Гэтымі днямі ў сярэдняй школе № 3 Зэльвы (Гродзенская вобласць) адбылося ўрачыстае адкрыццё скаладрома. Такое права было дадзена ганаровым гасцям — начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама Сяргею Мікалаевічу Лойку, дырэктару Зэльвенскага цэнтра турызму і краязнаўства Валянціне Іванаўне Духцік, дырэктару Зэльвенскай ДЮСШ Генадзю Аляксандравічу Галаско.
У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця. І наша школа не выключэнне: для ўмацавання здароўя навучэнцаў, для фізічнага развіцця падрастаючага пакалення ў нашай установе праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, функцыянуюць дзве спартыўныя залы, у мінулым годзе пачала работу зала атлетычнай
гімнастыкі. У снежні 2014 года было вырашана пабудаваць трэнажор для скалалажання.
Аказалася, што для навучэнцаў і бацькоў гэты від спорту быў знаёмы толькі па чутках. Прыродных скал у нас няма, але цікавасць да скалалажання вялікая. І ўсе з нецярпеннем чакалі адкрыцця трэнажора. У сваім выступленні трэнер па скалалажанні Анатоль Іванавіч Базыльчык адзначыў: “Праводзіць трэніроўкі і ўдзельнічаць у спаборніцтвах па скалалажанні можна і на штучным рэльефе. Для тых, хто хоча асвоіць гэты незвычайны від спорту, адсутнасць скал не з’яўляецца перашкодай, таму што іх чакаюць цікавыя падарожжы па ўсім свеце, непакорныя вяршыні”. Анатоль Іванавіч падрабязна пазнаёміў прысутных з асаблівасцямі скалалажання і паказаў майстар-клас для пачаткоўцаў. Усім, хто захацеў пераадолець свой першы маршрут да вяршыні скаладрома, была дадзена такая магчымасць.
Людміла КАМЯКЕВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 3 Зэльвы.





