Намалочана ўжо амаль 7 млн тон збожжа

- 12:02Інфармацыйная гадзіна

Беларускія аграрыі намалацілі амаль 7 млн т збожжа. Аб гэтым сведчаць аператыўныя даныя Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Так, па стане на 13 жніўня ў засекі засыпана 6 млн 964 тысячы т збожжа. Усяго ж, паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, у гэтым годзе беларускія аграрыі плануюць сабраць не менш як 8,7—8,8 млн т збожжа ў свірнавой вазе.
У разрэзе рэгіёнаў на 13 жніўня 1 млн 710 тысяч т намалацілі аграрыі Мінскай вобласці, 1 млн 320 тысяч т убрана з палёў Брэсцкай вобласці, крыху менш — 1 млн 293 тысячы т — намалацілі ў Гродзенскай вобласці. Блізкія да мільённага рубяжа Магілёўская і Гомельская вобласці, дзе намалот складае 940,5 тысячы т і 937 тысяч т адпаведна. У Віцебскай вобласці намалочана 763 тысячы т збожжа.
У цэлым па рэспубліцы збожжавыя і зернебабовыя ўбраны ўжо з 84% плошчы. Бліжэй за астатніх да завяршэння жніва Гомельская, Брэсцкая і Магілёўская вобласці, якім трэба ўбраць усяго 1,7%, 4,7% і 6,4% плошчы. У той жа час у Віцебскай вобласці ўбрана ўсяго каля 61% плошчы. Гэты рэгіён традыцыйна апошнім уключаецца ва ўборачную кампанію.
Паводле даных Мінсельгасхарча, сярэдняя ўраджайнасць па краіне складае 38,1 ц/га, што на 1,4 ц менш, чым у мінулым годзе. Самы высокі на сёння паказчык у Гродзенскай вобласці — з 1 га там убіраюць у сярэднім 50,7 ц збожжа.