Наперад за мячом

З 6 па 9 верасня ішлі фінальныя матчы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе “Скураны мяч”. Сустрэчы праходзілі на палях футбольнага клуба “Мінск”. За 4 дні 32 каманды згулялі 64 матчы.

Фінальны матч юнакоў.

У спаборніцтвах удзельнічалі чатыры катэгорыі каманд: хлопчыкі 2011—2012 г.н. і 2009—2010 г.н., юнакі 2007—2008 г.н. і дзяўчынкі 2010—2012 г.н. Гэта футбалісткі і футбалісты з Шумілінскага, Брэсцкага, Барысаўскага, Лельчыцкага, Слонімскага, Лепельскага, Драгічынскага, Клімавіцкага, Вілейскага, Столінскага, Чэрыкаўскага, Салігорскага, Іванаўскага, Смалявіцкага і Гродзенскага раёнаў, а таксама з Мінска, Бабруйска, Гродна, Гомеля і Магілёва. Сёлета, каб трапіць у фінал, ім прыйшлося вытрымаць больш жорсткую канкурэнцыю, чым у мінулым годзе. Параўнайце самі: 24 483 чалавекі з 1860 каманд і 21 274 дзіцяці і падлеткі з 1629 каманд.

На дзіцяча-юнацкіх матчах традыцыйна забівалі шмат галоў. Былі сустрэчы, якія заканчваліся лікамі 14:0, 9:1, 8:3. І гэта толькі маленькая частка. Дзявочая каманда “Казаначка” (Іванаўскі раён) за ўвесь турнір забіла 16 галоў, ШФК “Рысь” з Гомеля — 14. Сярод юнакоў каманда “Юніёры” (Лельчыцкі раён) забіла ў вароты сапернікаў 21 мяч, “Палессе” (Столінскі раён) — 17, “Юнацтва” (Лепельскі раён) — 12. Сярод хлопчыкаў 2009—2010 г.н. “Талент” (Слонімскі раён) аформіў 16 галоў, “Алімпія” (Мінск) — 14, “Партызан” (Мінск) — 13, Лельчыцкі РФСК — 11. Сярод хлопчыкаў 2011—2012 г.н. Слонімскі РФСК забіў 31 мяч, “Лельчыцкія зубры” — 24, “Партызан” (Мінск) — 20, “Змена” (Брэсцкі раён) — 15.

Сафія Шахлянкова і Вераніка Траццякова.

9 верасня перамогу сярод дзяўчынак адзначала ШФК “Рысь”, 2-е месца заняла каманда “Казаначка”, 3-е месца — ФСК Гродзенскага раёна. Лепшым варатаром прызналі Софію Шахлянкову (ШФК “Рысь”), лепшым абаронцам — Вераніку Траццякову (ШФК “Рысь”), лепшым паўабаронцам — Аляксандру Косьміну (“Партызан”), лепшай нападаючай — Святлану Балабанаву (ФСК Гродзенскага раёна). Лепшым бамбардзірам стала Сабіна Гутавец з “Казаначкі”, якая забіла 7 галоў.

— Турнір мне запомніўся тым, што я выцягнула пенальці ў фінальным матчы. Думаю, мы перамаглі дзякуючы нашым трэнерам. Калі ў нас былі рознагалоссі па прычыне таго, што хтосьці не так даў пас, не так стаў, не так пабег, трэнеры з намі пагутарылі, памірылі, і мы сталі адным цэлым, — дзеліцца Софія Шахлянкова з ШФК “Рысь”.

Сярод малодшых хлопчыкаў перамог Слонімскі РФСК, на 2-м месцы размясціўся “Партызан” (Мінск), на 3-м — “Лельчыцкія зубры”. Лепшым варатаром стаў Арцём Саўчанка (“Лельчыцкія зубры”), лепшым абаронцам — Арцём Палейка са “Змены”, паўабаронцам — Багдан Цыцэня (“Партызан”), нападаючым — Арсеній Котавіч (Слонімскі РФСК). Лепшым бамбардзірам прызналі Арцёма Лыня з “Лельчыцкіх зубраў”. Ён аформіў 9 галоў.

У хлопчыкаў 2009—2010 г.н. 1-е месца заняў “Талент”, 2-е — ФК “Юрген” з Клімавіцкага раёна, 3-е — “Партызан”. Ягор Семчанка (ФК “Юрген”) стаў лепшым варатаром, Цімур Бебеш (“Талент”) — лепшым абаронцам, Павел Сапожнікаў (“Юнацтва”, Лепельскі раён) — лепшым паўабаронцам, Мікіта Высоцкі (“Партызан”) — лепшым нападаючым. Цімафей Царык (“Алімпія”), дзякуючы двум забітым галам, стаў лепшым бамбардзірам.

— Мы ўдзельнічаем ужо другі раз у гэтым турніры. У 2019 годзе занялі 4-е месца. Сёлета атрымалася падняцца на 2-е, бо мы прыехалі больш вопытнымі. Першы раз можна назваць разведкай, пасля якой мы зразумелі, як правільна рыхтавацца, — гаворыць трэнер ФК “Юрген” Андрэй Яромін. — Трэніраваліся мы вельмі ўпарта, удзельнічалі ва ўсіх магчымых раённых і абласных спаборніцтвах. Дзеці аддалі сябе поўнасцю футболу, за што я ім вельмі ўдзячны. Яны малайчыны, заслужылі стаць прызёрамі.

Сярод юнакоў перамагла каманда “Палессе”, саступілі ёй у фінале “Юніёры”, 3-е месца заняў гродзенскі “Алмаз”. Цімафей Булаўка (“Алмаз”) прызнаны лепшым варатаром, Яўген Кардаш (“Палессе”) — абаронцам, Андрэй Фамін (“Юнацтва”) — паўабаронцам, Данііл Каваленка (“Юніёры”) — нападаючым. Лепшым бамбардзірам стаў Васіль Марцінчык з “Палесся”. Хлопец забіў 9 галоў.

— Я займаюся футболам ужо 6 гадоў. З дзяцінства падабаўся гэты від спорту, глядзеў яго па тэлевізары, з сябрамі гулялі ў двары. Калі ў нас адкрылася секцыя, адразу запісаўся, — расказвае Данііл Каваленка з каманды “Юніёры”. — Мы штогод упарта рыхтуемся да гэтага турніру, ужо не ўпершыню ўдзельнічаем у рэспубліканскім этапе. У 2019 годзе нават занялі 1-е месца. Думаю, сёлета да гэтага выніку не хапіла зладжанасці каманды: мы хутка апускаем рукі, калі першы мяч аказваецца ў нашых варотах.

Усе ўдзельнікі атрымалі набор футбольных мячоў ад Беларускай федэрацыі футбола, пераможцы павезлі з сабой медалі і кубкі, а лепшыя гульцы па амплуа яшчэ і падарункі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.