Напаўняючы думкі сэнсам, а сузіранне паняццямі

Майстар-клас

Тэма: выкарыстанне відэаматэрыялаў і сістэмы заданняў да іх на ўроках гісторыі для павышэння ўзроўню пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.

Мэта: павышэнне кампетэнтнасці слухачоў майстар-класа па эфектыўным выкарыстанні відэафрагментаў на ўроках гісторыі.

Задачы:

• стварыць умовы для разумення слухачамі актуальнасці і эфектыўнасці выкарыстання відэафрагментаў як сродку павышэння пазнавальнай актыўнасці;

• арганізаваць сітуацыі для асваення слухачамі псіхолага-дыдактычнага алгарытму ўзаемадзеяння з відэафрагментамі на ўроках гісторыі;

• стымуляваць слухачоў да самаразвіцця, узбагачэння ўласнай практыкі, рэфлексіі дзейнасці.

Форма правядзення: інтэрактыўнае ўзаемадзеянне.

Працягласць: 60 мінут.

Этапы работы майстар-класа

1. Арыенціровачна-матывацыйны

Задача: забяспечыць псіхалагічную гатоўнасць удзель­нікаў майстар-класа да педагагічнага ўзаема­дзеяння.

Самапрадстаўленне майстра. Майстар прапануе ўдзельнікам прадставіць сябе так, як хацелі б, каб да іх звяртаўся майстар, і адным сказам растлума­чыць матыў наведвання майстар-класа (прыём “Непадыманне рукі”). Адпаведны запіс прапануецца зрабіць на палосцы каляровага кардону, які перадаецца майстру. Майстар змяшчае палоскі ў шклянку. Падчас мерапрыемства ён, задаючы пытанні слухачам, у адвольным парадку дастае палоскі, тым самым даючы слова для адказу слухачу, чыю палоску выцягнуў. Гэты просты прыём дапаможа нала­дзіць канструктыўны дыялог падчас майстар-класа, дазваляе забяспечваць зваротную сувязь са слуха­чамі.

Кожны слухач майстар-класа забяспечваецца методнікам (святлафорам) або палоскамі кардону трох колераў: чырвонага, зялёнага і жоўтага. З дапамогай методнікаў майстар забяспечвае зваротную сувязь са слухачамі. Слухачы інфармуюцца пра тое, што пры неабходнасці аператыўна выказаць свой пункт гледжання па тым ці іншым пытанні, якое абмяркоўваецца, яны перагортваюць методнік на чырвоную старонку, пасля чаго ім даецца слова. Салідарнасць з выступоўцамі прапануецца выказваць дэманстрацыяй зялёнай старонкі методніка.

2. Актуалізацыя суб’ектнага вопыту ўдзельнікаў

Задача: матываваць удзельнікаў да будучай дзейнасці.

Майстар праводзіць кароткую размову са слухачамі пра ролю розных крыніц інфармацыі ў выкладанні гісторыі. Майстар прапануе слухачам выказацца пра ролю візуальных крыніц інфармацыі ў цэлым і відэаінфармацыі ў прыватнасці.

Майстар: Арганізацыя працэсу пазнання, у першую чаргу, звязана з псіхалагічным фактарам. Л.С.Выгоцкі адзначаў, што думка нараджаецца не ад іншай думкі, а ў сферы волі і пачуццяў. Вядома, што каля 90% інфармацыі перадаецца візуальным спосабам.

Акрамя таго, трэба заўважыць, што з другой паловы ХХ стагоддзя складаецца экранны тып культуры. Для многіх людзей падзея, якую яны не ўбачылі па тэлевізары, ці ролік, які не выклалі ў інтэрнэт, прахо­дзіць незаўважаным.

Майстар прапануе слухачам прааналізаваць відэаролік № 1 (www.drive.google.com/open?id=1fbqqBhP6WttRmWqrthKo35ADVdymzISi) і адказаць на пытанне, калі адбылася падзея, адлюстраваная ў ім.

Падчас размовы слухачы прыходзяць да высновы, што відэафрагмент змяшчае няправільную інфармацыю, таму што візіт такога высокапастаўленага чыноўніка на МКС меў бы вялікі рэзананс у сусветных СМІ, а таксама несупадзенне па сэнсе ў асобных месцах відэарада і закадравага тэксту.

Майстар: Калі мы хочам эфектыўна прымяняць відэаматэрыялы на сваіх уроках, то мы павіны ўмець іх крытычна ацэньваць, суадносіць з асабістым вопытам, цвярозым сэнсам і існуючымі ведамі і гэтаму навучаць сваіх навучэнцаў.

Прымаючы гэтыя факты пад увагу, я на сваіх уроках актыўна выкарыстоўваю відэаматэрыялы. Высокі ўзровень нагляднасці, эмацыянальнасці (асабліва калі дэманструецца фрагмент мастацкага фільма) не пакідае навучэнцаў абыякавымі, дазваляе не толькі стварыць вобразнае ўяўленне пра падзею ці з’яву, але і перадаць настрой, што спрыяе замацаванню ў памяці з’явы, якая дэманструецца, выкананне рознаўзроўневых заданняў пасля прагляду развівае пазнавальную актыўнасць.

Майстар абвяшчае тэму майстар-класа.

Для вызначэння ўзроўню падрыхтаванасці ўдзельнікаў да ўспрымання вопыту майстра, актуальнасці яго вопыту ён дыягнастуе ўзровень гатоўнасці ўдзельнікаў майстар-класа да ўсвядомленага ўспрымання інфармацыі і прымянення яе на практыцы праз прыём “Святлафор”. Майстар звяртае ўвагу слухачоў на слайды прэзентацыі, дзе размяшчаюцца пытанні і варыянты адказаў.

Майстар: У кожнага з вас на стале стаіць методнік. З яго дапамогай паведаміце мне:

  • Ці мэтазгодна прымяняць відэаматэрыялы на ўроках?

Чырвоны колер — не мэтазгодна;

жоўты — эпізадычна;

зялёны — мэтазгодна.

  • Ці гатовы вы назваць хаця б тры ўмовы эфектыўнага выкарыстання відэаматэрыялаў?

Чырвоны колер — не гатовы;

жоўты — магчыма, назаву 1—2;

зялёны — гатовы.

  • Ацаніце ступень сваёй гатоўнасці скласці рознаўзроўневыя заданні для работы з відэафрагментам:

чырвоны колер — не гатовы;

жоўты — хутчэй гатовы, чым не гатовы;

зялёны — гатовы.

Майстар, прааналізаваўшы адказы слухачоў, выказвае ўпэўненасць у прадукцыйным узаемадзеянні паміж удзельнікамі падчас майстар-класа і нагадвае слухачам выказванне Сенекі, што навучаючы, мы вучымся і самі.

3. Мэтапастаноўка

Задача: выявіць чаканні ўдзельнікаў майстар-класа, паставіць мэту і задачы.

На гэтым этапе майстар агучвае тэму майстар-класа і ўцягвае слухачоў у мэтапастаноўкі. Для гэтага ён прапануе азнаёміцца з задачамі майстар-класа:

1) вызначыць асноўныя тыпы відэаматэрыялаў, якія могуць выкарыстоўвацца на ўроках гісторыі;

2) выявіць перавагі і недахопы прымянення відэаматэрыялаў, асноўныя тыпы відэаматэрыялаў;

3) прааналізаваць умовы эфектыўнага выкарыстання відэаматэрыялаў на ўроках гісторыі;

4) вызначыць псіхолага-педагагічныя асаблівасці выкарыстання відэаматэрыялаў на ўроках гісторыі;

5) прымяніць механізм выкарыстання мадэлі стварэння сістэмы рознаўзроўневых заданняў для работы з відэафрагментамі (адрэдагаванымі відэаматэрыяламі).

4. Інфармацыйна-дзейнасны

Задача: абгрунтаваць перавагі і эфектыўнасць выкарыстання відэаматэрыялаў; арганізаваць сітуацыі для дэманстрацыі метадаў і прыёмаў работы з відэаматэрыяламі на ўроках гісторыі.

Падчас гэтага этапу ажыццяўляецца прадстаўленне і структураванне матэрыялу па тэме майстар-класа. Прымяненне на практыцы атрыманых ведаў. Работа з відэафрагментамі.

