Урачыстае мерапрыемства адбылося ў Вялікім тэатры Беларусі. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 1000 педагогаў з усёй краіны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дзяржаўныя ўзнагароды — граматы і падзякі Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі” — атрымалі 40 прадстаўнікоў самай высакароднай прафесіі ў Камернай зале тэатра.

Фота БелТА
Віншуючы віноўнікаў урачыстасці, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што Дзень настаўніка — гэта ўсенароднае свята, таму што яго адзначае ўся краіна:
— Вы, нашы педагогі, не проста вучыце і даяце веды, а фарміруеце асобы, ствараеце сапраўдных патрыётаў 24/7, становячыся часам бліжэй, чым родныя мамы і таты. Бо настаўнік — прафесія вялікага сэрца, прызванне, дадзенае ад Бога!
Словы падзякі адрасаваў настаўнікам міністр адукацыі Андрэй Іванец:
— Здавалася б, мы штогод адзначаем гэтае свята. Але кожны раз яно для нас вельмі хвалюючае і трапяткое. Напэўна, таму, што гэта той час, калі мы можам прааналізаваць, што намі зроблена за пройдзеныя гады, які ўклад унёс кожны педагог у тое, каб мы сталі сапраўднымі грамадзянамі краіны. Таму яшчэ раз шчырыя словы падзякі вам, дарагія настаўнікі. Дарэчы, уручаныя дзяржузнагароды — толькі малая доля падтрымкі, якая аказваецца педагагічнай грамадскасці дзяржавай і асабіста Прэзідэнтам. Што і нядзіўна, бо імя настаўніка — святое, а школа — храм. Хачу пажадаць, каб так было заўсёды і далей.

Міністр нагадаў словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што адукацыя — пропуск нацыі ў заўтрашні дзень, таму яна ахоплівае не толькі вучобу, але і выхаванне, станаўленне асобы:
— Настаўнік — гэта той, хто бярэ за руку нашых дзяцей у дзіцячым садку, той, хто прыводзіць да ведаў за школьнай партай, той, хто дае прафесію — пуцёўку ў жыццё ў нашых каледжах і ўніверсітэтах. Сёння мы бачым, што з кожным годам усё больш і больш адораных, таленавітых і матываваных дзяцей прыходзіць у педагагічную прафесію. Так, кожны трэці будучы настаўнік у гэтым годзе — выпускнік педагагічнага класа. Усё гэта сведчыць пра тое, што тая сістэма падтрымкі, якая створана для нашых педагогаў, дае добрыя вынікі.

У сваю чаргу старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама сенатар Марына Ільіна, зачытваючы прывітальны адрас ад Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай, канстатавала, што сучасны настаўнік — сапраўдны патрыёт і сапраўдны прафесіянал:
— Жадаю нам захаваць гэтую важную характарыстыку — быць сапраўднымі. Са святам!
А старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч пераканана: што б ні праводзілі настаўнікі — урок альбо выхаваўчае мерапрыемства, яны заўсёды ў кожным дзіцяці шукаюць талент:
— Вы заўсёды стараецеся накіраваць вучняў у тое рэчышча, якое ў перспектыве дапаможа ім выбраць прафесію і стаць патрыётамі нашай любімай і прыгожай краіны. Вам за гэта ад нас нізкі паклон! Вы ў страі 24/7, і калі прафесія настаўніка ад Бога, то ўсе астатнія — ад настаўніка.
У страі 24/7
Сярод узнагароджаных быў Анатоль Шабусаў, настаўнік фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 1 Смілавіч. У прафесіі ён ужо 33 гады, а прыйшоў у яе па прыкладзе свайго школьнага педагога:
— У маёй 2-й школе Бялыніч Магілёўскай вобласці быў неверагодны настаўнік фізікі — Альберт Леанідавіч Папок. Ён так цікава праводзіў урокі, што немагчыма было не палюбіць фізіку і ў далейшым не звязаць з ёй свой лёс. Усе гады я і сам імкнуся захапляць вучняў сваім прадметам. Хаця сёння быць настаўнікам вельмі няпроста. На нас вялікая адказнасць за тое, якім будзе наступнае пакаленне. Вучні — як чысты ліст, і настаўнік можа напісаць на ім як сапраўдны шэдэўр, так і карыкатуру. Таму наша прафесія вельмі важная, бо мы — інжынеры чалавечых душ.

Падтрымаць і парадавацца за Анатоля Канстанцінавіча прыехала і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Мікалаеўна Змачынская. Яна таксама лічыць, што праца настаўніка шматгранная і складаная, але ў той жа час цікавая і высакародная:
— Я заўсёды ганаруся педагогамі, якія нестандартна падыходзяць да работы, імкнуцца запаліць сэрцы вучняў, каб убачыць у іх вачах тую радасць, якую самі адчуваюць, прыходзячы на ўрок.
Наталля Віктараўна Пільшчыкава, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 7 Віцебска імя П.Я.Кандраценкі, працуе педагогам ужо больш за 30 гадоў. Яна нагадала, што пры зараджэнні пісьменства амаль 6 тысяч гадоў назад у адным егіпецкім папірусе было напісана: “Укладзі сваё сэрца ў чытанне”. На яе думку, гэтыя мудрыя словы з’яўляюцца дэвізам кожнага настаўніка-філолага:
— Літаратура — гэта наша сумленне, наша маральнасць, наш гонар і годнасць, і вось гэтаму мы імкнёмся вучыць нашых дзяцей — у першую чаргу чалавечнасці.

Сваімі эмоцыямі пасля атрымання ўзнагароды падзяліўся і Васіль Рап’явец, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна Слоніма:
— Для мяне яна вельмі нечаканая і хвалюючая. Апошнім часам прафесія настаўніка пачала набываць прэстыж, бо на яе з’явіўся попыт, і кіраўнік дзяржавы пачаў удзяляць шмат увагі, таму і пайшоў рух уверх. Чаму вучыць маладое пакаленне?.. Таму, што ў першую чаргу спатрэбіцца яму ў жыцці, — быць грамадзянінам сваёй краіны і чалавекам з вялікай літары.

Сярод уладальнікаў нагрудных знакаў “Выдатнік адукацыі” — дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Алена Кальмакова. Такой высокай узнагароды яна ўдастоена за падрыхтоўку нацыянальнай зборнай да міжнародных алімпіяд па геаграфіі.
— У гэтым годзе нашы дзеці дасягнулі гістарычнай перамогі. На iGeo-2025, якая праходзіла ў Бангкоку, заваявалі абсалютнае “золата”. Такая ўзнагарода Беларуссю атрымана ўпершыню. Мы да яе вельмі доўга ішлі ўсёй камандай педагогаў, — расказала Алена Генадзеўна і дадала, што педагог вышэйшай школы — гэта той жа настаўнік, але толькі ва УВА: — Як сёння было дакладна заўважана, у нашай сферы не затрымліваюцца выпадковыя людзі, таму сапраўды гэта заўсёды прафесія вялікага сэрца.

Вялікі тэатр падрыхтаваў для сваіх ганаровых гасцей творчы падарунак — унікальны праект “Патэтычны дзённік памяці”. Ён зроблены на аснове твораў айчынных кампазітараў і дакументальных сведчанняў трагедыі і гераізму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Перад яго пачаткам Уладзімір Пярцоў зачытаў прывітальны адрас настаўнікам ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў эпоху імклівага і інавацыйнага развіцця роля настаўніка становіцца значнай як ніколі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара





