Накіроўваць інавацыйныя рэсурсы на мадэрнізацыю праблемных прадпрыемстваў недапушчальна

Асноўны аб’ём дзяржаўнай фінансавай падтрымкі за кошт інавацыйных фондаў павінен аказвацца на льготнай, але зваротнай аснове, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаўся ход рэалізацыі дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця Беларусі да 2020 года.

“Лічу, што ў мэтах павышэння фінансавай дысцыпліны і адказнасці за своечасовую рэалізацыю праектаў асноўны аб’ём дзяржаўнай фінансавай падтрымкі за кошт інавацыйных сродкаў павінен аказвацца на льготнай, але разам з тым зваротнай аснове. Адпаведны механізм ужо створаны — гэта Беларускі інавацыйны фонд”, — адзначыў Сяргей Румас.

На пасяджэнні Прэзідыума Саўміна размова таксама ішла аб праблемах з асваеннем сродкаў інавацыйных фондаў. У 2018 годзе асваенне сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду склала амаль 94 працэнты планавых значэнняў, мясцовых інавацыйных фондаў — 74 працэнты. Сяргей Румас звярнуў увагу на нізкую фінансавую дысцыпліну асобных атрымальнікаў сродкаў. “Выдзеленыя рэсурсы не асвойваюцца ў тэрмін, а ўрад у канцы года ў аўральным рэжыме вымушаны прымаць рашэнні аб іх пераразмеркаванні. Лічу, што тыя прадпрыемствы, якія ўзялі на сябе абавязацельствы па рэалізацыі праекта з прыцягненнем сродкаў інавацыйных фондаў і не выканалі іх, павінны завяршаць рэалізацыю праектаў не за кошт сродкаў бюджэту”, — адзначыў ён.

Кіраўнік урада канстатаваў, што ў многіх рэгіёнах пакуль не выбудавана работа па пошуку і адборы для фінансавання праектаў, накіраваных на фарміраванне высокатэхналагічных сектараў эканомікі. Так, калі Мінскі гарвыканкам у 2018 го­дзе выдзеліў сродкі на рэалізацыю 11 праектаў пятага і ­шостага тэхналагічных укладаў, Мінскі абл­выканкам — 3 праекты, Брэсцкі і Віцебскі — па 1, то Гомельскі, Гродзенскі і Магілёўскі аблвыканкамы не фінансавалі такія праекты наогул. “Замест гэтага значная частка рэсурсаў часта накіроўваецца на мадэрнізацыю праблемных прадпрыемстваў традыцыйных галін. Зразумела, што і гэтыя прадпрыемствы неабходна мадэрніза­ваць, але не на шкоду развіццю новых сектараў эканомікі. Прыярытэт павінен аддавацца найбольш эфектыўным праектам”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Паводле дзяржпраграмы іна­вацыйнага развіцця Беларусі, у 2018 го­дзе выконваліся 94 праекты, з іх на праектную магутнасць выйшлі 10 вытворчасцей, створана 20 новых вытворчасцей, працуе сетка суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры з 25 арганізацый, створана і мадэрнізавана амаль 3 тысячы рабочых месцаў. Дзякуючы прынятым мерам, ­забяспечаны рост усіх паказчыкаў ­інавацыйнага развіцця краіны, але разам з тым шэраг заказчыкаў праграмы асобныя з гэтых паказчыкаў сістэматычна не выконвае. Сярод іх — Мінбуд­архітэктуры, Мінсельгасхарч, Мінтранс, Нацыя­нальная ­акадэмія навук, канцэрн “Беллег­прам” і Мінскі аблвыканкам. “Недастатковая работа некаторых заказчыкаў дзяржпраграмы не дазволіла забяспечыць ва ўстаноўленыя тэрміны ўвод у эксплуатацыю аб’ектаў па 14 праектах, выхад на праектную магутнасць — па 10, выкананне рабочых этапаў — па 24 праектах. Адсюль і пераносы тэрмінаў рэалізацыі інавацыйных праектаў, і перакідванне аб’ёмаў фінансаван­ня паміж этапамі праектаў. Асноў-ная прычына — нізкая ­выканальніцкая дысцыпліна”, — адзначыў ­Сяргей Румас. Па асобных праектах Мін­прама, Мін­будархітэктуры, Мін­транса, Магілёўскага абл­вы­канкама, нягледзячы на даручэнні, не ліквідавана адставанне, дапу­шчанае яшчэ ў 2017 годзе.

“Аналіз выканання як асобных ­мерапрыемстваў, так і ­дзяржаўнай праграмы ў цэлым паказвае ­наяўнасць праблем. Некаторыя з іх ма­юць сістэмны характар. 2019 год — год пачатку работы над новай дзяржаўнай праграмай на наступную пяцігодку. Існуючыя сёння праблемныя пытанні не павінны пераходзіць у яе”, — рэзюмаваў кіраўнік урада.