Наперад, да новых даследаванняў

- 12:11Навіны рэгіёнаў

Заўсёды на свеце існавалі такія людзі, якія нічога не прымаюць на веру і ва ўсім сумняваюцца, якія не могуць мірыцца з існаваннем пытанняў, на якія няма адказу, і ў якіх зноў і зноў узнікаюць пытанні пра ўсё на свеце. Яны станавіліся даследчыкамі, вынаходнікамі, наватарамі. Штогод менавіта такую моладзь — цікаўную і дапытлівую — збірае разам конкурс даследчыкаў. На Міншчыне прайшоў конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) навучэнцаў.

Фота да матэрыяла: Наперад, да новых даследаванняў.Конкурс даследчых работ у Мінскай вобласці мае багатую гісторыю. Ён пачынаўся некалі з адзінай секцыі для аматараў фізікі і 25 удзельнікаў. А сёлета, праз 21 год, — гэта маштабнае мерапрыемства, колькасць удзельнікаў якога расце з году ў год. Так, сёлета для ўдзелу ў конкурсе паступіла больш за 700 работ юных навукоўцаў з устаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі вобласці. Папярэдне праводзіліся адборы ў раёнах і ўстановах. Там колькасць даследаванняў вымяралася тысячамі.

— Мы даўно ўсвядомілі, што даследчую дзейнасць варта пачынаць з дашкольнага ўзросту, калі пазнавальная цікаўнасць надзвычай высокая. Таму на Міншчыне праводзяцца конкурсы даследчых работ і для дашкольнікаў, і для школьнікаў. І сёння ў нас ужо ёсць прыклады, калі ўдзельнікі конкурсаў многага дасягнулі, прайшлі шлях ад школьніка-даследчыка да сапраўднага вучонага, — расказвае Святлана Уладзіміраўна Сітнікава, рэктар Мінскага абласнога ІРА. — Штогод расце і ўзровень работ. Калі спачатку гэта былі даволі простыя, паўсядзённыя тэмы, то сёння гаворка ідзе ўжо пра нанатэхналогіі, і юныя даследчыкі ў гэтым сапраўды разбіраюцца.

Конкурс папулярны не толькі ў навучэнцаў Мінскай вобласці — каторы год запар удзел у мерапрыемстве бяруць госці з Літвы: навучэнцы гімназіі імя Францыска Скарыны Вільнюса.

Фота да матэрыяла: Наперад, да новых даследаванняў.Для ўдзелу ў заключным туры конкурсу былі адабраны 253 работы. Мерапрыемства праводзілася на чатырох пляцоўках — у Мінскім абласным ІРА, Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, сярэдняй школе №1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна і сярэдняй школе №1 Заслаўя Мінскага раёна.

Навучэнцы 5—7 класаў удзельнічалі ў чатырох секцыях: “Філалогія”, “Гісторыя. Краязнаўства”, “Фізіка-матэматычныя дысцыпліны”, “Прыродазнаўчыя дысцыпліны”. І самыя малодшыя ўдзельнікі конкурсу задалі высокую планку — даследавалі ўплыў фітанцыдаў на бактэрыі і адчувальнасць мікраарганізмаў кішэчнай палачкі, стваралі экалагічную пластмасу і камп’ютарныя гульні, вывучалі ўздзеянне пахаў на кароткачасовую памяць і шмат іншага.

Навучэнцы 8—11 класаў прадставілі свае работы ў рамках 15 секцый і прадэманстравалі шырокі дыяпазон цікавых тэм і надзвычай глыбокую іх распрацоўку. Напрыклад, юныя даследчыкі стварылі хамячую энергетычную станцыю і прапанавалі біямеханічную энергію грызуноў у якасці крыніцы энергіі; распрацавалі краязнаўчы інтэрнэт-праект аб сваёй малой радзіме з выкарыстаннем мабільных дадаткаў і графічнага рэдактара; сабралі акумулятар на тарфяным попеле і хімічны халадзільнік. Яны параўноўвалі прыродныя і хімічныя антысептыкі, шукалі спосабы павысіць прадукцыйнасць кур-нясушак, высвятлялі экалагічны стан пітных крыніц свайго раёна. Вывучалі фанфікі, буктрэйлеры, драматургічныя рэмейкі і задаваліся пытаннем, якім павінен быць падручнік па літаратуры.

Журы вызначыла пераможцаў, але і для тых, хто не атрымаў прызавога месца, конкурс, безумоўна, быў карысным. Таму што такая канцэнтрацыя крэатыўных ідэй, дух творчасці і вынаходніцтва натхняе і падштурхоўвае наперад, да новых даследаванняў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.