Наш брэнд

- 10:46Культура

Як адрадзіць і зберагчы нацыянальныя традыцыі і рамёствы? Свае ідэі моладзь Беларусі прапанавала падчас конкурсу “Капітал месца”. Такі незвычайны конкурс ладзіўся ўпершыню, а яго мэта — знайсці рэгіянальныя славутасці, якія па праве можна назваць мясцовымі брэндамі, каб ніколі ўжо іх не згубіць.

Кацярына Данілюк асвойвае віцебскую маёліку пад кіраўніцтвам Л.М.Кавальчук.

Безумоўна, гісторыка-культурная спадчына стварае імідж нашай краіны. Нават далёка за межамі Беларусі ведаюць нашу Белавежскую пушчу і Мірскі замак, нашых буслоў і зуброў, неглюбскія ручнікі і дрыбінскія валёнкі… Але насамрэч у кожнай нашай мясцовасці ёсць тое, што выдзяляе яе сярод іншых, тое, чым варта ганарыцца. Менавіта з гэтай мэтай — даследаваць мясцовыя культурныя традыцыі, адрадзіць звычаі і матэ­рыяльныя каштоўнасці, падкрэсліць унікальнасць роднага краю, каб стаць брэндам пэўнай мясцовасці — і быў задуманы конкурс “Капітал месца”. Арганізатарамі яго сталі ТАА “Белбрэндаўдыт” і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Усяго на конкурсе было прадстаўлена больш за 400 праектаў у чатырох намінацыях: у вясёлай — “Традыцыі/звычаі/гульні”, у смачнай — “Гастрасімвалы”, у стыльнай — “Адзенне/абутак” і дызайнерскай — “Мэбля, прадметы штодзённага побыту”. 

“Мы акцэнтавалі ўвагу дзяцей на тых аб’ектах матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія яны найчасцей сустракаюць у сваім жыцці. Але галоўная ўвага была ўдзелена не тым традыцыям, якія ўжо вядомы, а тым, якія некалі былі, потым затухлі і толькі цяпер набываюць новае жыццё і мо­гуць стварыць імідж рэгіёна, стаць брэндам пэўнай мясцовасці, славутасцю для турыстаў, даследчыкаў”, — тлумачыць Аляксандра Яўгенаўна Кравец, загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Члены журы адзначылі, што перагляд работ, хоць іх ажно 400, быў для іх не стамляльным, а цікавым вопытам, бо кожны з праектаў унікальны і часта нечаканы.

Канкурсанты вывучалі і адраджалі традыцыі і звычаі, гульні, рэцэпты мясцовых страў, апісвалі рэгіянальную вопратку і абутак, тэхналогію вырабу мэблі і прадметаў побыту.

Так, у намінацыі “Адзенне і абутак” праект навучэнак Кароўчынскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна быў прысвечаны не знакамітым валёнкам, а… лапцям. Так, тут школьнікі адрадзілі традыцыйнае для Дрыбіншчыны пляценне лапцяў — ад нарыхтоўкі матэрылу да гатовага абутку. І калі гэты абутак тут толькі сувенірны, то былі работы і сучасныя. Напрыклад, у навучэнак Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага кале­джа гандлю Настассі Маісеенка і Марыі Барысёнак. Дзяўчаты прадставілі рукавіцы ў сучасным выкананні, тым самым даказаўшы, што стаць брэндам варты рэчы, створаныя не толькі нашымі продкамі, але і сучаснымі модніцамі. 

У намінацыі “Мэбля, прадметы штодзённага побыту” Вікторыя Гатальская з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа прадставіла агоўскі роспіс з кветкавымі матывамі для куфраў. Цікава тое, што навучэнцы не проста даследуюць куфры мінулага, але і робяць іх самі, упрыгожваючы роспісам па ўзорах з мінулага.

Аднаўляе спадчыну і Кацярына Данілюк, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Яна вывучае і адраджае віцебскую маёліку — роспіс гліняных вырабаў па сырой эмалі, вядомы тут з XVII—XVIII стагоддзяў. Спазнае тонкасці творчасці дзяўчына ў майстра народных промыслаў і рамёстваў Л.М.Кавальчук, якая ў культурна-гістарычным комплексе “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна” стварае майстэрню, дзе кожны жадаючы можа паўдзельнічаць у майстар-класах па маёліцы. Майстэрня ствараецца на сродкі гранта, прадастаўленага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Шмат цікавага адкрылі для сябе і журы, і іншыя канкурсанты падчас знаёмства з праектамі ў намінацыі “Традыцыі/звычаі/гульні”. Напрыклад, навучэнка Кузьміцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Любанскага раёна расказала пра Русальны ты­дзень, які жыве і сёння ў яе раёне. Незвычайны фестываль вулічнага мастацтва “Волаты Прыдзвіння” прадставіла навучэнка Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Дар’я Маслюкова. Ён прысвечаны знакамітаму Фёдару Махнову, які некалі жыў на Віцебшчыне і лічыўся самым высокім у свеце (яго рост быў 285 сантыметраў). Сёння на гэтым фестывалі ставяцца новыя рэкорды. Шмат было прадстаўлена і гульняў. 

