Народная цацка — спадарожнік дзяцінства

Працэс далучэння выхаванцаў да традыцый нацыянальнай культуры праходзіць найбольш эфектыўна праз гульню. Менавіта ў гульнявой дзейнасці фарміруюцца ўяўленні пра навакольны свет, развіваюцца творчыя здольнасці кожнага дзіцяці. Найважнейшым атрыбутам гульні з’яўляецца цацка, і перш за ўсё — народная.

Увага педагогаў нашага дзіцячага сада спынілася на ляльцы з анучы. Гэта на проста звычайная цацка, а сімвал працягу роду, залог сямейнага шчасця. Кожная цацка мае сваё значэнне, пэўную магічную сілу. Лічыцца, напрыклад, што лялька-“крупенічка” захоўвае ўраджай, а “дзесяціручка” дапамагае ў хатніх справах. Такія лялькі раней рабілі з абрэзкаў тканіны, скручвалі з анучак, ільняных нітак, кудзелі. Вопытны педагог нашага дзіцячага сада С.А.Дубовік праводзіць майстар-класы па вырабе такіх лялек, падчас якіх можна даведацца пра гісторыю стварэння народнай цацкі з тканіны, пафантазіраваць, праявіць свае творчыя здольнасці. Такім чынам, скарбонка педагогаў папаўняецца некалькімі цудоўнымі вырабамі, што з’яўляюцца ўзорам для выхаванцаў, якія таксама ўдзельнічаюць у працэсе стварэння народнай цацкі.

Людміла ВАЎЧОК,
выхавальніца ясляў-сада № 8 Навагрудка.