Намаляваць усмешку

- 10:11Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Калі я патэлефанавала Марыне Анатольеўне Татур — выхавальніцы ясляў-сада № 122 Мінска, фіналістцы мінулагодняга рэспубліканскага конкурсу “Крыштальны журавель”, і папрасіла дазволу наведаць яе адкрытыя заняткі з дзецьмі, яна адразу ж пагадзілася: “Хоць заўтра! Толькі заняткі будуць самыя звычайныя, для дзяцей 4—5 гадоў, якія запланаваны па праграме. Тэма іх — зімовыя забавы, назва — “У гасцях у Снегавіка”. Гэта ўвасабленне нашых адукацыйных планаў па падраздзеле “Дзіця і прырода”. Малышоў чакае цудоўная вандроўка ў зімовую краіну, дзе Снегавік задасць ім шмат цікавых пытанняў і прапануе змястоўныя адмысловыя заданні”.

У госці да Снегавіка

У самым пачатку заняткаў дзеці гуртам забягаюць у групу і становяцца ў круг. Гэта вельмі важны момант, які адразу збліжае малышоў. Марына Анатольеўна прапануе ўсім павітацца, прычым не толькі ўзяўшыся за ручкі, але і дакрануўшыся імі да шчочак, носікаў і нават жывоцікаў сваіх сяброў і абавязкова падарыць усмешку адно аднаму.
— Якія вы сёння прыгожыя і вясёлыя, — гаворыць Марына Анатольеўна. — А як вы лічыце, у мяне добры настрой? Па якіх прыметах вы гэта вызначаеце?
Адказ дзяцей быў самым непасрэдным:
— Таму што вы прывабная, прыгожа апранутая і ўсміхаецеся нам!
Потым малышы ўзяліся за рукі і пад вясёлую песеньку пачалі сваё падарожжа ў зімовую краіну. Іх чакаюць самыя нечаканыя пытанні, на якія яны будуць самастойна шукаць адказы, у атмасферы сяброўства і шчырасці раскрываць свае здольнасці.
Перш за ўсё дзеці адгадвалі загадку: “Са снегу, але не горка. Халодны, але не марожанае. Яго лепяць, але гэта не снежкі”. … І ў руках выхавальніцы з’явіўся мяккі цацачны снегавік. Марына Анатольеўна адразу ж папрасіла дзяцей апісаць яго, упрыгожыць добрымі словамі. Праз чароўны цацачны мікрафон, які перадаваўся з рук у рукі, малышы выказалі шмат цудоўных слоў і пажаданняў у адрас снегавіка. Дарэчы, “чароўны мікрафон” часта выкарыстоўваецца выхавальніцай, ён разнявольвае нават самых сціплых і сарамлівых дзяцей. Калі яны трымаюць яго ў руках, адбываецца цуд: нават самыя маўклівыя становяцца гаваркімі. Гэты метад дзейсны і ў малодшай групе. У якасці мікрафона могуць выкарыстоўвацца розныя цацкі і нават букеты з кветак.
Зімовае падарожжа суправаджаецца разнастайнымі пытаннямі. Напрыклад, на ўдакладненне: “Хто можа прывесці прыклад?” (з’явы, прадмета, аб якіх ідзе размова), “Хто што-небудзь дадасць ?”; на выяўленне прычыны сказанага і доказаў — “Чаму ты сказаў менавіта так?”, “А калі падумаць лепш?”; на ўласны пункт гледжання — “Хто не згодны і думае інакш?”; на разуменне падтэксту размовы, наступстваў магчымых дзеянняў — “Калі такое адбудзецца, што яшчэ можа атрымацца? Чаму?”; на дакладнасць адказаў — “Як мы можам гэта праверыць?”, “На гэтае пытанне лёгка адказаць ці складана?”. Пажадана, каб пытанні агучваліся гульнявымі персанажамі. На заняткі да малышоў прыходзяць і Мудрая сава, і Усязнайка, і іншыя казачныя героі, якія дапамагаюць выхавальніцы мадэляваць розныя змястоўныя і цікавыя для малышоў сітуацыі.
— Для самых кемлівых Снегавік падрыхтаваў шмат адмысловых пытанняў і заданняў, — працягвае Марына Анатольеўна. — Да кожнага з іх мы будзем ісці, напяваючы: “По снежной дорожке шагают наши ножки, через ямку прыг, через сугроб скок. Ох, устали и к первому заданию мы попали”. ( З гэтай жа песенькай крочаць і да другога, да трэцяга дзіцяці і г.д.).
