Наперад, да перамогі!

Напярэдадні Дня Перамогі ў вёсцы Жытомля Гродзенскага раёна адбудзецца традыцыйны 38-ы прабег, прысвечаны знамянальнай даце ў жыцці беларускага народа. Арганізатарамі мерапрыемства ўжо колькі гадоў запар з’яўляюцца аддзел адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама і ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, таварыства Чырвонага Крыжа і клуб аматараў бегу Жытамлянскай сярэдняй школы.

Кожная ўстанова адукацыі ў гэтыя перадсвяточныя дні праводзіць шмат розных мерапрыемстваў: мітынгі-рэквіемы, літаратурна-музычныя гасцёўні, кніжныя выставы, прагляд мастацкіх і дакументальных кінастужак. Наша школа не з’яўляецца выключэннем, але з асаблівай адказнасцю і пачуццём годнасці ўсе школьнікі і настаўнікі чакаюць прабег, які адбудзецца 7 мая а дзясятай гадзіне.

За 38 гадоў прабег, прысвечаны Дню Перамогі, стаў добрай традыцыяй для жыхароў не толькі нашай вёскі, але і шматлікіх раёнаў краіны. За гэты час колькасць удзельнікаў, якія ў розныя гады выходзілі на бегавую дарожку, даўно налічвае тысячы. У бягучым годзе старт будзе асабліва масавым, яго ўдзельнікамі стануць і аматары, і прафесіяналы сваёй справы. На гэтых спаборніцтвах нашы школьнікі плануюць выступіць годна, бо побач будуць бегчы мамы і таты, бабулі і дзядулі. Некаторыя на старт выйдуць сем’ямі. Усіх іх чакаюць розныя дыстанцыі: на 3, 5, 10, 15 кіламетраў.

Сярод удзельнікаў прабегу будуць і нашы настаўнікі А.Г.Хадунай і Я.І.Пацко, якія асабістым прыкладам паказваюць, што трэба трымаць сябе ў належнай фізічнай форме і весці здаровы лад жыцця. Ганаровым госцем свята з’яўляецца заслужаны настаўнік Беларусі заснавальнік клуба аматараў бегу Уладзімір Аляксеевіч Лебедзеў. Пераможцы ўсіх забегаў атрымаюць дыпломы, медалі і падарункі. Як заўсёды, выберуць самага малодшага і найстарэйшага прыхільнікаў бегу.

Прабег у Жытомлі — сапраўднае свята спорту, здароўя і маладосці. Каб атрымаць перамогу, недастаткова быць проста моцным фізічна, неабходна валодаць сілай волі, вытрымкай і жалезным характарам. Калі вы гатовы перамагчы свае слабасці, далучайцеся да аматараў бегу!

Аліна САХАНАВА,
настаўніца Жытамлянскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.
Фота з архіва школы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *