Наперад з новымі сіламі

Падвесці вынікі апошніх трох гадоў і абмеркаваць планы на наступныя пяць стала нагодай для 43га з’езда Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які прайшоў у Мінску. Яго ўдзельнікамі сталі каля 1300 актывістаў з усёй Беларусі. У рабоце форуму прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава і намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко.

Вітальнае слова ўдзельнікам з’езда накіраваў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што “БРСМ аб’ядноўвае ў сваіх радах тысячы таленавітых, энергічных грамадзян, якія любяць Беларусь. Саюз стаў надзейным партнёрам дзяржавы ў правядзенні маладзёжнай палітыкі, годна працягвае і развівае найлепшыя традыцыі нашага народа”.

Звяртаючыся да маладых людзей, Наталля Качанава адзначыла, што яны павінны быць прыкладам самаахвярнай любові да Радзімы і свайго народа, смела і аргументавана прасоўваць ідэі традыцыйных духоўнамаральных каштоўнасцей, здаровага ладу жыцця, адстойваць дзяржаўную пазіцыю. “З гэтымі перакананнямі неабходна дайсці да кожнага, — дадала яна і падкрэсліла: — Дзяржава ўскладае вялікія надзеі на моладзь. У рэалізацыі такіх маштабных дзяржаўных праектаў, як ITкраіна, Беларуская атамная станцыя, індустрыяльны парк “Вялікі камень”, стаўка робіцца менавіта на вас. Сёння нельга быць інертным і пасіўным”.

І доказам актыўнасці маладых людзей сталі іх выступленні. Ніколі не спыняцца і заўсёды рухацца наперад натхняла ўдзельнікаў з’езда Настасся Лапко, навуковы супрацоўнік лабараторыі прыкладной біяхіміі Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі. На ўласным прыкладзе яна паказала, што можна знайсці час для ўсяго: гадавац­ь дзяцей, здзяйсняць навуковыя адкрыцці і пакараць горы. У 2015 годзе яна, маладая маці, распрацавала інавацыйны прэпарат для ачысткі крыві, нават атрымала асабісты грант. А нядаўна яна з мужам пакарыла вяршыні Эльбруса і Кіліманджара, замацаваўшы там сцяг Беларусі і БРСМ.

“Прынцып нашай сям’і — “не імкнуцца жыць ніжэй, каб пазбегнуць падзення”. І я заклікаю моладзь, дасягнуўшы поспеху, не спыняцца, пашыраць свае інтарэсы, рэалізоўваць уласныя праекты, мець захапленні, быць заўсёды ў развіцці, імкнуцца да новых вышынь ва ўсіх сэнсах”, — зазначыла Настасся.

Яе калега па цэху “100ідэй­шчыкаў”, старшы інспектар сектара міжнароднага супрацоўніцтва Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, пераможца Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Аляксандр Лук’янаў падзяліўся вопытам, як прымусіць сваю ідэю і працаваць, і прыносіць прыбытак. “Наш аўтарскі праект “Вогнеахоўныя матэрыялы” атрымаў высокую ацэнку экспертаў з Беларусі, Казахстана, Кітая. Праектам зацікавіліся профільныя ўстановы МНС Расіі. У бягучым месяцы запланаваны выпуск 400 кілаграмаў матэрыялаў першай эксперыментальнай партыі, — паведаміў Аляксандр Лук’янаў. — Паспяхова ўкаранёны ў гарнізонах МНС Беларусі і наш пажарны ствол “Вікінг”: рэалізавана больш за 6 тысяч адзінак пажарных ствалоў на агульную суму 2 млн 422 тысячы рублёў”.

На чарзе на манетызацыю — трэнажор для тактычнай падрыхтоўкі членаў камісіі па надзвычайных сітуацыях. Гэты праект увайшоў у дзясятку лепшых інавацыйных распрацовак на сёлетняй Міжнароднай выставе праектаўпераможцаў “100 ідэй для СНД”.

Сяргей Бычкоў, малады мнагадзетны тата і старшыня праўлення грамадскай арганізацыі “Савет бацькоў Гомеля”, расказаў пра сваю ініцыятыву сумесных заняткаў у спартыўных залах татаў і іх маленькіх дзяцей “ТатаЗала”, якая стала трэндам у многіх гарадах Беларусі. Першую “ТатаЗалу” Сяргей адкрыў у гомельскай сярэдняй школе № 45 у Год моладзі. У 2016 годзе “ТатаЗала” заняла першае месца ў Рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Пасля ініцыятыву падтрымалі іншыя школы Гомеля, а таксама Брэста, Магілёва, Петрыкава. Падхапілі ідэю і за мяжой: “ТатаЗалы” пачалі працаваць у Таль­яці і Кіеве.

Моладзь Магілёўшчыны вырашыла пераняць прыклад прэзідэнта па добраўпарадкаванні крыніц. У Мінск яны прывезлі пакаштаваць ваду з Трафімавай крыніцы. Павел Алекса, першы сакратар Магілёўскай абласной арганізацыі БРСМ, заклікаў усіх прысутных прывесці ў парадак крынічкі на сваёй малой радзіме, каб яшчэ шмат гадоў можна было наталяць смагу ў спякоту.

Шмат прагучала прапаноў, як зрабіць у найбліжэйшыя гады работу грамадскага аб’яднання больш эфектыўнай. Першы сакратар Мінскага абкама Дзмітрый Варанюк упэўнены, што арганізацыя павінна стаць камунікатыўнай пляцоўкай для любога маладога чалавека: “Першае, куды ён павінен звяртацца, калі паўстала пытанне, — да нас. Пачынаючы з таго, якое надвор’е на вуліцы, і заканчваючы тым, як стварыць сваю справу ці куды звярнуцца, каб стаць у чаргу на жыллё. Задаць пытанне, атрымаць рэкамендацыю, падзяліцца ідэяй — рэальныя і віртуальныя дзверы арганізацыі павінны быць заўсёды адчынены”.

Сямён Каляда, студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, камісар будаўнічага атрада “Эўрыка”, узняў праблемы, актуальныя для студатрадаў. Самая галоўная з іх у тым, што работу ў студатрадзе не залічваюць у якасці практыкі, а наймальнікі неахвотна бяруць на работу старшакласнікаў.

Вядучая тэлерадыёкампаніі “Брэст” і валанцёр руху “Добрае сэр­ца” Ангеліна Піпер заклікала адысці ад разавых трэнінгаў і больш увагі ўдзяляць прафесійнай пад­рыхтоўцы добраахвотнікаў. Дзяўчына прапанавала сфарміраваць інстытут настаўніцтва, які зробіць навучанне больш сістэмным.

На форуме таксама абмеркавалі прапановы арганізацыі падняц­ь планку маладзёжнага ўзросту з 31 да 35 гадоў і стварыць пад эгідай аб’яднання шматпрофільныя маладзёжныя цэнтры занятасці, якія дазволяць аказваць падтрымку ў працаўладкаванні не толькі ў складзе студэнцкіх атрадаў, але і індывідуальна.

Кульмінацыяй маладзёжнага з’езда стала назначэнне новых лідараў саюза моладзі. Узначаліў яго Дзмітрый Варанюк.

Прыемным момантам было і ўзнагароджванне. Наталля Качанава і Васіль Жарко ўручылі пераходныя сцягі лепшым: студэнцкаму атраду — ім прызнаны будаўнічы атрад “Эўрыка” з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (дарэчы, такі трафей у атрада ўжо другі па ліку), а таксама наймальніку — ААТ “Гроднапрамбуд”. Узнагароды атрымалі і лепшыя пярвічкі, і самыя актыўныя сакратары.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *