Наладзіць мікраклімат

Сучасная сям’я развіваецца ва ўмовах якасна новай і супярэчлівай грамадскай сітуацыі. З аднаго боку, адзначаецца паварот грамадства да праблем і патрэб сям’і, распрацоўваюцца і рэалізуюцца праграмы па павышэнні яе значнасці ў выхаванні дзяцей, з другога — назіраюцца працэсы, якія прыводзяць да абвастрэння сямейных праблем. Гэта рост колькасці разводаў, якія адмоўна ўплываюць на псіхіку дзіцяці, ужыванне алкаголю падлеткамі і г.д.

Усім вядома, што ў такіх сем’ях дзіця не заўсёды знаходзіць адказы на свае пытанні. І каб яно не шукала іх на вуліцы, побач павінен быць спагадлівы настаўнік ці работнікі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі (СППС). Тут праца пачынаецца з даверу. У выніку індывідуальных сустрэч, кансультацый, наведванняў сям’і і асабістых гутарак з бацькамі вызначаецца кола праблем, з якімі сутыкаецца сям’я.

Сямейная нядобранадзейнасць і падлеткавая злачыннасць — гэта звёны аднаго ланцуга, і праца, якая праводзіцца ў Навасёлкаўскай базавай школе ў гэтым напрамку, будуецца ў цесным супрацоўніцтве дырэктара школы, класных кiраўнiкоў, педагога-псіхолага і сацыяльнага педагога. У працы з бацькамі варта ўлічваць іх фізічнае здароўе, узровень развіцця, жыллёвыя ўмовы і інш. Цеснае супрацоўніцтва школы з дашкольнай установай адукацыі па раннім выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці дазваляе пастаянна абменьвацца інфармацыяй, выпрацоўваць сумесныя стратэгіі для вырашэння складаных пытанняў.

Роля СППС у аднаўленні сямейнага мікраклімату, дзіцяча-бацькоўскіх адносін вельмі вялікая. Ужо некалькі гадоў у нашай школе праводзяцца сумесныя мерапрыемствы з вучнямі і іх бацькамі ў шосты школьны дзень з мэтай развіцця сямейнай творчасці і супрацоўніцтва сям’і і школы, выхавання ў дзяцей пачуцця любові і павагі да бацькоў, гонару за сваю сям’ю. Даволі папулярнай і запатрабаванай у працы з бацькамі і вучнямі з’яўляецца клубная дзейнасць. Так, клуб “Сям’я” ў нашай школе быў створаны з мэтай актывізацыі ролі бацькоў у выхаваўчым працэсе. Найбольш яркімі і запамінальнымі мерапрыемствамі з’яўляюцца сямейныя святы і канферэнцыі бацькоў: “Які бацька патрэбен дзіцяці?”, “Мастацтва быць бацькам”, “Дом, у якім ты жывеш” і інш.

Сёння жыццё ў вёсцы працякае гэтак жа актыўна, як і ў горадзе. У Навасёлкаўскай базавай школе для навучэнцаў 9 класа праводзіцца факультатыў “Гендарнае выхаванне”, дзе падлеткі разам з класным кіраўніком імкнуцца разгледзець значэнне сям’і ў выхаванні будучага пакалення, абмеркаваць ролю мужчыны і жанчыны, рыхтуюцца да самастойнага сямейнага жыцця.

Стымулам для ўмацавання сямейных адносін з’яўляюцца дзеці. Яны прымаюць паводзіны бацькі і маці, уважліва прыглядаюцца да іх узаемаадносін. Не варта наракаць на тое, што на выхаванне не хапае часу. Дзецям патрэбны сябры, здольныя зразумець, дапамагчы, падтрымаць, навучыць усяму добраму, што ўмеюць самі, і падрыхтаваць да самастойнага жыцця. Дзеці павінны ведаць, што добрай з’яўляецца тая сям’я, дзе пануюць мір і згода, утульнасць і спакой. Дзе раніцай людзі вітаюцца адно з адным, а вечарам жадаюць добрай ночы. Дзе за паслугу і за клопат дзякуюць, а за няўважлівасць просяць прабачэння. Вельмі хочацца, каб такая сям’я была ў кожнага дзіцяці.

Алена ТОЛКІНА,
настаўніца гісторыі, сацыяльны педагог Навасёлкаўскай базавай школы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *