Віват, “Народная асвета”!

“На постсавецкай прасторы ўсяго два педагагічныя выданні з такой вялікай гісторыяй: “Народное образование”, якое было заснавана расійскім імператарам Аляксандрам I у 1803 годзе, і “Народная асвета”, якой сёлета споўнілася 90 гадоў,” — адзначыла, адкрываючы ўрачыстасці з нагоды юбілею, галоўны рэдактар навукова-педагагічнага часопіса “Народная асвета” Ала Васільеўна Маслава.

Гісторыя часопіса-юбіляра пачалася ў чэрвені 1924 года. Тады ён меў назву “Асьвета”, а пад назвай было пазначана: “Часопіс Нар. Кам. Асьветы і Саюзу Прац Асьветы БССР”. Сённяшняе імя “Народная асвета” атрымала ў 1960 годзе, перамяніўшы некалькі назваў: “Камуністычнае выхаванне”, “Кансультацыя настаўніку”, “Савецкая школа” — ішоў час, у розныя бакі дзьмулі палітычныя і ідэалагічныя вятры, але нацыянальнае педагагічнае выданне заставалася верным свайму прызначэнню “…дапамагчы настаўніцтву, кіраўнікам дзіцячых устаноў, дзеячам пазашкольнай адукацыі і працаўнікам ВНУ Беларусі ў іх асветніцкай працы праз указанне задач і метадаў асветы і ўзаемнае інфармаванне аб дасягненнях у галіне асветніцкай практыкі…”. Менавіта так задачы часопіса былі акрэслены ў перадавым артыкуле адказнага супрацоўніка Наркамата асветы БССР П.Валасевіча “Нашы задачы”, які быў надрукаваны ў першым нумары часопіса.
На працягу многіх дзесяцігоддзяў “Народная асвета” паспяхова ажыццяўляе дзяржаўную адукацыйную палітыку ў Беларусі, за што ў 1975 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР і ордэнам СССР “Знак Пашаны”, а ў жніўні 2007 года часопіс атрымаў міжнароднае прызнанне: Міжнародная арганізацыя Business Initiative Directions (BID, Мадрыд, Іспанія) прысвоіла часопісу “Міжнародную зорку за якасць” у катэгорыі “Золата” за сучасныя нетрадыцыйныя падыходы да аўтарства і дыялогу са спажыўцамі, імкненне да сацыяльнага партнёрства з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, укараненне інтэрактыўнага характару публікацый і новага фармату падачы матэрыялаў, стварэнне сайта часопіса як мэтавага і адэкватнага інтэрнэт-рэсурсу.

Юбілейныя ўрачыстасці сабралі сяброў, паплечнікаў і аднадумцаў. Сярод гасцей — эліта нацыянальнай педагогікі: прарэктар па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі доктар педагагічных навук Людміла Андрэеўна Худзенка; прафесар кафедры прыватных методык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка доктар педагагічных навук Віктар Уладзіміравіч Чэчат; загадчык кафедры фізіка-матэматычных дысцыплін інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР доктар педагагічных навук Людміла Іосіфаўна Майсеня; прафесар кафедры камп’ютарных тэхналогій і сістэм факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ доктар педагагічных навук Віктар Уладзіміравіч Казачонак; загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ доктар філалагічных навук Віктар Іванавіч Іўчанкаў; начальнік цэнтра бесперапыннай прафесійнай адукацыі РІВШ кандыдат педагагічных навук Вольга Андрыянаўна Олекс; загадчык кафедры педагогікі Бар ДУ кандыдат педагагічных навук Валянціна Іванаўна Козел і іншыя.
“Людзі, якія ствараюць гэты часопіс — творчы калектыў цудоўных людзей, група прафесіяналаў, якія, не шкадуючы часу і сіл, аддаюць сябе служэнню адукацыі нашай краіны. І вельмі паказальна, што, прымаючы віншаванні ў свой дзень нараджэння, яны робяць падарунак сваім сябрам, запрашаючы іх у падарожжа”, — адзначыла адзін з пастаянных аўтараў “Народнай асветы”, дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры БДУ, кандыдат педагагічных навук Іна Эдуардаўна Саўко.

Адметна, што ў Год гасціннасці “Народная асвета” гасцінна сустракала сваіх аўтараў і сяброў не дзе-небудзь, а ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў. Гасцей свята сустракалі супрацоўнікі часопіса ў шляхецкіх строях, запрашаючы на экскурсію па рэзідэнцыі старажытнага магнацкага роду.
А віншаванні з нагоды юбілею калектыў “Народнай асветы” прымаў у тэатральнай зале палаца. Тут сяброў часопіса чакаў тэатралізаваны паказ, які пачаўся па правілах этыкету таго часу — з вітальнага паланэза, у якім узялі ўдзел усе госці свята. Гучала музыка радзівілаўскай эпохі, настройвачы прысутных на ўрачысты лад.
Пажаданні даўгалецця і далейшага творчага росту гучалі ад калег і найбольш актыўных аўтараў і ўважлівых чытачоў часопіса з Мінска, Баранавіч, Лепеля, Магілёва, Рэчыцы. “Для мяне гэта не толькі самае галоўнае педагагічнае выданне, — падкрэсліла падчас віншавання член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дырэктар Рэчыцкага раённага ліцэя І.Я.Петкун, — гэта самае любімае маё выданне. З “Народнай асветай” нас звязваюць доўгія гады сяброўства і супрацоўніцтва. Кожны нумар я чакаю, каб потым прачытаць “ад дошкі да дошкі”. Асабліва нам дарагая рубрыка “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”, з якой мы можам даведацца пра вопыт устаноў адукацыі, у нечым пазайздросціць, у нечым годна прадставіць сябе — часопіс дае магчымасць акумуляваць і прапагандаваць лепшы вопыт”. Дарэчы, за час існавання праекта на старонках часопіса было прадстаўлена звыш сотні школ нашай краіны. “Галоўнае, каб у вашых сэрцах не згасаў педагагічны талент, каб заўсёды былі новыя планы. А мы, вашы ўдзячныя аўтары, таксама не будзем суцішвацца, а і далей расказваць пра свае метадычныя і навуковыя здабыткі”, — завяршыла выступленне Ірына Якаўлеўна.

Віншуючы калектыў часопіса, загадчык лабараторыі праблем выхавання асобы НІА кандыдат педагагічных навук Анатоль Аляксандравіч Глінскі падкрэсліў, што значным дасягненнем часопіса з’яўляецца тое, што на яго старонках вялікая ўвага ўдзяляецца школам “глыбінкі”: “Дзякуючы публікацыям “Народнай асветы”, усе маюць магчымасць даведацца, што сельскія школы ні ў чым не горшыя, а ў нечым нават і лепшыя за гарадскія і нават за сталічныя. Нізкі паклон вам за гэта!”
Шмат цёплых слоў выказалі і былыя супрацоўнікі часопіса, метадыст вышэйшай катэгорыі ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА магістр палітычных навук Ірына Вячаславаўна Лапіцкая і начальнік аддзела кадраў аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Ганна Іванаўна Грос, прадстаўнікі галіновых сродкаў масавай інфармацыі і ўстаноў адукацыі.
Безумоўна, як на любым іншым дні нараджэння, не абышлося без падарункаў. Аднак, відаць, самы каштоўны з іх уручыў загадчык аддзялення павышэння кваліфікацыі Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А.С.Пушкіна Іван Інакенцьевіч Ліхараў. Ён падарыў “Народнай асвеце” лічбавую копію першага нумара часопіса за чэрвень 1924 года.
Падчас свята супрацоўнікам выдання былі ўручаны ўзнагароды ад Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі нашай краіны, а таксама граматы ўстановы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”.
“Часопіс “Народная асвета” ўжо 90 гадоў крочыць разам з настаўнікам, — адзначыла галоўны рэдактар выдання, выдатнік адукацыі, магістр педагагічных навук Ала Маслава. — Для лепшай часткі педагагічнай грамадскасці ён стаў не толькі значнай культурнай з’явай, але сапраўдным мірным атамам, што правакуе на выбух пачуццяў, эмоцый і штурхае да самаразвіцця. Мы ўпэўнены, што развіццё нанатэхналогій, універсальнага мультымедыйнага асяроддзя заклікана перш за ўсё ўзмацніць ролю настаўніка ў жыцці, бо чалавек — прафесіянал, асоба, творца — расце разам з веліччу новых задач і выклікаў часу”.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.