Народнае, мудрае, спадчыннае

- 13:44Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе №1 г.п.Карэлічы дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па тэме “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродак фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў”. Пра работу рэсурснага цэнтра, змяненні, якія адбываюцца ў вучэбным і выхаваўчым працэсе ў сувязі з яго дзейнасцю, гутарым з дырэктарам школы А.А.Вярбіцкай.

— Алена Аляксандраўна, што стала перадумовай стварэння рэсурснага цэнтра ў вашай школе?

— У 2015—2018 гадах ва ўстанове адукацыі рэалізоўваўся  інавацыйны праект “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродак фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў”, што было ўспрынята як перспектыва паляпшэння якасці адукацыі і выбару новых напрамкаў для творчай і даследчай дзейнасці. З’явілася магчымасць накіраваць выхаванне вучняў па шляху выпрацоўкі ў іх якасцей сапраўдных грамадзян Беларусі, якія глыбока паважаюць дасягненні нацыянальнай культуры, свядома выбіраюць любоў да Айчыны і малой радзімы як неабходную ўмову жыцця.

Навучэнцы, уключаючыся ў сацыяльна значную практычную дзей­насць па вывучэнні гісторыі роднага краю, асвойвалі методыку вуснагістарычных даследаванняў, вучыліся складаць апытальнікі, апрацоўваць і транскрыбіраваць інтэрв’ю, крытычна падыходзіць да атрыманай у ходзе даследаванняў інфармацыі, супастаўляць гэтую інфармацыю з наяўнымі архіўнымі данымі, гістарычнымі дакументамі, мастацкай, навукова-папулярнай літаратурай, кінастужкамі.

Працягам гэтай работы стала стварэнне на базе школы рэсурснага цэнтра сістэмы адукацыі Карэліцкага раёна па тэме “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродак фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў”.

— Як арганізавана работа рэсурснага цэнтра цяпер і якія мэты ставіць педагагічны калектыў школы ў сувязі з яго дзейнасцю?

— Для выканання работ, заданняў, звязаных з ажыццяўленнем функцый рэсурснага цэнтра, створана творчая група, у склад якой увайшлі настаўнік гісторыі З.А.Бакей, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Т.І.Карт, Н.І.Гурын, педагог дадатковай адукацыі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры А.І.Гімпель, настаўнік геаграфіі В.І.Маліноўская, педагог-арганізатар К.С.Стасевіч, выхавальнік А.Г.Васько, настаўнік інфарматыкі мадэратар сайта Л.І.Крывіцкая. Кіраўнік рэсурснага цэнтра — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т.Л.Кулініч.

Асноўная задача, якую ставіць перад сабой творчая група педагогаў, — распаўсюджванне вопыту работы па стварэнні і развіцці мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў праз напаўненне старонкі “Рэсурсны цэнтр” сайта ўстановы адукацыі, аказанне кансультацыйнай, метадычнай дапамогі па пытаннях укаранення мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў, навучанне розных катэгорый педагагічных работнікаў па выкарыстанні ў практыцы найноўшых дасягненняў і вопыту нашых настаўнікаў.

Творчая група рэсурснага цэнтра працягвае работу па інфармацыйнай і метадычнай падтрымцы адукацыйнага працэсу ўстаноў адукацыі Карэліцкага раёна ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці, навучанні розных катэгорый педагагічных работнікаў па выкарыстанні ў практыцы найноўшых тэхналогій.

Вось некалькі прыкладаў такой работы. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Іванаўна Карп правяла для калег з раёна майстар-клас па тэме “Развіццё сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў праз тэкстаўтваральны матэрыял вучэбных заняткаў па беларускай мове і літаратуры”. Каб прыцягнуць увагу вучняў да бяздоннага багацця слоў і выразаў, самабытных найменняў і адметных назваў малой радзімы, настаўніца арганізоўвае вывучэнне мясцовай лексікі не толькі падчас вучэбных заняткаў, але і ў пазаўрочны час. Вучням прапаноўваецца запісваць матэрыял шляхам фіксавання пачутага ў нязмушанай абстаноўцы ад суседзяў, знаёмых, у школе на перапынках, выступаючы ў ролі пабочнага назіральніка. Вучні ўслухоўваюцца ў гаворку людзей дома, на вуліцы, на прыпынку, у аўтобусе, у магазіне, на кірмашы і стараюцца запісаць тое, што іх зацікавіла. Зробленыя запісы здаюцца творчай групе на чале з настаўнікам для азнаямлення і аналізу. Матэрыялы, прызнаныя лепшымі, папаўняюць дыялектычную картатэку, якая ўяўляе сабой лексіка-семантычныя групы дыялектаў (напрыклад, тэмы “Надвор’е”, “Хатнія рэчы”, “Расліны”). Сабраны матэрыял служыць добрай падмогай пры вывучэнні раздзела “Лексіка”.

Выкарыстанне  вуснагістарычных даследаванняў дапамагае натуральна і арганічна спалучаць тры мэты: навучальную, развіццёвую і выхаваўчую.

Педагог дадатковай адукацыі Алена Іванаўна Гімпель арганізавала работу педагагічнай майстэрні па тэме “Роля абрадаў і традыцый беларускага народа ў фарміраванні ў падлеткаў духоўна-патрыятычных якасцей праз арганізацыю дзейнасці тэатральнага гуртка”. На працягу месяца ўсе жадаючыя маглі наве­даць майстэрню і атрымаць кансультацыю па заяўленай тэме, а таксама папоўніць сваё партфоліа новымі напрацоўкамі, сцэнарыямі. Вопыт А.І.Гімпель быў прадстаўлены на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, раённай канферэнцыі педагогаў “Асоба. Адукацыя. Супольнасць”.

У планах — вывучэнне сямейна-радавога абрадавага цыкла, а гэта значыць, што гурткоўцы працягнуць раскручваць наша народнае кола.

Выхавальнік групы прадоўжанага дня А.Г.Васько правяла майстар-клас па вырабе лялькі Берагіні для ўдзельнікаў абласнога фестывалю педагагічнага майстэрства “Пачатковая школа: вопыт, адкрыццё, творчасць” і для ўдзельнікаў раённай канферэнцыі педагогаў “Асоба. Адукацыя. Суполь­насць”.

Членаы творчай групы распрацавалі і прапанавалі калегам метадычныя кансультацыі “Метадычныя асновы фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў”, “Формы і метады работы класных кіраўнікоў па развіцці сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў”, “Складанне апытальнікаў, апрацоўка і транскрыбіраванне інтэрв’ю”, “Ужыванне метаду вуснагістарычных даследаванняў у рамках установы адукацыі”.

— Якая работа вядзецца ў рамках рэсурснага цэнтра з навучэнцамі школы?

— Вучні ўключыліся ў сацыяльна значную практычную дзейнасць па вывучэнні гісторыі роднага краю яшчэ падчас рэалізацыі праекта. Асвойвалі методыку вуснагістарычных даследаванняў, супастаўлялі гэтую інфармацыю з наяўнымі архіўнымі данымі, гістарычнымі дакументамі, мастацкай, навукова-папулярнай літаратурай, кінастужкамі.

Навучэнцы сабралі цікавыя звесткі аб малой радзіме, часе будаўніцтва вывучаемых аб’ектаў і ў далейшым падрыхтавалі экскурсію “Сэрцу мілы куток — мой сучасны старажытны гарадскі пасёлак”. Фотаматэрыялы даследаванняў “Мой гарадскі пасёлак на фотаздымках: мінулае і сучаснасць” былі перададзены ў рэдакцыю раённай газеты “Полымя” і выкарыстаны для стварэння мабільнай ­фотавыставы “Карэліччына: учора і сёння”.

Члены аб’яднання па інтарэсах “Натхненне” (кіраўнік С.М.Кулік, педагог дадатковай адукацыі) вывучылі гісторыю беларускай народнай лялькі. Члены клуба “Інтэлектуал” (кіраўнік З.А.Бакей, настаўнік гісторыі) працавалі над праектам “Мае землякі — мая гордасць”. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Тэатральная творчасць” (кіраўнік А.І.Гімпель, педагог дадатковай адукацыі) сабралі багаты матэрыял па правядзенні абрадаў, традыцыях сваёй малой радзімы і паклалі яго ў аснову сцэнарыяў тэатральных паказаў: “Шлях да Вялікадня”, “Пад Каляднай зоркай”, “Яблыневы спас”, “Гуканне вясны”. Педагог-інаватар В.І.Маліноўская створыла электронны сродак навучання “Геаграфія і краяЗНАЎства”.