Майстар: Якія віды відэаматэрыялаў могуць прымяняцца на ўроках гісторыі? На ўроках гісторыі могуць паспяхова прымяняцца відэаматэрыялы розных відаў: мастацкія (мультфільмы, мастацкія фільмы гістарычнага зместу), навукова-папулярныя, публіцыстычныя (кінахроніка, інтэрв’ю, дакументальныя), інфармацыйныя (рэклама, запісы навін, тэлеперадач, відэаэкскурсіі).

Якімі перавагамі валодаюць даныя відэаматэрыялаў у параўнанні з тэкставымі крыніцамі інфармацыі?

Падчас размовы з майстрам слухачы аналізуюць інфармацыю і аргументуюць свой пункт гледжання. У выніку вызначаюць наступныя перавагі:

  • аператыўнасць і манеўранасць;
  • магчымасць паўторнага прымянення;
  • выкарыстанне стоп-кадра, які можа ператварыць кадр з відэа ў гістарычную карціну;
  • высокі ўзровень нагляднасці і эмацыянальнасці (асабліва калі дэманструецца фрагмент мастацкага фільма);
  • павелічэнне інфармацыйнай шчыльнасці за кошт паскоранай падачы інфармацыі (скарачаюць ланцужкі слоўных разважанняў);
  • даступнасць для ўспрымання.

Майстар: Але на гэтым этапе развіцця грамадства відэа, канечне, не зможа паўнавартасна замяніць традыцыйныя крыніцы інфармацыі на ўроках, таму я заклікаю выкарыстоўваць формулу: відэа не замест тэксту, а разам.

Нягледзячы на шэраг пераваг, відэаматэрыялы як сродак перадачы інфармацыі валодаюць і недахопамі.

Майстар прапануе прааналізаваць тры стоп-кадры з мастацкіх фільмаў рознай ступені гістарычнай дакладнасці (мал. 1), на якіх паказаны Іван IV Грозны, вызначыць два істотныя недахопы відэаматэрыялаў і растлумачыць свой пункт гледжання.

Мал. 1

Слухачы звяртаюць увагу, што вобразы гістарычнага дзеяча значна адрозніваюцца, і прыходзяць да высновы, што ў гэтым выпадку назіраецца тэндэнцыйнасць і мастацкая выдумка, якія трэба абавязкова ўлічваць падчас арганізацыі адукацыйнай дзейнасці навучэнцаў, асабліва калі на ўроку плануецца прымяненне відэафрагментаў мастацкіх фільмаў гістарычнага зместу.

Майстар: Падобнымі недахопамі могуць валодаць і іншыя крыніцы інфармацыі, напрыклад, тэкставыя, але высокая хуткасць падачы інфармацыі ў спалучэнні з высокім узроўнем нагляднасці і эмацыянальнасці відэаматэрыялаў зніжае крытычнасць успрымання, а ўбачаныя вобразы могуць змяшчаць няправільную інфармацыю. Каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць перавагі відэаматэрыялаў на ўроку, не ствараючы сітуацыі, калі захапленне якім-небудзь з іх можа прывесці да негатыўных наступстваў, неабходна ведаць і ўлічваць умовы эфектыўнага прымянення відэа­матэрыялаў.

Слухачам прапануецца, працуючы ў пары, прааналізаваць прапанаваныя майстрам умовы эфектыўнага прымянення відэаматэрыялаў (дадатак 1), знайсці сярод іх тыя, эфектыўнасць якіх выклікае сумненні, правесці іх карэкцыю і аргументаваць свой пункт гле­джання.

