Нам будаваць будучыню

Маладзёжны форум сабраў юнакоў і дзяўчат з усёй Гродзеншчыны, аб’яднаўшы іх у адзіным рэспубліканскім руху “Беларусь — гэта мы”.

Ужо на падыходзе да абласной філармоніі было зразумела: сюды спяшаюцца актыўныя, творчыя, неабыякавыя да ўсяго, што адбываецца ў краіне, маладыя людзі. А трапіўшы на форум, яны адразу акунуліся ў атмасферу маладосці, творчасці і крэатыву. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 1200 маладых людзей: студэн­ты, школьнікі, кадэты, лідары гра­мадскіх аб’яднанняў, маладыя спецыялісты розных галін.

На двух паверхах філармо­ніі, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці. Дарэчы, наліўнымі яблычкамі тут таксама частавалі гасцей. Асабліва багата было ідэй, якімі прадстаўнікі розных раёнаў і кірункаў дзейнасці шчыра дзяліліся адно з адным. Ну і як жа ў маладзёжным асяроддзі без прыемных знаёмстваў! Такую магчымасць меў кожны. Для гэтага неабходна было пацікавіцца напрамкамі дзейнасці, прадстаўленымі на разгорнутых платформах. Тут прэзентавалі будатрадаўскі рух, дзейнасць валанцёраў, заклікалі займацца спортам. У спецыяльную скрыню можна было апусціць картку са сваімі прапановамі і ініцыятывамі.

Гасцямі форуму ў Гродне сталі намеснік старшыні Гро­дзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка, старшыня маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ягор Макарэвіч, першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Ганна Сарасек.

Прывітальны адрас ад імя старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка зачытала Ганна Сарасек: “Прыемна, што аўдыторыя форуму схіляе да канструктыўнага, змястоўнага, адкрытага дыя­логу і прадукцыйнай працы. Прынёманскі край багаты на небезуважных, мэтанакіраваных, настойлівых, неардынарных і думаючых маладых лю­дзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй…”. Прыняўшы ўдзел у адкрытым дыялогу “Беларусь — гэта мы”, што стаў цэнтральнай пляцоўкай форуму, лідары маладзёжнага руху адказалі на пытанні юнакоў і дзяўчат Гро­дзеншчыны. Яны тычыліся работы моладзі ў студэнцкіх атрадах, сістэмы адукацыі, валанцёрскага руху “Добрае сэрца”, былі абмеркаваны і ўнесены ініцыятывы па ўдасканаленні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і інш. Адна з ініцыятыў моладзі Гро­дзеншчыны — напісаць зварот да нашчадкаў і закласці капсулу з ім у знакавым месцы вобласці.

— На Гродзеншчыне жы­вуць, вучацца і працуюць самыя яркія, цікавыя і творчыя маладыя людзі, — падкрэсліў падчас адкрытага дыялогу Дзмітрый Варанюк. — На форуме яны прадстаўляюць як свае праекты, так і творчыя ўменні і здольнасці. Гэта падкрэслівае той факт, што моладзь у Беларусі адзіная, мы ўсе разам. Мы можам прытрымлівацца розных поглядаў і меркаванняў, але галоўнае, мы любім Беларусь і хочам, каб яна развівалася. Важна не толькі нешта гаварыць, але і рабіць. Таму ў нашай краіне створана ўнікальная лічбавая платформа “Рух НАПЕРАД”, на якой акумулююцца пажаданні і прапановы наконт таго, як далей развіваць нашу Беларусь. На ёй сабрана ўжо каля паўтысячы такіх ініцыятыў, прапаноў, меркаванняў. Узнімаліся такія пытанні, як больш шырокае выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, далейшае развіццё маладзёжнай палітыкі. Абмяркоўваліся самыя розныя ініцыятывы па грамадскіх маладзёжных аб’яднаннях і іншыя пытанні. Мы цяпер іх аналізуем, а затым прадставім усёй грамадскасці і разам абмяркуем.

Першы сакратар Іўеўскага раённага камітэта БРСМ Арына Барадынкіна задала пытанне пра сацыяльныя сеткі. Маладзёжнага лідара цікавіла, як у велізарным інфармацыйным патоку накіраваць моладзь у па­трэбнае рэчышча, зацікавіць.

— Вельма важна, каб мала­дыя людзі сёння адчувалі любоў да роднай краіны, былі сапраўднымі патрыётамі, ганарыліся сімваламі сваёй дзяржавы. Упэўнена, нашу Беларусь чакае цудоўная і шчаслівая будучыня, але не трэба забы­ваць пра тое, што мы, моладзь, нясём за яе адказнасць, — адзна­чыла Арына Барадынкіна.

Удзельнікі форуму шчыра дзяліліся сваімі дасягненнямі і ўражаннямі ад маштабнага дзейства. Як расказала камандзір Гродзенскага абласнога штаба будаўнічых атрадаў Марыя Каваленка, у гэтым годзе на Гродзеншчыне было сфарміравана больш за 3 тысячы студэнцкіх атрадаў, у якіх працавала звыш 5 тысяч чалавек. Большасць з іх была задзейнічана ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, былі таксама педагагічныя, вытворчыя, нават медыцынскія атрады. Гродзенскія юнакі і дзяўчаты працавалі на двух маштабных рэспубліканскіх праектах: вытворчым “Атлант-2020” і на будаўніцтве інфраструктуры горада атам­шчыкаў Астраўца. Рашэннем аблвыканкама  абласной маладзёжнай будоўляй была аб’яўлена рэканструкцыя гарадской бальніцы № 3 пад абласны анкалагічны дыспансер, дзе працавалі два студэнцкія будатрады.

Цудоўным завяршэннем форуму стаў канцэрт, падчас якога працягваў працаваць адкрыты мікрафон, што дало магчымасць моладзі яшчэ раз акрэсліць сваю пазіцыю і падзяліцца ўражаннямі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.