Напярэдадні Новага года

Навагоднія традыцыі аб’ядноўваюць розныя пакаленні. Не абыходзяць гэтыя традыцыі і вучняў нашага Вераб’евіцкага ВПК дзіцячы сад — базавая школа Навагрудскага раёна, дзе, як і ва ўсёй краіне, праходзіць дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.

Актыўны ўдзел у акцыі бярэ іерэй царквы Раства Прасвятой Багародзіцы в. Поўбераг Дзмітрый Смурага, які прывёз адзенне, абутак, школьныя прылады для мнагадзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў. Гэта дапамога не першая і не адзіная, якую аказвае айцец Дзмітрый.

Таксама ў рамках акцыі вучні падрыхтавалі сувеніры, падарункі, зробленыя сваімі рукамі, школьныя прылады для віншавання вучняў з фізічнымі асаблівасцямі і дзетак, што пражываюць у прытулку і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
У рамках акцыі “Нашы дзеці” вучні старшых класаў правялі для выхаванцаў дзіцячага сада міні-спектакль па народнай беларускай казцы “Родныя браты”. У госці да дзяцей зайшлі Мароз Чырвоны Нос і Мароз Сіні Нос. Пасля выступлення — гульні і конкурсы. Добрыя ўражанні і настрой застануцца з усімі надоўга.

Цэнтральнай падзеяй акцыі стане дабрачыннае навагодняе свята, якое адбудзецца 26 снежня на базе нашай школы. Новы год — выдатная нагода для таго, каб зноў акунуцца ў дзяцінства і ўспомніць самыя шчырыя і запаветныя жаданні.

Вераніка ЛАГВІНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Вераб’евіцкага ВПК дзіцячы сад — базавая школа Навагрудскага раёна.