Першая гульня — “Ператварэнне”. Дзеці выбіраюць карцінку з прапанаваных Марынай Анатольеўнай і з дапамогай свайго ўяўлення пераўвасабляюцца ў тое, што намалявана на ёй, апісваюць убачанае, а затым яшчэ расказваюць аб сваім жыцці зімой, аб тым, колькі асалоды яна ім дастаўляе. Пры гэтым дзеці даведваюцца, напрыклад, пра тое, як перажываюць зіму шчупакі, вожыкі, мядзведзі, а таксама свойскія жывёлы і птушкі, і аб тым, у якім стане знаходзяцца дрэвы зімовай парой.
Гульня “Я — Снегавік, ты — мая часцінка” пачынаецца з таго, што Марына Анатольеўна кідае мяч дзецям з тымі ж словамі і пытаецца: “А ты — якая часцінка?”. Малышы называюць адпаведна руку, нос, рот і г.д. Далей дзяцей зноў чакае гульня з мікрафонам “Мае сябры”.
“Сябрамі Снегавіка можна назваць усё, што белага колеру, — кажа выхавальніца. — Хто яны?”. Дзеці адказваюць: малако, халат, заяц, воблака — працягваць можна вельмі доўга. “Сябры Снегавіка — усё, што бывае халодным”. Дзеці захоплена шукаюць адказы. “Сябры Снегавіка — усё тое, што бывае круглым”. Малышы цягнуцца да мікрафона і наперабой называюць прадметы круглай формы.
Кожнаму, хто пажадаў, было дадзена слова. Раптам у канцы гульні Марына Анатольеўна заўважыла, што адзін хлопчык чамусьці вельмі сумны і ледзь не плача. Што здарылася? Проста ён вельмі хацеў расказаць пра сяброў Снегавіка, але сам не ведае, чаму не падышоў да мікрафона. Выхавальніца паднесла да яго мікрафон, хлопчык сказаў усё, што хацеў, і агульны добры настрой у групе быў адноўлены. Каб крыху адпачыць (якраз у сярэдзіне заняткаў), была аб’яўлена музычная паўза. Марына Анатольеўна прапанавала паспяваць і патанцаваць для Снегавіка пад песеньку “Дзве кропелькі”.
Потым пачалася гульня ў “Цудоўную торбачку”. Выхавальніца прынесла на заняткі торбачку з шарамі для ўпрыгожвання навагодняй ёлкі і прапанавала дзецям па чарзе даставаць іх: “Калі дастанеце сіні шарык — скажыце, за што любіце зіму, калі чырвоны — за што не любіце яе, і патлумачце чаму”. Малышы заплюшчвалі вочкі і выцягвалі ўпрыгажэнні.
Выкарыстоўваць гэтую дыдактычную гульню можна на любых занятках, пажадана ўнесці ў яе элементы эксперыментавання. Гульня дазваляе з дапамогай тактыльных адчуванняў сфарміраваць уяўленні дзяцей аб форме, велічыні прадметаў, пакладзеных у торбачку, і выклікаць пры гэтым станоўчыя эмоцыі і непасрэдную зацікаўленасць у выхаванцаў. Напрыклад, на занятках па матэматыцы ў торбачку можна пакласці аб’ёмныя геаметрычныя фігуры. Навобмацак дзецям пажадана вызначыць і назваць іх. Можна пакласці туды цацкі і прапанаваць малышам апісаць адну з іх, не дастаючы, а зноў жа навобмацак, што пасадзейнічае развіццю маўлення.
Падчас наступнай гульні зімовага падарожжа “Бывае-не бывае” выхавальнік даводзіць дзецям: “Калі тое, аб чым я вам скажу, зімой бывае — пахлопайце ў далонькі, калі ж не — патупайце нагамі. Слухайце ўважліва: снег на дрэвах, кветкі на паляне, лісце на бярозах, людзі ў шубах, лёд на рацэ, вясёлка ў небе…”. Малышы старанна хлопалі і тупалі. У гульні “Назаві ласкава” дзецям неабходна было ўсе “зімовыя” словы, якія яны пачулі ад выхавальніцы, назваць больш ласкава. І вынік не прымусіў сябе чакаць: снегавічок, саначкі, горачка, зімачка, шубачка, шапачка, сняжок, лядок, марозік, завейка…
Але не ўсе яшчэ заданні Снегавіка выканалі малышы. Прыляцелі раптам яго сябры — снежкі, але чамусьці невясёлыя. І дзеці на кружочках паперы намалявалі ім усмешкі і падарылі Снегавіку, прымацаваўшы снежкі на дошку.
У канцы заняткаў усе дружна развітваліся са Снегавіком і адказвалі на пытанні выхавальніцы: “Ці спадабалася вам падарожжа? Каго вы сустрэлі падчас яго? Якая гульня найбольш прыйшлася вам даспадобы?”. А ў руках Марыны Анатольеўны былі вясёлыя снежкі з усмешкай, ім малышы аддалі перавагу перад сумнымі — так яны ацанілі сваё падарожжа са Снегавіком. Зімовыя дзіцячыя забавы прадоўжыліся падчас прагулкі на садаўскім дворыку.

