Наперадзе — абнаўленне зместу агульнай сярэдняй адукацыі

- 11:44Апошнія запісы, Рознае, Якасць адукацыі

На мінулым тыдні Нацыянальны інстытут адукацыі адзначыў сваё 85-годдзе. Святочныя ўрачыстасці пачаліся Міжнароднай навуковай канферэнцыяй “Метадалогія і стратэгіі развіцця сучаснай адукацыі”, на якую былі запрошаны вучоныя і практыкі краін блізкага і далёкага замежжа, і выставай навуковага і вучэбна-метадычнага забеспячэння галіны “Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь”. Мерапрыемствы былі арганізаваны на базе Ліцэя БДУ. У іх прынялі ўдзел міністр адукацыі краіны С.А.Маскевіч, старшыня ВАК Рэспублікі Беларусь Г.У.Пальчык.

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі на перспектыўных напрамках дзейнасці ўстановы. Сярод іх — абнаўленне зместу агульнай сярэдняй адукацыі. Дзеючыя адукацыйныя стандарты, вучэбныя праграмы не абнаўляліся з 2008 года. У той жа час развіццё адукацыйнай практыкі, вынікі маніторынгавых даследаванняў, ЦТ паказваюць, што ў мэтах павышэння якасці адукацыі патрэбны пэўныя карэктывы і абнаўленні як у структуры, так і ў змесце адукацыі. Асноўныя прыярытэты ў карэкціроўцы зместу адукацыі — рэалізацыя паўнацэннай мадэлі арганізацыі профільнага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, уключаючы мультыпрофіль; прадастаўленне навучэнцам магчымасці выстройвання індывідуальных адукацыйных траекторый, не прывязаных да вузкага пераліку прадметаў. Актуальна таксама рэалізаваць на другой ступені дапрофільную падрыхтоўку, узмацніць практыка-арыентаваную накіраванасць зместу адукацыі, разгледзець побач з ужо рэалізаванымі падыходамі (сістэмным, дзейсным, культуралагічным, асобасна арыентаваным і інш.) кампетэнтнасны падыход да адбору і структуравання зместу адукацыі, а таксама развіваць праз змест адукацыі інфармацыйную культуру, уключаючы ўстойлівасць да інфармацыйных пагроз. Для дасягнення гэтых мэт у НІА распрацавана галіновая навукова-тэхнічная праграма “Якасць адукацыі” на 2015—2017 гады, у межах якой будзе ажыццёўлена распрацоўка абноўленага зместу адукацыі.
Інстытут ставіць перад сабой задачу суправаджэння навукова-метадычнага забеспячэння электроннымі рэсурсамі. На думку Р.С.Сідарэнка, перспектыўнымі з’яўляюцца спалучэнне традыцыйных і інавацыйных кампанентаў, распрацоўка разам з асноўным традыцыйным падручнікам электроннага як прынцыпова новага кампанента ВМК.
У цяперашні час інстытут бачыць неабходнасць распрацоўкі крытэрыяў і паказчыкаў, механізмаў і інструментаў ацэнкі якасці агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. У гэтым напрамку ў цяперашні час ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з Сусветным банкам па пытаннях аналізу існуючай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі і яе ўдасканалення. Інстытут рэалізуе эксперыментальны праект па апрабацыі механізма незалежнай выніковай атэстацыі за перыяд навучання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Дарэчы, пачынаючы з 2014 года ў рэспубліканскім маніторынгу ацэнкі якасці адукацыі выкарыстоўваюцца міжнародныя падыходы да распрацоўкі дыягнастычных матэрыялаў.
Як адзначалася, НІА паэтапна ажыццяўляе пераход на новы фармат прад’яўлення адукацыйнага кантэнту, забяспечвае ўкараненне дыстанцыйных форм вучэбна-інфармацыйнага ўзаемадзеяння, стварае ўмовы для камунікацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Прадукцыйна функцыянуе нацыянальны адукацыйны партал. Ён уяўляе сабой сучасны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які істотна пашырае спектр магчымасцей для педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў як у сферы задавальнення адукацыйных запытаў, так і ў аспекце вырашэння прафесійных задач. Яго перспектыва — у пашырэнні прасторы мнагавектарнай сацыякультурнай і прафесійнай камунікацыі, мнагаадраснасць, поліфункцыянальнасць, змястоўная тэхналагічная актуальнасць, шырокі спектр традыцыйных і новых форм камунікацыі, у тым ліку міжнародных, і г.д.
“Наш найважнейшы стратэгічны прыярытэт — адкрытасць новаму, гатоўнасць мабільна рэагаваць на запыты часу. Мы павінны працаваць так, каб кожны, хто будзе мець справу з нашым адукацыйным прадуктам, захацеў яшчэ і яшчэ звярнуцца да вынікаў нашай працы”, — падкрэсліла Р.С.Сідарэнка.
Яшчэ адну з задач НІА агучыў старшыня ВАК, доктар педагагічных навук, дацэнт Г.У.Пальчык. Па яго меркаванні, сёння на этапе ўнясення змяненняў у Кодэкс аб адукацыі навуковай супольнасці трэба звярнуць увагу на яго тэрміналогію ў разрэзе нацыянальных асаблівасцей і развіцця інтэграцыйных працэсаў, каб зрабіць гэты дакумент зразумелым і даступным для ўсяго грамадства.

Якасная адукацыя з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў канкурэнтаздольнасці кожнай краіны, яе эканамічнага і сацыяльнага развіцця. Не з’яўляецца выключэннем і Казахстан. Як адзначыла галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі адукацыі імя І.Алтынсарына, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аймен Малдагаліеўна Мамырханава, Казахстан ідзе па шляху мадэрнізацыі сістэмы адукацыі, рэалізуе інавацыйныя ідэі, накіраваныя на ўдасканаленне ўсёй сістэмы. Сёння рэспубліка першай з краін СНД поўнасцю выбудавала структуру сваёй адукацыйнай сістэмы ў адпаведнасці з сусветнай практыкай.
Ва ўмовах пераходу на 12-гадовае навучанне сістэма перажывае шэраг змяненняў. Распрацаваны праект новага адукацыйнага стандарту: абнаўленне накіравана на пераход ад канцэпцыі “адукацыя на ўсё жыццё” да разумення неабходнасці “навучання на працягу ўсяго жыцця”, ад паслухмянасці да ініцыятыўнасці, ад ведаў да кампетэнтнасці. У тыпавы вучэбны план уведзена вывучэнне замежнай мовы з 1 класа, ІКТ — з 3 класа, а таксама пашырана кола інтэграваных прадметаў, такіх як “Пазнанне свету”, “Прыродазнаўства”. Улічваючы, што падручнік з’яўляецца крыніцай віртуальнага і духоўнага развіцця вучня, сёння мяняюцца падыходы да распрацоўкі вучэбных матэрыялаў. Пачата стварэнне падручніка новага фармату, міністэрства распрацавала новыя патрабаванні, якія прадугледжваюць самастойны пошук інфармацыі, сучасны дызайн ілюстрацыйнага характару, інтэграваныя заданні, арыентаваныя на аптымізацыю творчага мыслення навучэнцаў і прымяненне ведаў у канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Таксама ўдасканальваецца прымяненне электронных падручнікаў, распрацавана канцэпцыя электроннага навучання, якая прызвана скарэкціраваць механізм укаранення дыстанцыйнага навучання з улікам прыярытэтных напрамкаў развіцця сістэмы адукацыі. Вывучэнне моў набывае выключную значнасць і з’яўляецца абавязковым кампанентам комплекснай прафесійнай падрыхтоўкі выпускнікоў школ, якая нацэльвае на падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў у розных галінах навукі і тэхнікі. У цяперашні час распрацавана стратэгія развіцця даследавання трохмоўнай адукацыі, якая забяспечвае пераемнасць у навучанні ў сістэме “дзіцячы сад — школа — каледж — УВА”. Міністэрства абазначыла шляхі мадэрнізацыі нацыянальнага тэсціравання. У перспектыве фармат тэсціравання будзе ўключаць тэсты на вызначэнне ўзроўню сфарміраванасці функцыянальнай пісьменнасці школьнікаў, а таксама ўменне выказваць свой пункт гледжання.

