Наперадзе — восем гарадоў і 1413 кіламетраў

- 16:47Адукацыйная прастора

Рэспубліканскі маладзёжны цягнік “# Беларусь. Моладзь. Натхненне” адправіўся ў шлях у Дзень моладзі на XXIX Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Праект Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай чыгункі накіраваны на садзейнічанне развіццю і рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, аб’яднанне намаганняў моладзі ў ажыццяўленні сацыяльна значнай дзейнасці на карысць грамадства, папулярызацыю мала­дзёжнага руху краіны і здаровага ладу жыцця, прафілактыку негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, павышэнне ўзроўню інфармаванасці і кампетэнтнасці па прыярытэтных напрамках маладзёжнай палітыкі, падтрымку таленавітай і адоранай моладзі. Узначаліў цягнік дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Сыранкоў; намеснік кіраўніка цягніка — галоўны спецыяліст упраўлення па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Шмарлоўскі, камісар — сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Юлія Зінкевіч. У ходзе адкрытага дыялогу “Беларусь: учора, сёння, заў­тра” міністр адукацыі Ігар Карпенка перадаў удзельнікам праекта дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг Рэспубліканскага маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”, а першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Варанюк — створанае маладымі беларусамі ўнікальнае палатно “Беларусь памятае”.

—Упершыню ў гісторыі па тэрыторыі Беларусі праходзіць маладзёжны цягнік, які сабраў разам лепшых прадстаўнікоў маладога пакалення, — паведаміў Дзмітрый Ва­ранюк. — Палатно “Беларусь па­мятае” з імёнамі 482 Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы — ураджэнцаў Беларусь правязуць па ўсіх рэгіёнах, затым яно будзе перададзена ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наша моладзь заўсёды памятае пра свае традыцыі і ганарыцца Беларуссю.

Афіцыйны пачатак праекту быў дадзены ўвечары 18 ліпеня на плошчы Перамогі ў Віцебску. Традыцыйна зялёны сігнал семафорнага ліхтара для машыніста лакаматыва азначае пачатак руху. Для маладых актывістаў сімвалічны семафорны ліхтар, які Ігар Карпенка ўручыў камісару цягніка, стаў увасабленнем імкнення да выбару дакладнага шляху, заснаванага на сувязі пакаленняў і гістарычнай памяці. Ганаровыя госці ўрачыстасці ўзначалілі вялікі начны маладзёжны парад па вуліцах фестывальнага Віцебска.

— Праект аб’яднаў амаль 100 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 18 да 31 года з розных рэгіёнаў краіны, — праінфармаваў Сяргей Сыранкоў. — Сярод іх пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і алімпіяд, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, прадстаўнікі працоўнай і сельскай моладзі, маладзёжнага самакіравання, IT-сферы, маладыя навукоўцы і спартсмены, лідары маладзёжных і дзіцячых грамадскіх арганізацый, валанцёры і ўдзельнікі руху студэнцкіх атрадаў. Гэта перадавы актыў краіны, наша эліта, на якую мы раўняемся, таму што моладзь заўсёды была і будзе каталізатарам прагрэсу развіцця любога грамадства.

На чыгуначным вакзале Віцебска маладых людзей павітаў начальнік Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Хомчанка. Удзельнікі цягніка атрымалі сімвалічныя квіткі па напрамках “# Беларусь Памятае”, “# Шануй Традыцыі!”, “# Жыві Ярка!”, “# Будзь Здаровы!” “# Рабі Дабро!” “# Будзь з намі!”. У 23.00 састаў адправіўся ў Шклоў.

Мерапрыемствы праекта “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” праходзяць з 18 па 25 ліпеня. За гэты час маладзёжная каманда наведае ўсе абласныя і некалькі раённых цэнтраў па маршруце Віцебск — Шклоў — Магілёў — Гомель — Пінск — Брэст — Гродна — Маладзечна — Мінск агульнай працягласцю 1413 кіламетраў, азнаёміцца з жыццём рэгіёнаў, музеямі і гістарычна-культурнымі помнікамі, значнымі аб’ектамі, створанымі ў эпоху незалежнай Беларусі. Юнакі і дзяўчаты аддадуць даніну памяці загінуўшым і жывым героям Вялікай Айчыннай вайны, прымуць удзе­л у адкрытых дыялогах, сустрэчах з кіраўніцтвам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і аблвыканкамаў, дэпутатамі і лідарамі грамадскіх аб’яднанняў, а таксама ў экскурсіях, прэс-канферэнцыях, хакатонах, круглых сталах, канцэртных і спартыўных праграмах, прадставіўшы краіне адзі­ную, мэтанакіраваную, таленавітую і паспяховую моладзь. Рэалізацыя праекта спрыяе больш дынамічнаму развіццю маладзёжнай палітыкі ў рэгіёнах, правядзенню комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне і прымнажэнне культурнай спадчыны Беларусі, павышэнню грамадска-палітычнай актыўнасці маладых людзей, падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, уключэнню маладзёжных грамадскіх арганізацый рэгіёнаў у рэалізацыю сацыяльна значных ініцыятыў, фарміраванню пазітыўнага іміджу краіны ў маладзёжным асяроддзі, прапагандзе здаровага ладу жыцця, шырокаму асвятленню маладзёжных праектаў праз інфармацыйную прастору, умацаванню традыцый, захаванню гістарычнай памяці, сувязі пакаленняў, развіццю сацыяльных аб’ектаў Пінска — маладзёжнай сталіцы — 2020. Па выніках праекта запланавана стварэнне фотаальбома, відэароліка і макета чыгуначнага састава Рэспубліканскага маладзёжнага цягніка “# Беларусь. Моладзь. Нахненне”, які ўручаць кіраўніку дзяржавы падчас сустрэчы з моладдзю ў Мінску.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.