Дынамічныя, насычаныя, змястоўныя

Заняткі Марыны Анатольеўны былі вельмі дынамічнымі, насычанымі як па форме, так і па змесце. Усе дзеці стараліся як мага хутчэй адказаць на пытанні Снегавіка і ўвогуле пастаянна рухаліся. Марына Анатольеўна заўважыла: “У самым пачатку заняткаў заўсёды стараюся сабраць дзяцей у круг, таму што ён аб’ядноўвае. Вітаемся мы, як я ўжо казала, таксама незвычайна. Гэта дапамагае лепш настроіцца на заняткі. Прапаноўваю “згуляць у настрой”. Кажу, што па дарозе ў сад сустрэла Хмурылку, Дражнілку або Смяшылку, і дзеці з радасцю рэагуюць на гэта, дэманструюць мне адпаведныя эмоцыі. І ва ўсіх настрой становіцца добрым. Калі ж праводжу заняткі ў незнаёмай групе, прымяняю яшчэ і гульню-знаёмства з “чароўным мікрафонам”: дзеці па чарзе падыходзяць да яго і называюць сваё імя. Галоўнае, з першых хвілін стварыць даверлівыя адносіны, актывізаваць увагу малышоў. Далей пажаданы і момант нечаканасці. Сёння сюрпрызам для дзяцей быў Снегавічок. Павінна быць і праблемная сітуацыя: Снегавіку аднаму ў яго краіне сумна, ён шмат разважае, таму і прыдумаў шмат заданняў для малышоў”.
Калі казаць аб метадычных задачах, якія Марына Анатольеўна імкнецца вырашаць на сваіх занятках, то яны наступныя:
— сістэматызаваць уяўленні дзяцей аб асноўных прыметах зімы;
— сфарміраваць уменне вызначаць асноўныя функцыі і прыметы прадметаў, аб’ектаў, з’яў, якія так ці інакш абмяркоўваюцца падчас заняткаў;
— развіваць вобразнае мысленне, звязнае маўленне, памяць, увагу;
— выхоўваць пачуцці ўзаемадапамогі, радасці, добразычлівасці ў працэсе сумеснай дзейнасці.
“Зіма і зімовыя забавы — прыемная тэма заняткаў, падчас якіх замацоўваюцца ўжо атрыманыя ў большасці сваёй веды. Гэта не знаёмства з новым матэрыялам, дзеці разважаюць аб тым, што ведаюць, — адзначыла Марына Анатольеўна. — З усімі заданнямі малышы справіліся добра, узніклі, праўда, некаторыя цяжкасці з гульнёй “Ператварэнне”, калі трэба было маляўніча расказаць аб асобных з’явах, што адбываюцца з жывёламі і ў прыродзе зімой. Дзецям крыху не хапіла ведаў і ўяўлення. Што тычыцца астатніх заданняў, то часцінкі Снегавіка яны назвалі адразу ж, паколькі неаднойчы даводзілася называць на іншых занятках часткі лялек. Хтосьці з дзяцей быў асабліва актыўны. Так, Антон, напрыклад, хацеў хутчэй адказаць, хутчэй зрабіць усё, яму не хапала ўседлівасці. Кагосьці ж неабходна было пастаянна падтрымліваць — словам, жэстам, поглядам, браць за руку. У такім узросце дзеці могуць канцэнтраваць увагу на нечым адным (на адной гульні, напрыклад) да 5 хвілін, а пасля цікавасць страчваецца, увага рассейваецца. І тут неабходна памяняць від дзейнасці: калі дзеці нейкі час сядзелі, то ім трэба пагуляць, парухацца падчас фізкультпаўзы, а калі рухаліся, то перайсці да больш спакойных заняткаў”.
Яшчэ адна тэма, якую агучыла Марына Анатольеўна і якая тычыцца амаль усіх сучасных дзяцей, — маўленчая. Дзецям цяжка выказваць словамі свае думкі, гаварыць поўнымі сказамі, яны не могуць даваць разгорнутыя адказы. Асабліва гэтая праблема тычыцца дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Для эфектыўнага і больш хуткага развіцця маўлення выхавальнік складае з дзецьмі расказы-апісанні, якія яны агучваюць спачатку з дапамогай картак-схем, а пасля спрабуюць паўтарыць іх без выкарыстання картак.