Адным з галоўных вынікаў работы рэсурснага цэнтра з’яўляецца практычная дзейнасць навучэнцаў. Народнае, мудрае, спадчыннае — вось што ў першую чаргу дапаможа маладым душам авалодаць сацыяльна-грамадзянскімі кампетэнцыямі. Сёння ўстанова адукацыі прымае актыўны ўдзел у абласным інфармацыйна-адукацыйным інтэрнэт-праекце “#Гісторыя#Памяць#Будучыня.by”, прысвечаным 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У рамках рэалізацыі праекта навучэнцы пад кіраўніцтвам члена творчай групы рэсурснага цэнтра настаўніка гісторыі З.А.Бакей, кіраўніка школьнага музея “Спадчына” Н.Л.Ляўковіч і пры актыўным удзеле настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, педагога дадатковай адукацыі А.І.Гімпель ажыццяўляюць пошук і вывучэнне архіўных матэрыялаў, арганізоўваюць сустрэчы з відавочцамі і ўдзельнікамі вайны, іх нашчадкамі, праводзяць апытанне землякоў, сваякоў аб вядомых ім падзеях вайны на тэрыторыі раёна, выконваюць творчыя заданні: стварэнне відэасюжэта пра подзвіг героя-земляка, буктрэйлера па кнізе “Памяць” Карэліцкага раёна, відэакліпа на музычны твор беларускага аўтара.

— Алена Аляксандраўна, старонка рэсурснага цэнтра на сайце школы стала адной з важных крыніц распаўсюджвання перадавога вопыту вашай навучальнай установы.

—Так, асаблівае месца ў азнаямленні з перспектыўным вопытам работы рэсурснага цэнтра і яго распаўсюджванні адводзіцца сайту ўстановы адукацыі. На старонцы “Рэсурсны цэнтр” сайта размешчана візітка рэсурснага цэнтра, у якой пазначаны мэта, задачы, напрамкі работы.

У раздзеле “Сучасны ўрок і пазаўрочная работа” прадстаўлены вопыт работы педагогаў школы Т.І.Карп, Н.І.Гурын, В.І.Маліноўскай, З.А.Бакей па развіцці ў вучняў грамадзянскіх ведаў і ўменняў, дэмакратычных каштоўнасных арыентацый на ўроках і факультатыўных занятках па вучэбных прадметах “Гісторыя”, “Геаграфія”, “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”.

Раздзел “Праектная і даследчая дзейнасць” прадстаўляе даследаванні па тэмах: “Ліштва невядомай геаграфіі”, “Мой пасёлак на фотаздымках: мінулае і сучаснасць”, “Выхаванне на аснове традыцый беларускага народа. Беларуская народная цацка”, а таксама праекты, якія накіраваны на стварэнне пэўнага даследчага прадукта: артыкула (праект “Абрады і традыцыі”), буклета, відэазапісаў (праекты “Памяць” і “Мае землякі — мая гордасць”), даследчай работы (праект “Каштоўнасці сям’і”), экспазіцыі ў музеі школы “Спадчына” (праект “Мае землякі — мая гордасць”).

У раздзеле “Дадатковая адукацыя” прадстаўлены вопыт работы па праламленні мадэлі вуснагістарычных даследаванняў у аб’яднаннях па інтарэсах тэатральнай і дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці, прапанаваны сцэнарныя распрацоўкі тэатральных паказаў “Шлях да Вялікадня”, “Пад Каляднай зоркай”, “Яблыневы спас”, апісанне вопыту работы педагога дадатковай адукацыі А.І.Гімпель.

Творчая група рэсурснага цэнтра працягвае работу па інфармацыйнай і метадычнай падтрымцы адукацыйнага працэсу ўстаноў адукацыі Карэліцкага раёна ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці, навучанні розных катэгорый педагагічных работнікаў па выкарыстанні ў практыцы найноўшых тэхналогій.

Быць без каранёў, без пераемнасці пакаленняў, не адчуваць павагі да тых людзей, якія жылі да нас, да тых месцаў, дзе нарадзіліся і выраслі, не ша­наваць і не несці ў сэрцы матчынай мовы — значыць быць безаблічным, пазбаўленым адказнасці. Мы ж выхоўваем сваіх дзяцей адказнымі за сябе, сваіх бацькоў, за захаванне традыцый, умацаванне роднай краіны.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.