Народны герой

- 15:50Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Адноўленае 17 верасня 1939 года адзінства нашага народа дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць сузаснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Напярэдадні гэтай значнай даты будзе правільным узгадаць пра Сяргея Восіпавіча Прытыцкага.

У біяграфічных даведніках гаворыцца, што ён — адзін з арганізатараў камсамольскага падполля ў Заходняй Беларусі, партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усё гэта так. Не сказана толькі аб адным: С.В.Прытыцкага па праве можна назваць народным ге­роем. Яго імем названы вуліцы ў беларускіх гарадах, сельгаспрадпрыемствы, піянерскія дружыны. І 50 гадоў яго імя носіць Вялікабераставіцкая сярэдняя школа, адзіная ў Беларусі, названая ў гонар гэтага знакамітага чалавека.

Наша ўстанова адукацыі мае багатую гісторыю. Але самым знамянальным стаў 1972 год, калі ёй было прысвоена імя вядомага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча БССР. Ён — адзін з арганізатараў камсамольскага падполля ў Заходняй Беларусі ў 1932—1939 гадах, актывіст Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Актыўна змагаўся з польскай акупацыяй, пракладваў дарогу ў лепшую будучыню свайго народа.

Жыццё Сяргея Восіпавіча можна параўнаць з яркай успышкай. З ранняга дзяцінства ён зразумеў, што такое любоў да Радзімы, пранёс вернасць высокім ідэалам праз увесь зямны шлях. Нарадзіўся 19 студзеня 1913 года ў вёсцы Гаркавічы былога Сакольскага павета Гродзенскай губерні ў беднай сялянскай сям’і. У маі 1926 года скончыў школу, а праз два гады, у лістапа­дзе 1928 года, стаў парабкам у роднай вёсцы. У сакавіку 1931 года С.В.Прытыцкі ўступіў у Камуністычны саюз мола­дзі Заходняй Беларусі, а ў жніўні таго ж года быў выбраны сакратаром Крынкаўскага падпольнага райкама КСМЗБ.

Чатыры гады школа змагалася за права насіць імя С.В.Прытыцкага. Вывучалася жыццё і дзейнасць героя, быў сабраны найкаштоўнейшы матэрыял для афармлення тэматычнай залы. Педагагічны калектыў, камсамольская і піянерская арганізацыі імкнуліся, каб школа сваёй працай стала дастойнай імя героя. У 1972 годзе ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР пастанавілі прысвоіць імя С.В.Прытыцкага Вялікабераставіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе.

Сяргей Восіпавіч унёс вялікі ўклад ва ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, за сваю падпольную дзейнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі быў заключаны ў польскую турму і нават прыгавораны да смяротнай кары, якая ў далейшым была заменена пажыццёвым турэмным зняволеннем. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі менавіта Сяргею Прытыцкаму было даверана 2 лістапада 1939 года абвясціць на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР заяву Паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі.

1 лістапада 1939 года ён назначаны намеснікам старшыні Беластоцкага аблвыканкама, а 24 сакавіка 1940 года выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР першага склікання.

У гады Вялікай Айчыннай вайны неаднаразова выконваў адказныя заданні на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, кіраваў дзейнасцю камсамольскага падполля. 8 кас­трычніка 1943 года за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху быў узна­гароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

У пасляваенны час быў першым сакратаром Гродзенскага, Баранавіцкага, Маладзечанскага, Мінскага абкамаў КПБ, сакратаром ЦК КПБ, старшынёй Камітэта партыйна-дзяржаўнага кантролю ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР, намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР, Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнай Рады БССР. Сяргей Восіпавіч рана пайшоў з жыцця — 13 чэрвеня 1971 года, ва ўзросце 58 гадоў.

А ўжо ў 1972 годзе ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР пастанавіў прысвоіць імя С.В.Прытыцкага Вялікабераставіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе. Чатыры гады школа змагалася за права насіць яго імя. Вывучалася жыццё і дзейнасць героя, быў сабраны найкаштоўнейшы матэрыял для афармлення тэматычнай залы. Педагагічны калектыў, камсамольская і піянерская арганізацыі імкнуліся, каб школа ўсёй сваёй працай стала дастойнай прысваення імя героя. У маі 1977 года на тэрыторыі школы быў устаноўлены бюст народнага героя.

23 лютага 1981 года на трэцім паверсе школы створана зала імя С.В.Прытыцкага, дзе размясціліся стэнды з фатаграфіямі і дакументамі. Пасля таго як у 2006 годзе быў адкрыты музей “З гісторыі школы”, экспанаты былі перанесены туды. Іх аб’ядналі ў экспазіцыю “Шляхам выпрабаванняў”, якая і заняла цэнтральнае месца. Менавіта тут пачынаецца знаёмства першакласнікаў са школай. Экскурсаводы, навучэнцы старшых класаў, знаёмяць малых не толькі з гісторыяй школы, але і прапануюць паў­дзельнічаць у квест-гульні.

Для старшых класаў у музеі праводзяцца экскурсіі, падчас якіх навучэнцы не толькі слухаюць, але і задаюць пытанні, самастойна знаёмяцца з экспазіцыяй. Вынікам гэтага сталі створаныя юнакамі відэаролікі, якія папоўнілі фонд музея.

Ужо стала добрай традыцыяй пры­маць навучэнцаў у Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю каля бюста знакамітага дзеяча. Менавіта тут юныя піянеры абяцаюць служыць Радзіме і лю­біць яе. У час правядзення ўрачыстых лінеек лепшым вучням школы даецца права ўскласці кветкі да бюста С.В.Прытыцкага.

Імя Сяргея Восіпавіча Прытыцкага чырвонай ніткай праходзіць праз многія мерапрыемствы, якія праводзяцца ў школе. На працягу года ва ўсіх класах ладзяцца га­дзіны мужнасці, вусныя часопісы, дыялогавыя пляцоўкі.

Сяргей Прытыцкі змагаўся за ўз’яднанне беларускага народа, за аб’яднанне беларускіх земляў, і назаўсёды застанецца ў нашай гісторыі і памяці сапраўдным чалавекам, народным героем.

Наталля САРОКА, Ірына КРЫВАПЛЯС,
кіраўнікі музея “З гісторыі школы” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.