Дырэктар Інстытута зместу і метадаў навучання Расійскай акадэміі адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар, акадэмік РАА Міхаіл Віктаравіч Рыжакоў засяродзіў увагу прысутных на некалькіх метадалагічных праблемах сучаснай адукацыі. Адна з іх — змяненне напаўнення паняцця “змест адукацыі”. Апошнія 20—25 гадоў гэтае паняцце са зразумелага ўсім педагогам “чаму вучыць” паступова ператвараецца ў нешта такое, што ўвогуле губляе ўсялякія межы. Працэс гэты пайшоў даволі даўно. Дакумент, які акрэсліў чарговы этап рэфармавання сістэмы адукацыі ў Расійскай Федэрацыі, быў прыняты напрыканцы 90-х гадоў. У раздзел “Змест адукацыі” былі ўнесены скарачэнне нагрузкі, 12-гадовая школа, механізм фарміравання сацыяльнага заказу, размеркаванне паўнамоцтваў паміж суб’ектамі, якія вызначаюць змест адукацыі, падтрымку інавацыйнага руху, камп’ютарызацыя, новыя адукацыйныя тэхналогіі, дзяржаўныя адукацыйныя стандарты, прыкладныя праграмы, атэстацыя навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў, сістэма ўступных экзаменаў, падтрымка маладых талентаў і г.д. Зразумела, чым большым становіцца аб’ём паняцця і аб’екты, на якія яго можна распаўсюдзіць, тым складаней з такім паняццем працаваць. У Законе аб адукацыі Расійскай Федэрацыі і адукацыйных стандартах прапісана, што змест адукацыі вызначаецца адукацыйнай установай самастойна. Больш за тое, ёсць такое паняцце, як абавязковая частка асноўнай агульнаадукацыйнай праграмы навучальнай установы. І гэтая абавязковая частка ўстанаўліваецца самой школай. Патэнцыяльна ў Расіі каля 40 тысяч школ, значыць, столькі ж абавязковых частак праграм. На думку М.В.Рыжакова, выйсце з гэтай сітуацыі трэба шукаць, і, мабыць, трэба вярнуцца да традыцыйнага паняцця зместу адукацыі.

Яшчэ адзін момант — у Расіі зараз модна выкарыстоўваць тэрмін “парадыгма”, без яго не абыходзіцца ні адна кніга аб адукацыі і перспектывах яе развіцця. Шырока вядомы парадыгмы ведаў, дзейсная, камунікацыйная, культуралагічная, кампетэнтнасная, асобасна арыентаваная, устойлівага развіцця і г.д. З’явіліся і новыя тэрміны, напрыклад, парадыгмальнае асэнсаванне, парадыгмальная ўстаноўка, парадыгмальная сітуацыя і г.д. Між тым гэты тэрмін вызначае пэўны шлях развіцця, якога неабходна абавязкова прытрымлівацца, які павінен быць асэнсаваны і г.д. І настаўнік павінен рэалізоўваць гэтыя парадыгмы на практыцы. Добра, калі яны аднолькава разумеюцца і не супрацьстаяць адна адной. А калі ўсё наадварот? 20 гадоў вядуцца спрэчкі адносна парадыгмы ведаў і дзейснай: якая з іх павінна быць прыярытэтнай. Пры гэтым зразумела, што супрацьпастаўляць іх бессэнсоўна.
“Што рабіць настаўніку ў гэтым моры парадыгм? Не прытрымлівацца іх, здаецца, непрыстойна, а прытрымлівацца — немагчыма. І канкрэтны чалавек альбо гаворыць, што працуе ў адной аўдыторыі ў разрэзе адной парадыгмы, а ў іншай — у разрэзе другой, альбо ён робіць так, як робяць людзі, якія знаходзяцца ў моры: калі ідзе высокая хваля, яны прысядаюць, і яна праходзіць над імі, потым галаву ўзнімаюць — і ўсё ў парадку. Для педагога прастора парадыгмальных падстаў звужаецца да прасторы яго пісьмовага стала, канкрэтнага класа, урока. Яму камфортна, зразумела, ён займаецца сваёй справай і не задумваецца, у якой парадыгме ён працуе. І гэта адзінае, што выратоўвае яго ў гэтай сітуацыі”, — патлумачыў М.В.Рыжакоў.
Якім павінен быць змест агульнай сярэдняй адукацыі? Як размеркаваць вучэбную нагрузку? У Расіі на адукацыйную галіну “Філалогія” адводзіцца 23% вучэбнага часу, у той час як у Бельгіі — 13—15%, у Аўстрыі, Нідэрландах — 10—11% , у Францыі — 17%. На матэматыку і прыродазнаўчыя навукі ў Расіі адводзіцца 13—14%, крыху больш — у Аргенціне, Тунісе, Венгрыі, Італіі, Ірландыі, Кітаі. На думку М.В.Рыжакова, каб зрабіць дзяцей пісьменнымі ці матэматычна адукаванымі, не трэба павялічваць колькасць гадзін на вывучэнне прадметаў, а трэба шукаць новыя методыкі і тэхналогіі эфектыўнага навучання.
Калі можа адбыцца кардынальнае змяненне зместу адукацыі? Як лічыць вучоны, адбудзецца гэта гадоў праз 20—25, калі сфарміруецца сістэма бесперапыннай адукацыі, гэта значыць, дзіця будзе пастаянна знаходзіцца ў адукацыйнай прасторы, будзе назірацца адзінства фармальнай і нефармальнай адукацыі. І тая частка функцый, якую бярэ на сябе школа, будзе перададзена паралельнай структуры — сістэме бесперапыннай адукацыі, а школа пачне займацца тым, чым яна паціху пачынае займацца: фарміраваннем пэўных якасцей асобы, якую патрабуецца выхаваць (працаваць у калектыве, умець суперажываць і інш.). І тады адзінкай зместу стануць не вучэбныя прадметы, а так званыя педагагічныя сітуацыі”.

