Намалявалі настрой

- 16:09Нам пішуць

У нашай школе 16 лютага ўпершыню адбылася незвычайная «творчая майстэрня», у якой прынялі ўдзел навучэнцы, якія знаходзяцца на розных відах уліку.

Ніхто з хлопцаў не валодае выдатнымі творчымі здольнасцямі ў маляванні, але, знаходзячыся пад уражаннем работ аршанскага мастака, убачаных імі ў гарадскім цэнтры культуры «Перамога» падчас праваслаўнай выставы-кірмашу «Кладезь», хлопцы загарэліся ідэяй правесці нешта падобнае ў сябе ў школе. Праца над заданнем настолькі захапіла кожнага, што было прыемна бачыць тое, як сур’ёзна, заўзята яны займаліся творчасцю.
Навучэнцам было прапанавана намаляваць свой настрой або адлюстраваць фарбамі пэўны стан чалавека.
Ніхто не спяшаўся хутчэй скончыць працу, ніхто не ўспомніў пра тое, што можна зрабіць перапынак. І ў падказках падчас творчага працэсу ніхто не меў патрэбу, бо кожнаму хацелася адлюстраваць настрой самастойна, праявіўшы максімум самавыяўлення. На думку падлеткаў, заданне аказалася даволі складаным. Не адразу пачалі яны маляваць, спачатку разважалі, спрабуючы ўявіць радасць, дабро, вясну, каханне, свет, думалі, якія фарбы могуць узяць, каб адлюстраваць усе гэтыя станы і настрой.
Калі малюнкі былі гатовыя, калі запэцканыя фарбай, але задаволеныя, яны ўбачылі плён сваёй працы, было так прыемна бачыць іх вочы, поўныя радасці і гонару за тое, што праца атрымалася, што іх настрой атрымаў ўхвальныя водгукі аднакласнікаў, настаўнікаў, старшакласнікаў. А ў саміх падлеткаў з’явілася новае жаданне зрабіць нешта цікавае і карыснае.

Ала БАРЫШАВА,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 21 Оршы.