Дадатак 1

Умовы эфектыўнага выкарыстання відэаматэрыялаў  +/-
1. Старанны адбор і рэдагаванне, папярэдні прагляд відэаматэрыялу самім настаўнікам   +
2. Выкарыстанне відэафрагмента толькі на этапе вывучэння новага матэрыялу, каб прыцяг­нуць увагу навучэнцаў да тэмы, якая вывучаецца  
3. Улік узросту навучэнцаў, узроўню падрыхтаванасці да ўспрымання відэаматэрыялаў пры распрацоўцы пытанняў для абмеркавання   +
4. Гатоўнасць настаўніка даць вычарпальны адказ на пытанні навучэнцаў, якія могуць узнікнуць падчас прагляду відэафрагмента   +
5. Дакладна фармуляваць пытанні, якія будуць прапаноўвацц навучэнцам для работы над відэасюжэтам   +
6. Нельга далучаць да адбору матэрыялу навучэнцаў, таму што яны не могуць адэкватна ацаніць відэа з пункту гледжання значнасці і гістарычнай дакладнасці  
7. Працягласць відэароліка не павінна перавышаць 10—15 мінут (у адваротным выпадку паспяхова арганізаваць работу на працягу ўрока будзе даволі складана, мэты ўрока будуць рэалізаваны не ў поўным аб’ёме) +
8. Па неабходнасці зварот да тэксту падручніка пасля заканчэння работы з відэаматэрыялам з мэтай карэкціроўкі назіранняў высноў навучэнцаў   +
9. Сістэмнае выкарыстанне відэаматэрыялаў   +
10. Па магчымасці рэалізацыя міжпрадметных сувязей   +

Слухачы, напэўна, звернуць увагу, што ўмовы пад нумарамі 2 і 6 маюць патрэбу ў карэкціроўцы.

Так, відэафрагменты эфектыўна можна прымя­няць не толькі пры вывучэнні новай тэмы, але і на іншых этапах урока. Да адбору і апрацоўкі можна далучаць навучэнцаў, але пры наяўнасці кантролю і дакладных і зразумелых для навучэнцаў інструкцый з боку настаўніка.

Майстар прапануе прымяніць атрыманую інфармацыю на практыцы. Арганізоўвае работу па праглядзе двух відэафрагментаў № 2 (drive.google.com/open?id=14SPPu02U_aadnbrNK2FpH7Lk43Z_1491) і № 3 (drive.google.com/open?id=1pHsmJpH7VE__MeGtE2eqUJc9rp31oqv5), прысвечаных кіраванню Івана ІV Грознага, і дае мэтавую ўстаноўку перад праглядам.

Майстар прапануе абгрунтоўваць выкарыстанне аднаго з відэафрагментаў на этапе вывучэння новага матэрыялу і першаснага кантролю ведаў у 7 класе па тэме “Расійская дзяржава ў ХVІ ст.” пры вывучэнні апрычніны і яе наступстваў. Дэманструе відэафрагменты, заслухоўвае адказы, прапануе свой варыянт.

Майстар: Найбольш прымальным для навучэнцаў 8 класа лічу відэафрагмент № 3, таму што ён валодае наступнымі добрымі якасцямі:

  • больш даступны для ўспрымання сучаснымі навучэнцамі, таму што гэты відэаматэрыял зняты ў наш час;
  • высокі ўзровень нагляднасці;
  • змяшчае пытанне, якое падахвочвае да пошуку інфармацыі, прыцягнення дадатковых крыніц.

Майстар звяртае ўвагу слухачоў, што ўзаема­дзеянне з відэафрагментам на ўроку мае псіхолага-дыдактычную аснову, якую можна падаць у выглядзе алгарытму. Выкарыстоўваючы прыём “Канструктар”, прапануе кожнаму слухачу з разрозненых элементаў скласці псіхолага-дыдактычны алгарытм узаемадзеяння з відэафрагментам, які спрыяе павышэнню ўзроў­ню пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў на ўроку гісторыі. Адзін са слухачоў дэманструе свой варыянт, тлумачачы вызначаныя сувязі. Іншыя слухачы аналізуюць і з дапамогай методнікаў выказваюць сваю згоду (дэманстрацыя зялёнай старонкі методніка) ці нязгоду (дэманстрацыя чырвонай старонкі методніка). Майстар арганізоўвае абмеркаванне і прапануе свой варыянт (дадатак 2), пры неабходнасці даючы каментарыі.

Дадатак 2

Майстар: Нярэдка мы сутыкаемся з тым, што выкарыстанне відэаматэрыялаў на ўроках вырашае пераважна ілюстрацыйныя задачы, тым самым гэты алгарытм прымяняецца фрагментарна, а этап пошуку новых ведаў выпадае або ў поўнай меры не можа быць ажыццёўлены, і як вынік, адсутнасць росту пазнавальнай актыўнасці.