“Дрэнна быць сляпому, яшчэ горш — глухому, і зусім дрэнна быць бязроднаму. Той, хто не ведае традыцый сваёй Радзімы, адначасова сляпы, глухі і бязродны. І гэта трэба мяняць”, — адзначыла Настасся Арцюхова з сярэдняй школы № 3 Клімавіч. Дзяўчыну заўсёды цікавілі традыцыі роднага раёна, асабліва мясцовая кухня. Яна збірае рэцэпты сваёй бабулі і іншых пажылых жыхароў Клімавіч і гатуе па іх. На конкурсе яна прадставіла “Напой маладзіц”. 

Перамог у гэтай намінацыі праект “Таптуны” Ягора Лаўрыновіча, 11-класніка з сярэдняй школы № 1 Лунінца. Не пакінуў нікога раўнадушным ні кулінарны, ні паэтычны талент хлопца: слоган яго стравы — “Не дадуць табе дабра ні хот-дог, ні шаўрма. Наясіся таптуноў — будзеш сто гадоў здароў!”

Памятаеце сцэну з культавага фільма “Дзяўчаты”, дзе Тося Кісліцына пералічвае стравы з бульбы? Дык вось Маргарыта Гуйдо, магістрантка ВДУ імя П.М.Машэрава, дадала б у гэты пералік, на яе погляд, галоўную — камы, ці комы.

“З дзяцінства памятаю смак згатаванай бабуляй бульбяной стравы пад назвай “камы”, ці, як яшчэ называлі, “комы”. Гэта бульбяное пюрэ, запраўленае засмажанымі кавалачкамі сала і рэпчатай цыбулі. Да яго заўсёды падаваўся халаднік з буракоў або шчаўя, шчодра запраўлены дамашняй смятанай. Асаблівы каларыт яркім першым стравам надавала маладая зеляніна кропу і цыбулі”, — гаворыць Маргарыта.

І назву гэтай стравы, і рэцэпты гатавання, але свае, адметныя, ведаюць у розных рэгіёнах. І Маргарыта, для ўстанаўлення этнаграфічнай справядлівасці, правяла батл па гатаванні комаў па рэцэптах з розных куткоў нашай краіны і вызначыла пераможцу. Хоць для яе пераможца відавочны.

Падводзячы вынікі конкурсу, журы нечакана для сябе адзначыла, што ўжо самі ўдзельнікі сталі носьбітамі культуры, якія не дадуць яе забыць.

Валянціна Іванаўна Дыніч, дырэктар ААТ “БелБрэнд”, расказала, што па выніках гэтай намінацыі будзе выдадзена карта з рэцэптамі, прадстаўленымі на конкурс, каб вандроўнікі маглі здзейсніць гастранамічнае падарожжа і пакаштаваць традыцыйныя мясцовыя стравы. 

“Нашай асноўнай задачай было звярнуць на гэтыя аб’екты ўвагу дзяцей. Для многіх гэта штодзённыя рэчы, і яны нават не разумеюць іх каштоўнасці. Ці, наадварот, звярнуць увагу на тое, што ім ёсць чым ганарыцца. Прыемна, што конкурс зацікавіў не толькі дзяцей і настаўнікаў: ён аб’яднаў цэлыя сем’і, бо традыцыі больш ідуць ад сям’і, ад бацькоў і дзядоў. Тыя ж стравы дзеці не толькі запісвалі з вуснаў бабуль, а пераймалі, назіраючы за працэсам гатавання і тут жа паўтараючы, — гаворыць А.Я.Кравец. — І зноў жа — важны рэгіянальны акцэнт. Калі гаварыць пра гастрасімвалы, то цяпер у інтэрнэце можна знайсці любы рэцэпт, але мы шукалі рэцэпты менавіта тых страў, якія гатуюць толькі ў гэтым канкрэтным рэгіёне, у сем’ях удзель­нікаў. Тую ж капусту ква­сяць усюды, але толькі ў наваколлі Бярозы спачатку яе пякуць у печы, а толькі потым квасяць.

Калі гаварыць пра гульні, традыцыі, то гэта не іх пакрокавае апісанне. Нам важней было знайсці тыя, што былі і ёсць толькі ў канкрэтным рэгіёне, мясцовасці. Напрыклад, звычай “Ваджэнне кусты” (націск на першы склад. — Заўвага аўтара.), пра які нам расказала Ксенія Яраховіч, навучэнка Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Для гэтага ўпрыгожваюць галінкамі дзяўчыну (кусту) і во­дзяць яе па хатах, яна зычыць здароўя і дабрабыту гаспадарам, а тыя до­раць ёй пачастункі. 

Мікіта Юхневіч, навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля, прадставіў уласнаствораную з лазы калыску на дугах, як некалі рабілі яго продкі. Лазовыя калыскі плялі ў розных рэгіёнах, але Мікіта зрабіў акцэнт на мясцовым аздабленні”.

Валянціна Іванаўна Дыніч пажадала далейшага развіцця і самім удзельнікам, і тым мясцінам, з якіх яны прыехалі. “У нас неверагодна багатая зямля — і талентамі, і прыгажосцю, і традыцыямі. І мне вельмі хочацца, каб гэта і далей было даступным і нам, жыхарам, і тым, хто пра нашу краіну хоча больш даведацца”, — адзначыла яна і нагадала, што папулярызаваць беларускую культуру — наша агульная задача.

Святлана НІКІФАРАВА.