Напружаная праца, вопыт і крыху вязення

- 10:49Адукацыйная прастора

55 дыпломаў заваявалі юныя знаўцы алгарытмікі і праграмавання на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, з іх 11 дыпломаў І ступені, 16 — ІІ ступені і 28 — ІІІ ступені. Абсалютным пераможцам спаборніцтваў стаў навучэнец гімназіі № 2 Магілёва Аляксандр Кернажыцкі, які на 114 балаў адарваўся ад найбліжэйшага саперніка.

Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі таксама навучэнцы Ліцэя БДУ Раман Міхнюк, Мікіта Сячко, Дзмітрый Каршакевіч, навучэнец гімназіі № 1 Віцебска Марк Карнейчык, навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Станіслаў Ціцянок, навучэнцы сярэдняй школы № 2 Лунінца Андрэй Некрашэвіч і Аляксей Філіновіч, навучэнец гімназіі № 6 Мінска Валерый Шавель, выхаванцы Цэнтра юных пажарных Мазыра Дзяніс Півавараў і Іван Рэвт. Спецыяльнага прыза міністра адукацыі навучэнцу з сельскай мясцовасці, які прадэманстраваў найлепшы вынік, удастоены навучэнец Забалоцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці Яўген Ненартовіч (ён жа стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені). Спецыяльны прыз старшыні Мінгарвыканкама ўручаны сямікласніку гімназіі № 10 Мінска Даніілу Забаўскаму. Па колькасці заваяваных дыпломаў лідзіруюць каманды Ліцэя БДУ, Гомельскай і Віцебскай абласцей.

Навучэнцу 11 класа сярэдняй школы № 2 Лунінца Андрэю Некрашэвічу жаданы дыплом І ступені дазволілі атрымаць карпатлівая праца і шанцаванне. Заданні сёлетняй алімпіяды падаліся яму цікавымі. Нягледзячы на перамогу, хлопец не вельмі задаволены сваім выступленнем. Захапіўся праграмаваннем у 6 класе, калі прыйшоў на факультатыў да настаўніка інфарматыкі Івана Альфрэдавіча Трагубава, бо “здорава, калі ты загадваеш камп’ютару, што ён павінен рабіць”.

— Калі напружана працаваць, то атрымаць дыплом на рэспубліцы можна літаральна за год, — лічыць Андрэй. — Мне падаецца, што галоўнае ў падрыхтоўцы да алімпіяды не прымушаць сябе. Я займаюся, калі ёсць жаданне і матывацыя, а не праз сілу, як многія мае знаёмыя. Калі любімая справа перастае падабацца, то ўсё пачынае рушыцца і нічога не атрымліваецца.

Акрамя праграмавання, хлопец любіць пагуляць у футбол, адпачыць з сябрамі. Пакуль да канца не вызначыўся, куды будзе паступаць, але дакладна плануе звязаць сваё жыццё з ІТ-сферай.

Для выхаванца Цэнтра юных пажарных Мазыра Дзяніса Піваварава сёлетняя рэспубліканская алімпіяда — трэцяя. “Хацелася б лепш выступіць, каб трапіць на зборы па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды. Заданні былі рашальныя, але больш складаныя, чым, напрыклад, у мінулым годзе. Гэта адзначалі многія ўдзельнікі, — падкрэсліў Дзяніс. — У 6 класе я прыйшоў тады яшчэ ў Клуб юных пажарных да Аляксея Валянцінавіча Барунова — і дыплом у 8 класе на вобласці стаў стымулам да далейшага захаплення праграмаваннем. Займаюся, калі ёсць жаданне і час. У сярэднім у дзень магу затрачваць ад 2 да 8 гадзін. Акрамя праграмавання, яшчэ захапляюся музыкай, люблю праводзіць час з сябрамі. Схіляюся да паступлення на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР”.

Сёлета ў алімпіядзе прынялі ўдзел 124 навучэнцы з усіх абласцей рэспублікі, Мінска і Ліцэя БДУ: 66 адзінаццацікласнікаў, 36 дзесяцікласнікаў, 17 дзевяцікласнікаў, 3 васьмікласнікі, 1 сямікласнік і 1 навучэнец ССНУ. 5 навучэнцаў — прадстаўнікі сельскіх школ.