Сакрэт поспеху

Пасля ўдзелу ў фінале конкурсу “Крыштальны журавель” Марыну Анатольеўну неаднойчы запрашалі дзяліцца вопытам, праводзіць майстар-класы, даваць адкрытыя заняткі. Асаблівую ўвагу ў сваёй педагагічнай дзейнасці педагог удзяляе развіццю пазнавальнай актыўнасці дзяцей падчас эксперыментавання. Свае напрацоўкі ў гэтым кірунку яна прадэманстравала падчас фінальных выпрабаванняў на конкурсе. За адпаведны вопыт яна была адзначана ў канцы мінулага года прэміяй Мінгарвыканкама.
Выхавальніца выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці таксама методыку навучання дзяцей пісьму, чытанню і ліку Н.А.Зайцава, адукацыйную мадэль “Першы крок”, а таксама камп’ютарныя тэхналогіі. У кожнай з методык яна знаходзіць свае іскрынкі і ўмее захапіць сваімі адкрыццямі дзяцей. У цэнтры ўвагі перш за ўсё асоба дзіцяці. Але яна не навязвае яму інфармацыю і сваё меркаванне, яна не над ім, а побач з ім — нароўні з дзіцем яна вучыцца і пазнае навакольны свет. Калі назіраеш за Марынай Анатольеўнай падчас работы з дзецьмі, бачыш, як яна ўмее пераўвасабляцца. Яна забываецца пра свае дарослыя клопаты і праблемы і весяліцца, нібы дзіця, побач з імі. Чулі б вы яе гарэзлівы смех! Яна вельмі энергічная, але ў той жа час і спакойная.
“Сакрэт майго поспеху ў тым, што я люблю сваю прафесію, люблю тую справу, якой займаюся, я аддаю ёй сваю душу, — гаворыць педагог. — Таму ў мяне ўсё і атрымлівацца — і з бацькамі кантакт наладжаны, і з дзецьмі адчуваю сябе камфортна. Я вельмі люблю хваліць малышоў. Дарослыя, на жаль, прывыклі рабіць ім заўвагі, некаторыя нават робяць гэта часцей, чым хваляць. А дзяцей трэба падтрымліваць і ў дробязях, бо для іх гэта важна. Для малышоў неабходна кожны дзень ствараць сітуацыю поспеху. Калі паспяховымі будуць дзеці, будзе адчуваць свой поспех і педагог”.

***

Некалькі слоў пра педагога сказала загадчыца ясляў-сада № 122 Мінска Алена Анатольеўна Богуш: “Калі быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс, мы з нашым метадыстам Ірынай Пятроўнай Траскоўскай доўга думалі, хто зможа дастойна прадставіць нашу ўстанову. Хаця гэта конкурс не ўстаноў, а педагогаў, мы разумелі, што канкурсант усё роўна будзе прадстаўляць сістэму работы ўсёй нашай установы. Промні надзей сышліся на Марыне Анатольеўне — маладой выхавальніцы (педагагічны стаж 10 гадоў), творчай і ініцыятыўнай, ёй усё ў рабоце цікава, яна, як губка, убірае і ўвасабляе найноўшыя метады выхавання, і самае галоўнае — вельмі любіць дзяцей.
У 2007 годзе Марына Анатольеўна закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і зараз працягвае навучанне ва ўніверсітэце па гэтай жа спецыяльнасці. Яна вельмі адказны і неабыякавы чалавек, і ў яе зусім няма прымет “зорнай хваробы”. Гэта чалавек, які адэкватна ўспрымае любое меркаванне аб сабе — і пахвалу, і крытыку, але ў той жа час прыслухоўваецца і рэагуе на іх. Падчас выпрабаванняў увесь калектыў аказваў ёй метадычную і псіхалагічную падтрымку — хтосьці падарыў добрую ідэю, хтосьці дапамог з яе ўвасабленнем. Ва ўсіх пачынаннях маладую выхавальніцу падтрымлівае сям’я — 15-гадовая дачка Насця і муж. Усе, хто перажываў за яе, успрынялі яе ўдзел у конкурсе і яе поспех як свой асабісты”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.