрафоны, экскурсіі ў музеі.

Калі гаварыць пра занятасць вучняў устаноў адукацыі Навабеліцкага раёна па відах дзейнасці і ў колькасным плане, то ў нас 770 навучэнцаў будуць заняты ў прышкольных аздараўленчых лагерах, лагеры працы і адпачынку прымуць 230 навучэнцаў, палатачныя перасовачныя лагеры з дзённым знаходжаннем — 195 навучэнцаў. У валанцёрскія атрады запісалася 585 навучэнцаў, у брыгады па добраўпарадкаванні і азеляненні — 462 навучэнцы, у вучэбныя вытворчыя брыгады — 471 чалавек, спартыўныя лагеры прымуць 70 дзяцей.

— А што больш за ўсё хвалюе сёння начальніка аддзела адукацыі?

— Больш за ўсё хвалюе забяспечанасць месцамі ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, таму з нецярпеннем чакаем будаўніцтва новай установы адукацыі ў 104-м мікрараёне і завяршэння рэканструкцыі будынка па вуліцы Міжнароднай.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.