Майстар нагадвае слухачам, што пазнаваль­ная актыўнасць — дзейны стан вучня, які характары­зуецца імкненнем да навучання, разумовым на­пружаннем і праяўленнем валявых намаганняў у працэсе авалодання ведамі (паводле І.Ф.Харламава).

Пры неабходнасці майстар прапануе слухачам азнаёміцца з дадатковым матэрыялам, які змяшчае класіфікацыю ўзроўняў пазнавальнай актыўнасці паводле Л.І.Запарожчанка.

  • Рэпрадуктуючая актыўнасць — якая паўтарае, патрабуе ад навучэнца толькі разумення, запамінання, перадачы ведаў.
  • Інтэрпрэтуючая актыўнасць прадугледжвае выяўленне навучэнцамі сэнсу зместу, пранікненне ў сутнасць з’явы, пазнанне сувязі паміж з’явамі і працэсамі.
  • Творчая актыўнасць — самы высокі ўзровень пазнавальнай актыўнасці, для якой характэрна імкненне пранікнуць у сутнасць з’яў, знайсці новыя спосабы вырашэння праблем, выкарыстоўваючы для гэтага даследчую дзейнасць.

Майстар арганізоўвае работу ў групах па выкананні наступных заданняў:

  • азнаёміцца са зместам мадэлі стварэння сістэмы рознаўзроўневых заданняў для работы з відэафрагментамі;
  • прааналізаваць відэафрагмент № 4 (drive.google.com/open?id=1ZPiGgzU5V4j7J3Xd61MiA3QiW3P-odHR) “Банкаўскі крызіс у ЗША”;
  • скласці рознаўзроўневыя заданні да відэафрагмента для навучэнцаў 10 класа пры вывучэнні тэмы “Сусветны эканамічны крызіс і краіны Заходняй Еўропы і ЗША ў 1929—1933 гг.”, прымяняючы мадэль (дадатак 3), пасля яго прагляду.

Рэкамендуем слухачам уключыць у адно з заданняў работу з відэафрагментам і падручнікам.

Дадатак 3

Мадэль стварэння сістэмы рознаўзроўневых заданняў
для работы з відэафрагментамі

Творчы ўзровень пазнавальнай актыўнасці

Уменні (па адукацыйным стандарце вучэбнага прадмета “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі” 5—11 класы)

Шаблон задання да відэафрагментаў

Выкарыстоўваць ме­тады вучэбнага гістарычнага даследавання; фармуляваць праблемы, ажыццяўляць збор, сістэматызацыю і абагульненне матэрыялу, ажыццяўляць прэзентацыю вынікаў даследавання

 

Падчас аналізу зместу відэа­фрагмента зняць супярэчнасці паміж загадзя агучанымі фактамі, пунктамі гледжання.

Стварыць з дапамогай відэа­фрагмента супярэчнасць паміж убачаным і жыццёвым уяўленнем пра яго, для вырашэння супярэчнасці прыцягнуць альтэрнатыўную крыніцу інфармацыі

Інтэрпрэтуючы ўзровень пазнавальнай актыўнасці

Характарызаваць матывы і вынікі дзейнасці палітычных і дзяржаўных дзеячаў і дзеячаў культуры, вызначаць значэнне іх дзейнасці

Прааналізаваць відэаматэрыял, вызначыць і ахарактарызаваць матывы і вынікі дзейнасці палітычных і дзяржаўных дзеячаў і дзеячаў культуры, вызначыць значэнне іх дзейнасці

Тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж узаемаабумоўленымі гістарычнымі фактамі

Выкарыстоўваючы відэаматэрыял, вызначыць наяўнасць прычынна-выніковых сувязей паміж узаемаабумоўленымі гістарычнымі фактамі

Адрозніваць гістарычны факт ад яго інтэрпрэтацыі

1) параўнаць па прапанаваных крытэрыях падзею відэафрагмента на прадмет адпаведнасці з гэтай жа падзеяй, адлюстраванай у агульнапрызнанай гістарычнай крыніцы;

2) зрабіць выснову пра адпаведнасць;

3) выказаць здагадку аб прычынах узнікнення неадпаведнасцей

Сістэматызаваць, класіфікаваць і абагульняць гістарычныя факты і рабіць на гэтай аснове аргументаваныя высновы

