Нарада з губернатарамі прайшла ў прэзідэнта

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з членамі ўрада і старшынямі аблвыканкамаў запатрабаваў своечасова пачынаць рыхтавацца да азімай сяўбы.

“Выходзіць у поле негатовымі тэхналагічна да сяўбы нельга, проста не трэба сеяць. За гэта адкажуць губернатары і адпаведныя міністэрствы па поўнай. Хопіць ужо дурасцю займацца і падманваць саміх сябе. У пустую, як кажуць вяскоўцы, зямлю зерне класці злачынна. Падрыхтуйце як належыць глебу і пасейце ў агратэхнічна аптымальныя тэрміны. Не паспяваеце — не рабіце”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да губернатараў, ён адзначыў, што землі гаспадарак, якія не паспяваюць падрыхтаваць да азімай сяўбы, можна аддаць прадпрыемствам, якія маюць патрэбу ў зерні. “Але гэта трэба зрабіць цяпер, каб яны своечасова маглі падрыхтаваць глебу, пасеяць і забраць гэтае зерне”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэмпы ўборачнай кампаніі. Паводле яго слоў, яе трэба праводзіць хутчэй, аднак вялікіх праблем пакуль з гэтым няма. “Не хачу сказаць, што мяне насцярожваюць тэмпы ўборкі ўраджаю. Такі ўраджай збожжавых, мы, вядома ж, збяром. Гэта не праблема. Каля сямі мільёнаў тон — гэта не той узровень, які мы можам дасягнуць або рэалізаваць на ўборцы ўраджаю, паколькі тэхнічна аснашчаны, як ніколі. Мы і дзесяць мільёнаў тон можам за месяц убраць”, — адзначыў ён.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе паведаміў, што мае намер наведаць Оршу і пракантраляваць выкананне даручэнняў па развіцці горада.

Паводле яго слоў, гэтае мерапрыемства стане “лакмусавай паперкай у рабоце ўрада”. “Мне вельмі не хацелася б публічна мець непрыемную размову з міністрамі і прэм’ер-міністрам у Оршы. Там павінна быць зроблена тое, што я даручаў, — падкрэсліў прэзідэнт. — Задачы пастаўлены, дакументы падпісаны, усё на кантролі. Будзем глядзець ад культуры і спорту да вытворчасці, я ўжо не кажу пра сацыяльны статус гэтага горада, сацыяльную прывабнасць і яго знешні выгляд”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Орша павінна быць прыкладам і арыенцірам для іншых буйных гарадоў у розных абласных цэнтрах. Усе яны павінны быць выведзены на высокі ўзровень развіцця. “Пытанне не толькі ў тым, што там жывуць людзі і павінны працаваць вытворчасці. Пытанне ў правільным размяшчэнні прадукцыйнай сілы. Калі мы скарачаем будаўніцтва жылля, а значыць, прыток рабочай сілы, у Мінску, то гэтая рабочая сіла павінна быць раўнамерна размешчана па Беларусі. Не толькі ў абласных цэнтрах, але перш за ўсё ў гэтых буйных гарадах, якія, зразумела, будуць развівацца як аграпрамысловыя цэнтры. Вось у чым сутнасць маіх патрабаванняў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама спыніўся на стане спраў у Гомельскай вобласці. У прыватнасці, ён закрануў ход уборачнай кампаніі ў рэгіёне. На думку Аляксандра Лукашэнкі, яе тэмпы невысокія. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтыя пытанні сярод іншых будуць абмяркоўвацца ў час яго плануемай рабочай паездкі ў Гомель.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў на нарадзе задачу беларускім прадпрыемствам падрыхтавацца да гандлю мясной прадукцыяй на расійскім рынку.

“Значнасць мяса і малака ў далейшым будзе ўзрастаць, і перш за ўсё на нашым асноўным расійскім рынку. Ужо абвальна ідзе інфармацыя пра тое, што мясныя прадукты ў Расіі моцна падаражэюць, прычына абгрунтоўваецца тым, што даражэе сыравіна. Інакш кажучы, у Расіі няма мяса. Таму трэба быць гатовымі да гандлю на нашых асноўных рынках, але не забываць пра свой унутраны. І пытанне цэнаўтварэння — за гэта нехта можа страціць галаву, і не толькі міністр гандлю”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы развіццё малочнай вытворчасці, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прынятыя раней крокі ў гэтай галіне апраўдаліся. “Тое, пра што малолі нашы так званыя апазіцыянеры, тэхнолагі і палітыкі, аказалася проста дурасцю. Мы ў свой час, схапіўшыся за мадэрнізацыю нашых застарэлых ферм у малочнатаварныя комплексы, адносна выратавалі сельскую гаспадарку, паколькі малако сёння прыбытковае. Нарэшце нашы людзі пачалі спажываць нармальныя прадукты харчавання, ды і экспарт, куды б мы ні пастаўлялі прадукцыю, водзывы самыя станоўчыя. Інакш кажучы, з малаком мы навучыліся працаваць”, — канстатаваў прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што задача па ўзвядзенні малочнатаварных комплексаў не знімаецца: усе запланаваныя аб’екты неабходна дабудаваць.