Традыцыйна спаборніцтвы па інфарматыцы праходзілі ў два туры, на якім навучэнцам прапаноўваліся па чатыры практычныя задачы.

— Прадстаўленыя ўдзельнікам задачы патрабавалі ведання праграмавання, тэорыі алгарытмаў і ведаў з розных галін матэматыкі. Адна з задач прапаноўвалася на адкрытыя тэсты, яшчэ адна — на выкарыстанне бібліятэкі, — адзначае старшыня журы алімпіяды старшы выкладчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Андрэевіч Буслаўскі. — З аднаго боку, ніхто з навучэнцаў не набраў максімальны бал, што сведчыць пра тое, што задачы былі дастаткова складанымі. З іншага боку, ніхто з удзельнікаў не сышоў са спаборніцтваў з нулявым вынікам, і гэта гаворыць пра тое, што задачы былі пасільнымі, іх можна было рашыць, навучэнцам сапраўды прадастаўлялася магчымасць прадэманстраваць свае веды і ўменні.

Асаблівасцю алімпіяды па інфарматыцы з’яўляецца тое, што абсалютна аднолькавыя заданні даюцца для навучэнцаў розных класаў. А паколькі навучэнцы 11 класаў маюць за сваімі плячыма большы вопыт і набор матэматычных ведаў, зразумела, што яны паказваюць лепшыя вынікі, чым навучэнцы малодшых класаў. У каго больш вопыту — у таго лепшы вынік. Сямікласнікі і васьмікласнікі сёлета дыпломаў не атрымалі, але гэта іх старт. І тое, што яны дабраліся да ўзроўню заключнага этапу алімпіяды і набралі прыкладна сярэднія вынікі, сведчыць пра тое, што ў іх вельмі сур’ёзны ўзровень падрыхтоўкі і добрыя перспектывы.

Члены журы і ўдзельнікі алімпіяды адзначылі высокі ўзровень арганізацыі спаборніцтваў: камфортнае пражыванне, спрыяльныя ўмовы для работы, добрае тэхнічнае абсталяванне, цікавая культурная праграма. Праўда, на думку А.А.Буслаўскага, у ідэале лепш закупляць тэхніку непасрэдна перад алімпіядай, каб яна была абсалютна новай і ідэнтычнай. Добра было б таксама, каб алімпіяда праводзілася ў адным памяшканні, як гэта робіцца на міжнародных спаборніцтвах па інфарматыцы.

— Не варта рабіць так, каб навучэнцы, асабліва адзінаццацікласнікі, рабілі стаўку на паступленне толькі на алімпіяды: размяркоўваць свае сілы неабходна раўнамерна, няўдача на заключным этапе не павінна лёсавызначальным чынам уплываць на іх будучыню. Калі навучэнец мае добрую падрыхтоўку, без сумненняў, ён паступіць і на агульных умовах, — лічыць старшыня журы. — Даўно вядомы спіс прыкладных алгарытмаў, па якіх бываюць задачы на алімпіядзе. Сустракаюцца алгарытмы і на ўзроўні 2—3 курсаў універсітэтаў. У вучняў, якія плануюць прысвяціць сваё жыццё інфармацыйным тэхналогіям, гнуткае маладое мысленне, добрая памяць, яны здольны асвоіць гэтыя алгарытмы яшчэ ў 8—9 класе. І таму задача педагогаў — арганізаваць іх навучанне так, каб вучні рыхтаваліся на працягу ўсяго года. Рыхтавацца толькі на зборах ці толькі на працягу дзвюх гадзін на тыдзень недастаткова, працаваць неабходна пастаянна. І варта зрабіць так, каб вучні падрыхтоўку да алімпіяды і рашэння задач расцэньвалі як разнавіднасць адпачынку: з’явілася свабодная хвілінка — парашаю задачы, вывучу штосьці новае. Калі гэта ў іх стане добрай звычкай, то ім будзе прасцей і ў прафесійнай дзейнасці, і ў навучанні ва УВА.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.