Наркатычная вайна

- 16:01Рознае, Сацыяльны ракурс
Інфармацыя на наркатычную тэматыку нярэдка нагадвае зводку з палёў баявых дзеянняў: яшчэ адзін загінуў, яшчэ адна памерла, двое апынуліся ў псіханеўралагічным дыспансеры… Праўда, гэтая інфармацыя дапаўняецца паведамленнямі іншага кшталту: затрымалі чарговых наркагандляроў, ліквідавалі наркапрытон, канфіскавалі партыю “зелля”. Вось і нядаўна прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла аб канфіскацыі буйной партыі наркотыкаў.
“Спайсы” наступаюць

Нагадаю: у Мінску канфіскавана найбуйнейшая партыя псіхатропных рэчываў. Спачатку аператыўнікі затрымалі менеджара адной з фермерскіх гаспадарак Мінскай вобласці, а крыху пазней знайшлі тайнік, у якім наркадылер захоўваў інгрэдыенты для вытворчасці курыльных сумесей і “марак”. Сховішча размяшчалася пад мостам на развязцы двух сталічных праспектаў. А ў ім было каля 13 кілаграмаў парашка-асновы, з якога можна зрабіць некалькі мільёнаў доз “спайсаў”. Затрыманы менеджар быў адным з ключавых пастаўшчыкоў псіхатропных сродкаў названай катэгорыі ў Мінск.
Ці яшчэ адзін выпадак: нядаўна ў Лунінецкім каледжы быў затрыманы 23-гадовы выкладчык, у якога знайшлі курыльную сумесь з асабліва небяспечным псіхатропам. Варта прыгадаць і тое, што не так даўно менавіта з-за “марак” у сталіцы загінулі дзяўчына і хлопец, былі і іншыя ахвяры. Прычым ахвяры шматлікія — і тыя, хто загінуў нават ад аднаразовага ўжывання наркотыка ў вельмі маленькай дозе, і тыя, хто страціў здароўе з-за “спайсаў” і іншых небяспечных рэчываў. Па словах галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя Івана Іванавіча Канаразава, ужыванне найноўшых псіхатропных рэчываў вядзе не толькі да доўгага лячэння, але і да страшных наступстваў на ўсё жыццё: “Родныя тых, хто паспрабаваў такія рэчывы, кажуць, што іх блізкія страцілі частку сваёй асобы, губляюць памяць, уважлівасць, становяцца занадта раздражняльнымі. Гэтыя людзі губляюць самі сябе”.
“Прыкладна тры гады назад да нас пачалі трапляць пацыенты, якія злоўжываюць “спайсамі”, — расказвае Уладзімір Уладзіміравіч Іваноў, загадчык 21-га наркалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя. — З іх слоў атрымліваецца, што курыць гэтыя сумесі яны пачалі ў 15-16 гадоў, гэта значыць, у школьным узросце. Таму і прафілактычная работа галоўным чынам павінна быць накіравана на школьнікаў, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных ліцэяў і каледжаў. Прычым мы таксама ведаем, што любы са спажыўцоў “спайсаў” пачынаў са звычайнага курэння. Сучасныя вытворцы цыгарэт дабаўляюць у тытунь такія рэчывы, якія хутка выклікаюць у курцоў залежнасць. Таму і прафілактыку курэння трэба весці вельмі актыўна”. Як кажа Уладзімір Уладзіміравіч, самі “вытворцы” не ведаюць дакладны састаў “спайсаў”, які вырабляюць. Таму і ўздзейнічаюць гэтыя сумесі ў розных выпадках па-рознаму. Хтосьці адчувае лёгкае ап’яненне, як пасля ўжывання піва, іншым становіцца так дрэнна, што вопыт са “спайсамі” яны больш не паўтараюць. “У нас ляжалі опійныя наркаманы, якія кажуць, што, аднойчы паспрабаваўшы “спайсы”, да іх больш не вернуцца, — расказвае У.У.Іваноў. — А тыя, хто працягнуў ужываць курыльныя сумесі, гавораць, што праз нейкі час перастаюць адчуваць той самы кайф, проста адключаюцца ад рэчаіснасці, нічога, акрамя “спайсаў”, іх ужо не цікавіць, залежнасць развіваецца вельмі хутка”. Спецыяліст заўважыў, што нейкіх асаблівых прыкмет таго, што малады чалавек накурыўся “спайсаў”, звычайна няма, як няма і паху курыльнай сумесі ад яго. Ён выглядае як п’яны: няўпэўненая паходка, шкляныя вочы, адхілены погляд… На гэта і трэба звяртаць увагу ў школах і каледжах.
