Падзеяй года для моладзі Міншчыны без перабольшання можна назваць першае пасяджэнне маладзёжнага парламента пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў. Гэты калегіяльны кансультатыўны орган сабраў лідараў мадзёжнага руху вобласці, якія ў рэгіёнах былі выбраны, каб прадстаўляць інтарэсы маладых людзей свайго раёна на абласным узроўні.
Абласны маладзёжны парламент створаны і будзе працаваць на Міншчыне ўпершыню. Дзеючыя члены абласнога Савета дэпутатаў праявілі шчырую зацікаўленасць і гатоўнасць аказваць падтрымку маладзёжнай арганізацыі. Пацвярджэннем гэтага стала прысутнасць на першым пасяджэнні высокіх гасцей. Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Эдуардавіч Ліпніцкі, вітаючы маладых парламентарыяў, падкрэсліў, што яны будуць актыўна прыцягвацца да практычнай дзейнасці абласнога савета і гэта стане для іх добрай школай. “Знакава, што маладзёжны парламент ствараецца ў Год моладзі і год, калі мы адзначаем 70-годдзе Вялікай Перамогі, — звярнуўся да прысутных Іван Эдуардавіч. — Ваша задача — узя ць гэты свет у свае надзейныя рукі і перадаць яго будучаму пакаленню, як мы, старэйшае пакаленне, перадаём яго вам”.
Павіншаваць з пачаткам работы і даць парады маладым парламентарыям прыйшлі вопытныя грамадскія дзеячы — Марыя Мікалаеўна Худая, старшыня Мінскага абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, і Рыгор Сямёнавіч Рылькоў, старшыня Мінскага абласнога Савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Марыя Мікалаеўна звярнула ўвагу маладых людзей на тое, што іх галоўная задача — заўважаць праблемы навакольных — родных, калег, сяброў, і старацца іх ліквідаваць. Рыгор Сямёнавіч падкрэсліў, што моладзь цяпер будзе несці адказнасць за выхаванне будучага пакалення, рэалізацыю маладзёжнай палітыкі.
Самі юныя парламентарыі прыйшлі на мерапрыемства падрыхтаванымі, у кожнага з іх мноства здзейсненых добрых спраў за плячыма і яшчэ больш ідэй і планаў у галаве. Так, напрыклад, дэпутат Ягор Падаляк з Крупак плануе звярнуць увагу грамадскасці на валанцёрскі рух. Юнак лічыць, што гэтую работу трэба актывізаваць і выводзіць на новы ўзровень, а таксама прапаноўвае прыцягваць да валанцёрства падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі, бо, па меркаванні Ягора, кожнаму чалавеку неабходна даваць магчымасць выправіцца, праявіць сябе. А дэпутат з Вілейкі Марыя Лазар лічыць, што трэба рабіць больш разнастайным вольны час моладзі для прафілактыкі дрэнных звычак. У прыватнасці, Марыя прапаноўвае ствараць маладзёжныя турыстычныя кампаніі, дзе кожны падлетак можа паспрабаваць сябе ў прафесіі турагента, экскурсавода, бухгалтара. А колькі яшчэ ідэй, планаў, прапаноў у 47 членаў маладзёжнага парламента!
Кульмінацыяй мерапрыемства стала ўручэнне маладым людзям пасведчанняў членаў маладзёжнага парламента. Дакумент падкрэслівае асаблівы статус гэтых юнакоў і дзяўчат, дае ім мноства магчымасцей, але і накладвае на іх пэўныя абавязкі. Аб гэтым нагадала ўдзельнікам мерапрыемства яшчэ адна яго госця дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Інеса Анатольеўна Кляшчук. “Смела ідзіце наперад, вядзіце за сабой іншых і рэалізуйце ўсе ідэі і планы”, — заклікала моладзь Інеса Анатольеўна.
Жаданне сваёй працай садзейнічаць росквіту краіны, любоў да Радзімы, паважлівыя адносіны да народных традыцый, гатоўнасць служыць прынцыпам дабра і справядлівасці, працавітасць, мэтанакіраванасць, творчы падыход — менавіта гэтыя якасці дазволілі актывістам стаць дэпутатамі маладзёжнага парламента. Яны — магутная сіла, здольная будаваць квітнеючую, моцную краіну і рабіць вялікія справы, якія ў іх, безумоўна, наперадзе.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.