Вынікі даследаванняў адукацыйнай сітуацыі ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі прывёў выконваючы абавязкі кіраўніка Глабальнай практыкі адукацыі Сусветнага банка доктар эканомікі ўніверсітэта Мінесоты ЗША Хрысціян Аэда. Даследаванні паказалі, што рост эканомікі краін звязаны ў першую чаргу з кагнітыўнымі і сацыяльнымі навыкамі (здольнасць працаваць у камандзе, прымаць рашэнні, весці за сабой і г.д.) людзей. І гэтыя навыкі фарміруюцца на працягу ўсяго жыцця чалавека. Адна з самых галоўных задач — даць дзецям магчымасць атрымаць добрую дашкольную адукацыю. У школе вучні павінны набыць базавыя кагнітыўныя кампетэнцыі. На больш позніх этапах варта закладваць прадпрымальніцкія навыкі, рыхтаваць да мабільнасці на рынку працы. Практыка паказвае, што сёння на рынку працы больш запатрабаванымі становяцца нестандартныя кагнітыўныя (аналітычныя) і міжасобасныя навыкі. У цэлым шэрагу краін работадаўцы скардзяцца на тое, што не могуць знайсці супрацоўнікаў з неабходнымі кампетэнцыямі сярод нядаўніх выпускнікоў. З аднаго боку, назіраецца павелічэнне прапаноў, з другога — незадаволенасць работадаўцаў тымі навыкамі, якія маюць прэтэндэнты на рабочае месца.

Напрыканцы пленарнага пасяджэння канферэнцыі слова ўзяў міністр адукацыі С.А.Маскевіч. Ён адзначыў значны ўклад інстытута ў развіццё нацыянальнай адукацыі. Дзейнасць НІА спалучае фундаментальнасць навуковага пошуку і мабільнасць рэагавання на запыты грамадства і выклікі часу.
Міністр адукацыі абазначыў праблемы, якія актуальныя сёння як у нас у краіне, так і ў свеце, і патрабуюць вырашэння. Гэта барацьба са шкодным уздзеяннем наркотыкаў, курыльных сумесей і з тым негатыўным уздзеяннем, якое прынёс інтэрнэт разам з асаблівымі каштоўнасцямі, новымі магчымасцямі, тэхналагічным асваеннем свету. “Для нас важна не проста выбудаваць сістэму практычнай работы, сістэму даследаванняў у гэтых напрамках, але і не разбурыць асноўныя сістэмныя прынцыпы і падыходы да адукацыі ў цэлым”, — падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч.
Па словах міністра, зараз прынцыпова важна, выстройваючы тэорыю і практыку як дашкольнай, так і агульнай сярэдняй адукацыі, фарміраваць сацыяльнае асяроддзе, здольнае самаарганізоўвацца, быць інклюзіўным, каб яно было здольным балансаваць свае намаганні ў прасоўванні таленавітых, адораных і клопаце пра тых, хто мае патрэбу ў асаблівай падтрымцы. “Для нас таксама важна знайсці баланс нашых намаганняў — і фінансавых, і інтэлектуальных — паміж фундаментальнай падрыхтоўкай навучэнцаў (у кожнага свой узровень навучання) і кампетэнцыямі, якія патрэбны для жыцця. Гэта задача і тэарэтыкаў, і практыкаў”, — адзначыў С.А.Маскевіч.
Сяргей Аляксандравіч павіншаваў супрацоўнікаў інстытута з юбілеем і ўручыў узнагароды Міністэрства адукацыі. Так, ганаровыя граматы атрымалі М.Б.Анціпава, Л.А.Ісачанкава, Т.Л.Ляшчынская, І.М.Страмок і інш. Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” была ўзнагароджана І.Л.Шаўлякова-Барзенка.
Работа канферэнцыі працягнулася на секцыях. На іх удзельнікі абмеркавалі псіхалагічныя праблемы развіцця асобы ў адукацыі; інавацыйныя падыходы да сучаснай дашкольнай адукацыі; змест і навукова-метадычнае забеспячэнне гуманітарных, матэматычных і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін; асноўныя напрамкі і формы развіцця спецыяльнай адукацыі; тэндэнцыі, заканамернасці і перспектыўныя мадэлі педагагічнай адукацыі ў цэлым.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.