НАН аб’явіла конкурс “Электрамабіль”

- 10:27Інфармацыйная гадзіна

Асноўнай задачай конкурсу з’яўляецца стымуляванне інтэлектуальнай і інавацыйнай дзейнасці па стварэнні новых тэхналогій для электратранспарту, што ўяўляюць практычны інтарэс, а таксама матывацыі ініцыятыў і творчай думкі, уключэнне шырокага кола вынаходнікаў у праект па стварэнні айчыннага электрамабіля.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца аўтары або калектывы аўтараў. Заяўка павінна быць прадстаўлена з паметкай “На конкурс “Электрамабіль” на папяровым носьбіце на адрас Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук і ў электронным выглядзе ў фармаце Word (не больш за 10 старонак фармату А4) з прэзентацыяй у PowerPoint Presentation (не больш за 10 слайдаў) на e-mail: bats@ncpmm.bas-net.by.

Заяўкі на конкурс падаюцца да 15 кастрычніка конкурснага года. Конкурс праводзіцца ў тры этапы. Першы — інфармаванне патэнцыяльных удзельнікаў аб правядзенні конкурсу, прыём заявак у АІМ НАН, другі — адбор заявак экспертным саветам па меры іх паступлення, трэці (фінальны) этап конкурсу — вызначэнне пераможцаў на аснове рашэння экспертнага савета, унесенага да 1 снежня конкурснага года ў Бюро прэзідыума НАН.

Пераможцы і прызёры конкурсу атрымаюць грашовыя ўзнагароды і дыпломы.

Інфармацыю аб прынятых заяўках, даце правядзення пасяджэнняў экспертнага савета і яго рашэннях можна будзе знайсці на сайце АІМ НАН Беларусі.

Плануецца, што конкурс “Электрамабіль” будзе праводзіцца на пастаяннай аснове.