Што да “марак”, то гэта, па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, моцныя галюцынагены. Як кажуць іх спажыўцы, якім пашанцавала застацца ў жывых, ні пра які кайф гаворкі няма, людзі цалкам перастаюць кантраляваць сябе. “Гаварыць пра залежнасць ад “марак” не даводзіцца, яны залежнасці не выклікаюць, і што штурхае людзей на іх ужыванне, незразумела, — дадае спецыяліст. — А тое, што некаторыя іх спажыўцы імкнуцца выйсці з кватэры праз вокны, магчыма, тлумачыцца ўзнікшым кіслародным галаданнем. А, магчыма, галюцынацыямі, людзям здаецца, што за імі хтосьці гоніцца. Усё гэта, паўтару, пакуль толькі версіі. Загінуўшыя ж не раскажуць, што з імі здарылася”.
Па прыблізных ацэнках спецыялістаў, ад 3 да 4 працэнтаў жыхароў планеты ўжываюць наркотыкі. У Расіі іх ад 3 да 8 мільёнаў, амаль 2/3 з іх — моладзь ва ўзросце да 30 гадоў. У Рэспубліцы Беларусь на 1 студзеня 2014 года пад наглядам псіхіятраў-нарколагаў знаходзілася 15 610 чалавек, якія ўжываюць наркатычныя сродкі, і хворых наркаманіяй (163,5 на 100 тысяч насельніцтва). Сярод выяўленых спажыўцоў наркатычных сродкаў у нашай краіне больш за тысячу чалавек — моладзь да 18 гадоў, амаль 5 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 19 да 25 гадоў. Навучэнцаў школ сярод спажыўцоў наркотыкаў каля 400 чалавек, прафтэхустаноў — амаль 500, навучэнцаў каледжаў — 177, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі — каля 180. Ад перадазіроўкі наркотыкаў у Беларусі штогод памірае да 100 чалавек.
Пры гэтым, па словах начальніка ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Мікалая Мікалаевіча Карпянкова, наркарынак Беларусі ў апошні час значна змяніўся. Калі яшчэ нядаўна 60—80% яго складаў опій, то зараз працэнт яго ўжывання знізіўся да 7,2. А па інфармацыі дырэктара мясцовага фонду “Цэнтр здаровай моладзі”, які займаецца прапагандай здаровага ладу жыцця і рэабілітацыяй нарказалежных (нешта накшталт груп ананімных алкаголікаў), Максіма Пятровіча Дарагайкіна, узрост нарказалежных зніжаецца. Літаральна за апошнія месяцы значна павялічылася колькасць тых, хто стаў наркаманам з-за злоўжывання “спайсамі”. “У нас з 13 чалавек, якія праходзяць рэабілітацыю зараз, 8 “спайсавых”, — адзначае М.П.Дарагайкін. Па яго словах, колькасць такіх залежных расце ва ўсіх сацыяль-ных групах насельніцтва, пад іх уздзеянне трапляюць і маладыя людзі з вельмі забяспечаных сем’яў, і з нядобранадзейных, бо “спайсы” каштуюць нядорага і набыць іх прос-та. “Хаця ў дзяцей забяспечаных бацькоў магчымасцей усё ж, відаць, больш”, — кажа Максім Пятровіч. У фонд звяртаюцца як бацькі нарказалежных, так і прадстаўнікі навучальных устаноў з просьбай правесці прафілактычныя мерапрыемствы.
Нядаўна Міжнародны камітэт па кантролі над наркотыкамі прадставіў даклад за мінулы год. У ім, між іншым, адзначана, што ва ўсім свеце з-за наркотыкаў штогадова памірае 211 000 чалавек. Праблема наркотыкаў даўно дасягнула планетарных маштабаў. І ў 2016 годзе плануецца правесці спецыяльную сесію ААН па ёй.

Хуткасць, жорсткасць, пералом

Як гаворыць начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Мікалай Мікалаевіч Карпянкоў, распаўсюджанне наркотыкаў, гандаль імі — тэрарыстычныя акты супраць нашай моладзі. “Так мы да гэтага і ставімся. Наш прыярытэт прыярытэтаў — супрацьдзеянне распаўсюджанню наркотыкаў у маладзёжным асяроддзі”, — дадае ён.
Між тым гэта сёння ў нейкім сэнсе маладзёжная мода. Жахлівая мода, якая прыводзіць да страты здароўя ці нават смерці.
Нагадаем, што ў краіне з нядаўняга часу працуе Дэкрэт №1 “Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку”. І ў апошнія месяцы прыкметна знізілася колькасць скаргаў грамадзян на наркапрытоны, у якіх гатуюць і прымаюць такія наркотыкі. Адбыўся першы суд у Мінску над чалавекам, які збываў засмечаны мак: у яго канфіскавалі машыну, сыравіну, наклалі штраф. Яшчэ машыну канфіскавалі ў збытчыка маку ў Брэсце, ён таксама атрымаў штраф. Толькі за месяц супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі з незаконнага абароту каля 37 тон маку па ўсёй краіне.
Так што мак у нейкім сэнсе саступае, а зараз сярод усіх наркатычных сродкаў, якія існуюць на тэрыторыі Беларусі, амаль 70% складаюць курыльныя сумесі. Прычым ёсць інфармацыя, што ў 2013 годзе кожны тыдзень у Беларусі з’яўляўся новы незнаёмы наркотык. “Яшчэ нейкі час будзе назірацца рост гандлю і ўжывання “спайсаў”, праз месяц-два мы выйдзем на пік іх распаўсюджання, а потым пойдзе зніжэнне”, — лічыць М.М.Карпянкоў. Ён адзначае, што па барацьбе з курыльнымі сумесямі праводзяцца актыўныя дзеянні, якія нават можна назваць агрэсіўнымі. Перш за ўсё гэта папаўненне пераліку забароненых рэчываў. У мінулым годзе ў яго ўнесены 73 найменні і 16 аналагаў, у бягучым — 30 рэчываў.
Сёлета “па наркотыках” у краіне ўзбуджана ўжо 1324 крымінальныя справы, гэта на 567 спраў больш, чым летась. І гэта пры тым, што стала менш спраў па наркапрытонах, работа адпаведных міліцэйскіх структур скіравана на спыненне распаўсюджання курыльных сумесей. Прыкладна 900 спраў з названай колькасці ўзбуджаны менавіта па распаўсюджвальніках курыльных сумесей і па тых, хто іх захоўваў. Перакрыты чатыры каналы пастаўкі наркотыкаў у нашу краіну, ліквідаваны дзве лабараторыі па іх вырабе і тры памяшканні па вырошчванні раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы.
Дзеля вырашэння праблемы працуе і Міжведамасны савет па папярэджанні і прафілактыцы п’янства, алкагалізму, наркаманіі і ўжывання тытуню пры Савеце Міністраў. Тут, напрыклад, вырашана як мага хутчэй падрыхтаваць комплекс мер, накіраваных менавіта на работу з моладдзю. “Сутнасць антынаркатычных ініцыятыў ва ўзмацненні крымінальнай адказнасці: за ўвоз наркатычных рэчываў — ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі, за выраб ва ўмовах лабараторыі — столькі ж, за збыт непаўналетнім — таксама ад 8 да 12 гадоў”, — патлумачыў М.М.Карпянкоў. Будуць рэалізаваны і іншыя заканадаўчыя ініцыятывы. “Аналагаў наркотыкаў налічваецца каля 600, — патлумачыў спецыяліст, — а так званых базавых структур каля 18, таму ў заканадаўства і будзе ўведзена такое паняцце”.
Менавіта гэта — аператыўнае рэагаванне на змяненне кан’юнктуры наркарынку — адна з асноў барацьбы з сучаснымі наркотыкамі, лічыць М.М.Карпянкоў. І дзеля гэтага ў Беларусі плануецца стварыць антынаркатычную камісію, якая пры неабходнасці будзе збірацца на працягу сутак і прымаць рашэнне аб забароне такіх новых рэчываў. Камісія будзе складацца з прадстаўнікоў трох ведамстваў: Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, міністэрстваў унутраных спраў і аховы здароўя. Прычым камісія зможа забараніць нават тыя рэчывы, якія пакуль не з’явіліся на тэрыторыі Беларусі. Інфармацыя тут жа будзе размяшчацца на сайце МУС па прынцыпе аднясення да аналагаў, і ўжо з наступных сутак за іх распаўсюджванне і іншыя дзеянні будзе наступаць крымінальная адказнасць. “Такія надзвычай аператыўныя меры, лічу, прывядуць да таго, што падобныя рэчывы папросту не з’явяцца ў Беларусі, — падсумаваў начальнік упраўлення па наркакантролі і гандлі людзьмі МУС. — Стане нявыгадна прывозіць сюды новыя наркатычныя сродкі”.
Рашэнні неабходныя, але многія цяперашнія наркаманы, верагодна, сталі наркаманамі за той час, пакуль частка курыльных сумесей заставалася легальнай. Праўда, зараз пералік забароненых рэчываў, складзены ў Беларусі, самы поўны, менавіта ён браўся за аснову пры падрыхтоўцы адпаведнага пераліку для краін Мытнага саюза.
Што яшчэ робіцца дзеля супрацьстаяння наркотыкам? Пра гэта можна сказаць нямала. Так, у Беларусі дзейнічае праграма замяшчальнай метадонавай тэрапіі, працуюць 18 пунктаў такой тэрапіі, дзе зараз лечацца прыкладна 1100 чалавек. Адзін з кірункаў прафілактычнай работы сярод моладзі — ініцыятыва Дзіцячага фонду ААН “Горад, дружалюбны да дзяцей”, якая прадугледжвае зніжэнне негатыўнага ўплыву гарадскога асяроддзя на жыццё дзіцяці. Зараз да гэтай ініцыятывы далучыліся 22 беларускія гарады, у тым ліку і Мінск. Наркалагічную дапамогу ў нас магчыма атрымліваць ананімна на ўсіх яе этапах, а чалавек, які звяртаецца па медыцынскую дапамогу, не мае ніякіх сацыяльных абмежаванняў, у тым ліку па працаўладкаванні.
Але, напэўна, адна з галоўных прафілактычных мер — гэта работа над масавай свядомасцю, стварэнне такой сітуацыі, каб ужыванне наркотыкаў стала нямодным, каб моладзь нават не хацела іх паспрабаваць. І пэўны пералом у грамадскай думцы назіраецца. Пра гэта можна меркаваць хаця б па каментарыях у інтэрнэце да матэрыялаў на антынаркатычную тэматыку. Многія выказваюцца за самыя строгія меры пакарання, лічаць, што 8—12 гадоў за продаж наркотыкаў непаўналетнім — гэта мала, бо распаўсюджванне “зелля” раўназначна знішчэнню нацыі.

 

Марына ХІДДЖАЗ.