Нам без фізікі ўдачы не ўбачыць

Самым яркім прыкладам пазакласнай работы па фізіцы ў Шылавіцкай сярэдняй школе з’яўляецца прадметны тыдзень, падчас якога, дзякуючы выкарыстанню розных метадаў, можна сфарміраваць станоўчую матывацыю адукацыі дзяцей, удасканаліць уменне выкарыстоўваць свае веды і праяўляць ініцыятыву.

Пачаўся тыдзень з урачыстай лінейкі і пазакласнага мерапрыемства “Пасвячэнне ў фізікі” вучняў 7 класа.

На працягу тыдня былі праведзены разнастайныя мерапрыемствы: “Фізічная віктарына” для 8—9 класаў, “Фізбой” для 10—11 класаў, міні-канферэнцыя “Гісторыя фізікі” для 7—9 класаў.

Ужо некалькіх гадоў пацвярджаецца цікавасць вучняў усіх узростаў да работы наладжанай у кабінеце фізікі лабараторыі “Эксперыментум”, дзе вучні могуць пазнаёміцца з фізічнымі прыборамі, правесці самастойна доследы, сабраць электрычны ланцуг, паназіраць за аптычнымі з’явамі. З асаблівай цікавасцю наведваюць “Эксперыментум” вучні малодшых класаў. З аднаго боку, для іх гэта больш займальнае мерапрыемства, а з другога — першае знаёмства з настаўнікам, кабінетам фізікі, развіццё цікавасці да прадмета і, што важна, фарміраванне аўтарытэту настаўніка ў вачах вучняў.

Па ініцыятыве членаў савета кабінета ў план мерапрыемстваў была ўнесена работа рухомай лабараторыі. Вучні падрыхтавалі доследы, з якімі выступілі ў дзіцячым яслях-садзе. З асаблівай цікавасцю выхаванцы назіралі за міні-шоу мыльных бурбалак.

Адным з момантаў вывучэння фізікі з’яўляецца разуменне месца планеты Зямля ў космасе, сярод зорак. Гэта маглі ўявіць вучні падчас вячэрняга назірання “Знайдзі сваю зорку”. Хлопчыкі і дзяўчынкі назіралі за небам, шукалі сузор’і, карысталіся рухомай картай зорнага неба і тэлескопам.

Нельга не паказаць дзецям уплыў фізікі на навукова-тэхнічны прагрэс, не паведаміць пра спосабы атрымання энергіі, не звярнуўшы ўвагі на экалагічныя праблемы і тое, як важна працаваць над тым, каб выхаваць у сабе звычкі па энергазберажэнні.

На працягу ўсяго тыдня з выставы кніг “Старонкі фізікі” можна было даведацца пра новыя навуковыя адкрыцці, прыкладное выкарыстанне фізікі, самастойнае правядзенне займальных доследаў, азнаёміцца з матэрыяламі для падрыхтоўкі да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання.

Завяршыла тыдзень фізікі пазакласнае мерапрыемства “Нам без фізікі ўдачы не ўбачыць”, дзе вучні паказалі не толькі свае веды па прадмеце, але і праяўлялі творчасць, гумар і адказнасць.

За актыўны ўдзел у мерапрыемствах, за выкананне заданняў усе ўдзельнікі былі адзначаны салодкімі прызамі і добрымі адзнакамі, таксама былі агучаны вынікі тыдня і ўручаны граматы пераможцам.

Яўген ХАЯН,
настаўнік фізікі Шылавіцкай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.