Прааналізаваць відэаматэрыял, ажыццявіць адбор гістарычных фактаў, якія раскрываюць сутнасць­ пастаўленага перад праглядам пытання або адпавядаюць пэўным крытэрыям, аргументаваць свой пункт гледжання

Рэпрадуктуючы ўзровень пазнавальнай актыўнасці

Лакалізаваць гістарычныя падзеі ў часе і прасторы

Вызначыць час і месца гістарычнай падзеі, выкарыстоўваючы відэарад і закадравы тэкст або толькі відэарад

Ажыццяўляць пошук гістарычнай інфармацыі ў крыніцах рознага тыпу

Адабраць і зафіксаваць неабходную інфармацыю з відэа­фрагмента па прапанаваных крытэрыях

Групы афішыруюць свае вынікі. Майстар забяспеч­вае абмеркаванні прапанаваных варыянтаў. У якасці альтэрнатывы прапануе свой варыянт (дадатак 4). Арганізоўвае абмеркаванне эфектыўнасці мадэлі, якая прымяняецца.

Дадатак 4

Рэпрадуктуючы

Уменне

Заданне для работы з відэа

лакалізоўваць гістарычныя падзеі ў часе і прасторы; ажыццяў­ляць пошук гістарычнай інфармацыі ў відэа­матэрыяле

1. Відэафрагмент адлюстроўвае пазітыўныя з’явы ў эканоміцы краіны (правільна/няправільна).

2. Вызначыце месца і час падзеі, якая дэманструецца ў відэафрагменце.

3. Дайце загаловак гэтаму відэафрагменту

Інтэрпрэтуючы

Уменне

Заданне для работы з відэа

спалучаць інфармацыю з розных крыніц; вызначаць наяўнасць прычынна-выніковых сувязей паміж узаемаабумоўленымі гістарычнымі фактамі

4. Назавіце прычыны гэтай з’явы і запоўніце табліцу.

Прычыны (пункт гле
джання
аўтара падручніка)

Прычыны (пункт гле­джання аўтараў відэа)

Творчы

Уменне

Заданне для работы з відэа

выкарыстоўваць метады вучэбнага гістарычнага даследавання: фармуляваць праблемы, ажыццяўляць збор, сістэматызацыю і абагульненне матэрыялу, ажыццяўляць прэзентацыю вынікаў даследавання

5. Выкарыстоўваючы даныя табліцы, адкажыце на пытанне:

Ці можна ў якасці эпіграфа да відэафрагмента выкарыстаць гэтае выказванне: “Усё ішло добра, але з-за чутак, што ўсё падзе, усё пала”?

Абгрунтуйце свой адказ

5. Рэфлексіўны

Задача: ацаніць эфектыўнасць узаемадзеяння педагога і ўдзельнікаў майстар-класа.

Майстар на гэтым этапе вызначае актуальнасць атрыманых ведаў і ўменняў для выкарыстання ў далейшай педагагічнай дзейнасці праз прыём “Святлафор”.

Слухачы вызначаюць ступень дасягнення пастаўленых задач, ажыццяўляюць якасную ацэнку, з дапамогай методнікаў даюць адказы на пытанні:

  • Ці мэтазгодна прымяняць відэаматэрыялы на ўроках?

Чырвоны колер — не мэтазгодна;

жоўты — эпізадычна;

зялёны — мэтазгодна.

  • Ці гатовы вы назваць хаця б тры ўмовы эфектыўнага выкарыстання відэаматэрыялаў?

Чырвоны колер — не гатовы;

жоўты — магчыма, назаву 1—2;

зялёны — гатовы.

  • Ацаніце ступень сваёй гатоўнасці скласці рознаўзроўневыя заданні для работы з відэафрагментам:

чырвоны колер — не гатовы;

жоўты — хутчэй гатовы, чым не гатовы;

зялёны — гатовы.

  • Ці рэалізаваны вашы задачы?

Чырвоны колер — не рэалізаваны;

жоўты — часткова;

зялёны — рэалізаваны.

Майстар падводзіць вынікі заняткаў, рэфлексуе педагагічнае ўзаемадзеянне. Слухачы звяртаюцца з пажаданнямі да майстра.

Андрэй ІВАНОЎ,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Оршы Віцебскай вобласці,
член клуба “Крыштальны журавель”.