Налегчы на вёслы

- 15:14Выхаваўчая прастора

Летнія ўспаміны

Ліпень выдаўся дажджлівым. Ледзь не кожны дзень — дождж, ды яшчэ які! Амаль трапічны лівень, або зарадзіць, як увосень, на дзень-другі. Але турысты ведаюць: у прыроды няма дрэннага надвор’я. Прызначаны паход, нягледзячы ні на што, павінен адбыцца! Гэта справа гонару! Выхаванцы Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска рыхтаваліся не проста ў паход, а ў паход спартыўны, катэгарыйны.

У водным паходзе важна не баяцца вады. Ну і няхай яна будзе не толькі знізу, пад байдаркай, але і зверху — у выглядзе дажджу. Для аматараў экстрыму, прыгод у гэтым ёсць сваё хараство.

Поспех любога мерапрыемства ў вялікай ступені залежыць ад якасці яго падрыхтоўкі. Першая палова лета прайшла ў распрацоўцы і вывучэнні маршруту, падрыхтоўцы рыштунку, складанні паходнага меню. Для рэалізацыі воднага паходу І катэгорыі была выбрана рака Пціч. Яна пачынае свой бег на схілах Мінскага ўзвыш­ша Дзяржынскага раёна, перасякае тэрыторыю Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей і ўпадае ў Прыпяць, адносіцца да басейна Чорнага мора. Рака не простая для байдарачнага сплаву, месцамі хуткабежная, пятляе сярод чароту і заліўных лугоў, а месцамі ўяўляе сабой адны перашкоды — заваленае паваленымі дрэвамі рэчышча, таплякі, якія выглядваюць з вады і гатовы распароць дно байдаркі нявопытнага турыста.

Мы лёгкіх шляхоў не шукаем. Чым складаней задача — тым цікавей маршрут! Дзе­сяць юных турыстаў разам з двума педагогамі цэнтра пачалі свой маршрут па рацэ Пцічы ад вёскі Крынкі Асіповіцкага раёна Магілёў­скай вобласці 9 ліпеня. Месца пачатку сплаву выбралі не выпадкова, яно знакавае: турыстычная стаянка на месцы былой сядзібы паме­шчыка Дарагана, дзе ў гады Вялікай ­Айчыннай вайны размяшчаўся дзіцячы санаторый, ператвораны фашыстамі ў гета. Тут вясной 1942 года былі расстраляны 84 дзіцяці, пра што на месцы трагедыі нагадвае памятны знак.

На эмацыянальным уздыме пачаўся ­150-кіламетровы сплаў па Пцічы. Размеркаваныя па экіпажах хлопчыкі і дзяўчынкі разам удасканальвалі тэхніку кіравання турыстычнай байдаркай, работу з вяслом. Вось і першыя перашкоды: разбураныя часам і вадой драўляныя масты, ствалы дрэў, якія выглядваюць з вады, бурлівае рэчышча. Тут вось і патрэбна майстэрства турыста-водніка. Без належнай падрыхтоўкі і спрыту лёгка трапіць у ня­простую сітуацыю. Прыгоды не прымусілі сябе доўга чакаць. Экіпаж першай байдаркі, недаацаніўшы перашкоду ў выглядзе бервяна, навіслага над ракой, дазволіў плыні паставіць судна бокам і зачарпнуў бортам ваду. Ды так удала, што праз імгненне байдарка гатова была ператварыцца ў падводную лодку. Прыйшлося з яе выйсці прама пасярод Пцічы (добра што глыбіня ракі была не большай за метр) і цягнуць байдарку да берага, каб вычарпаць ваду і працягнуць сплаў.

За 9 дзён падарожжа яшчэ не адзін раз, не справіўшыся з кіраваннем, экіпажы суднаў вычэрпвалі ваду, садзіліся на мель або тапляк, не разлічыўшы траекторыі пераадолення перашкоды, таранілі бераг. Але чым далей юныя турысты прасоўваліся па маршруце, тым больш упэўнена пераадольвалі перашкоды. Майстэрства ўдасканальвалася. І ўжо нават дождж не выклікаў нязручнасці — прывыклі да вады. Цяпер усё больш прырода і яе прыгажосць займалі ўвагу. Невялікія паселішчы на берагах Пцічы захаплялі помнікамі культуры і гісторыі: замчышча і славутасці Глуска, драўляная царква з больш чым з 200-гадовай гісторыяй у Гарадку, этнаграфічны музей у Дараганаве, зімовы сад у Парэцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Акцябрскага раёна.

Паход — гэта не толькі спорт, не толькі магчымасць выпраба­ваць і загартаваць сябе, але і даведацца пра гісторыю роднай зямлі. Кожны паход — гэта і ні з чым не параўнальная турысцкая каша з тушонкай, запраўленая дымком, і зорнае неба ў водблісках утульнага вогнішча, і сяброўская гутарка пра перажытыя прыгоды, і мары пра бурлівыя рэкі. Паход — гэта маленькае жыццё ў асяроддзі аднадумцаў і выдатнай беларускай прыроды, паход — гэта школа жыцця, дзе вучышся спраўляцца са сваімі страхамі, атрымліваеш фізічную загартоўку, дзе набываеш навыкі самастойнага жыцця і зносін з таварышамі, дзе даведваешся пра гісторыю роднай зямлі, атрымлі­ваеш самыя сапраўдныя ўрокі патрыятызму.

Непрыкметна праляцелі дзевяць дзён паходу. Юныя турысты не толькі пераадолелі 150-кіламетровы водны шлях, скончыўшы маршрут у маляўнічым урочышчы Ластаўчын Бераг за некалькі кіламетраў ад Парэчча Гомельскай вобласці, але і паспелі на працягу некалькіх дзён адпачыць, накупацца і пазагараць. Паход скончаны. Час вяртацца дадому. Але зноў загараюцца вочы, калі захо­дзіць размова: “А куды ж наступным летам?” Вабяць блакітныя дарогі, пах вогнішча, бязмежнае неба, якое ніколі не ўбачыш у вялікім горадзе, цішыня і някідкая, але чароўная прыгажосць роднай зямлі, малой, але такой бязмежна любімай радзімы.

Святлана МАКСІМОВІЧ,
метадыст Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска.