Народнае адзінства, мір і згода — нязменныя каштоўнасці

У ходзе рабочай паездкі на Віцебшчыну Ігар Карпенка 16 сакавіка наведаў установы адукацыі Полацкага раёна. У сярэдняй школе № 1 Полацка міністр адукацыі ўручыў пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь навучэнцам, якія маюць значныя поспехі і дасягненні ў вучобе, грамадскай дзейнасці, спорце і творчасці. Урачыстая цырымонія прайшла ў рамках Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!”.

Юнакі і дзяўчаты атрымалі галоўны дакумент у жыцці — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а разам з ім — грамадзянскія правы і абавязкі. Для маладога чалавека гэта пачатак дарослага самастойнага жыцця, адкрыццё шырокіх перспектыў. Разам з пашпартамі Ігар Карпенка перадаў кожнаму герою свята падарункавае выданне ад Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь “Я — грамадзянін Рэспуб­лікі Беларусь”. Менавіта тут, пад небам Радзімы, у моладзі ёсць усе магчымасці, каб раскрыць свае таленты і здольнасці, атрымаць добрую адукацыю і любімую прафесію, прынесці карысць грамадству і ад­чуць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі, пры­мнажаючы дасягненні нашай краіны. Асабліва адметна і важна гэта для юных палачан — жыхароў старажытнага горада, які вядомы ўсяму свету як калыска беларускай дзяржаўнасці, цэнтр духоўнасці і культуры, прадаўжальнікаў слаўных традыцый продкаў. Але для дасягнення поспеху неабходна шмат праца­ваць і перш за ўсё — над сабой, пастаянна павы­шаць свой адукацыйны ўзровень, з любоўю адносіцца да сваёй справы, да лю­дзей, да роднай зямлі. Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы кіраўніка міністэрства са старшакласнікамі ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Тэмай інфармацыйнай гадзіны, прысвечанай Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, была гісторыя станаўлення і развіцця Саюзнай дзяржавы.

—З часоў Кіеўскай Русі існавалі тры знакавыя цэнтры ўсходнеславянскіх народаў: Кіеў, Ноўгарад і Полацк, — адзначыў міністр. — Старажытныя ўдзельныя княствы аб’ядноўвалі свае сілы, каб супрацьстаяць знешнім пагрозам, варожым нашэсцям. Так склалася гістарычна, і далей на працягу стагоддзяў інтэграцыйныя працэсы развіваліся і ўмацоўваліся. Наша адзін­ства пераплецена лёсамі многіх пакаленняў, у тым ліку сучаснікаў. Я сам нарадзіўся ў сібірскім Новакузнецку, у школу пайшоў ва Украіне, а потым з сям’ёй прыляцеў у Полацк — аэрадром быў якраз на месцы цяперашняга гарадскога мікрараёна — і з 4 па 10 клас вучыўся ў сярэдняй школе № 14. Дарэчы, адным з моцных уражанняў ад знаёмства з Полацкам для мяне стала тое, што ў цэнтры знаходзіцца помнік Францыску Скарыну, а не Уладзіміру Леніну, як гэта было тады амаль ва ўсіх гарадах Савецкага Саюза. Канечне ж, узнікла жаданне пачытаць дадаткова, даведацца больш пра славутага першадру­кара. Полацк дыхае гісторыяй. Калі вывучаеш прадмет і ведаеш: вось яны, непадалёк — Сафійскі сабор, Спаса-Ефрасіннеўская царк­ва, брацкая школа, магіла Кульнёва і Чырвоны мост, вал Івана Грознага. Гэта напаўняе словы настаўніка, старонкі падручніка асаблівым сэнсам. Таму што разу­мееш: ты таксама неадрыўны ад гісторыі, якая калісьці адбывалася на гэтых землях, і ў сабе нясеш яе часцінку ў будучыню. Магчыма, таму я выбраў некалі гістарычны факультэт. У школьныя, студэнцкія гады мяне, маіх сяброў не вельмі цікавіла, беларус ты, прыехаў з Расіі ці з Украіны — каштоўнасці міжнацыянальнага сяброўства вечныя. Дарэчы, у дарослым жыцці я знайшоў у дамашнім архіве фота прадзеда, ура­джэнца Яраслаўскай губерні. У 1912 годзе ён служыў у Мінску — так атрымалася, што фота зроблена практычна на тым жа месцы ў раёне плошчы Незалежнасці, дзе я вучыўся у педагагічным інстытуце і зараз працую ў міністэрстве. Калі гаварыць пра асабісты лёс, то падобныя прыклады знойдуцца ці не ў кожнай нашай сям’і. Беларусаў і расіян аб’ядноўваюць наймацнейшыя эканамічныя і культурныя сувязі, у шырокім геапалітычным плане саюз Беларусі і Расіі ўяўляе сабой гістарычна заканамерны факт. Ён ні ў якім разе не падвяргае сумненню суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, але разам з тым нам як суседзям лёсам прадвызначана жыць у сяброўстве. Братэрскія адносіны паміж народамі дарагога вартыя. Дзеля захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, развіцця сваёй мовы і культуры трэба падтрым­ліваць нацыянальную, моўную і культурную разнастай­насць, інакш увесь свет спросціцца да ўзроўню адной уніфікаванай ма­дэлі — напрык­лад, той жа англа-саксонскай. Мы невялікая нацыя з невялікай тэрыторыяй у цэнтры Еўропы. У Савецкім Саюзе па статыстыцы пражывала каля 100 нацыянальнасцей і народнасцей, у Беларусі іх зараз каля 140. Кожнаму з нас неабходна прыклад­ваць усе намаганні, каб зберагчы найкаштоўнейшы здабытак беларусаў — міжнацыянальныя, міжканфесійныя мір і згоду.

Ігар Карпенка падрабязна адказаў на шматлікія пытанні школьнікаў, у тым ліку пра запатрабаваныя ў цяперашні час спецыяльнасці і прафесіі будучыні, уласны прафесійны выбар і школьных педагогаў, якія на яго паўплывалі, жыццёвыя прынцыпы міністра адукацыі і якасці характару, што дапамагаюць яму ў працы, пра работу Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, яго падабенства і адрозненні ад расійскага адукацыйнага цэнтра “Сірыус”. Таксама Ігар Карпенка азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў школе, яго матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем і вучэбна-метадычным суправаджэннем. Установа нацэлена на атрыманне навучэнцамі якаснай адукацыі. Тут дзейні­чаюць рэсурсныя цэнтры па энергазберажэнні, працоўным навучанні, гісторыі, матэматыцы, фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця, а таксама адукацыйны медыяцэнтр па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу абсталяваны 41 вучэбны кабінет, ёсць бібліятэка, 3 спартыўныя залы, кабінет тэхнічнай працы, актавая зала. На базе школы рэалізуюцца міжрэгіянальны праект “Персаніфікаваная сістэма выхавання дзіцяці”, раённы інфармацыйны праект “Школа — тэрыторыя здароўя”. У 2020 годзе навучэнцамі заваявана больш за 100 дыпломаў у раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных творчых конкурсах, дыстанцыйных алімпіядах, аглядах, фестывалях, уключаючы конкурс музеяў “У славу агульнай Перамогі”, “Валанцёр года”, “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”, “Хачу ў 3.0”, “Хто, калі не мы!”, “100 ідэй для Беларусі”, “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”.

У падарунак школе Ігар Карпенка перадаў кнігі для бібліятэ­кі, сярод якіх — новая серыя выданняў, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Дырэктар школы Павел Ястрэмскі ра­зам з настаўнікамі Русланам Воюшам, Вячаславам Дзяменцьевым, Вольгай Цяльпук і навучэнцамі—удзель­нікамі турысцка-края­знаўчых аб’яд­нанняў па інтарэсах “Пошук” і “Следапыт” прэзентавалі гасцям інтэ­рактыўную пляцоўку “Подзвігу — не згаснуць. Памяці — жыць”, азнаёмілі з экспазіцыямі музея “Гісторыя горада — гісторыя школы” і работай адукацыйнага медыя­цэнтра па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Галоўная задача цэнтра — абагульненне і распаўсюджванне наяўнага ва ўстановах адукацыі Полацкага раёна вопыту даследчай работы ў галіне вывучэння гісторыі перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, злучэнне ў адзін інфармацыйны матэрыял розных відаў даных ваенна-гістарычнай накіраванасці (такіх як аўдыяфайлы, тэкставыя файлы, графіка, відэа, анімацыя).

У той жа дзень у Полацкім дзяржаўным універсітэце міністр адукацыі прадставіў калектыву новага рэктара Алега Раманава.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.