Наш дэвіз — “Рабі дабро!”

Вось і надышла зіма. Мароз і вецер прабіраюцца праз вокны і дзверы, напаўняючы дом холадам. Як не змерзнуць у такую пару? Вучні 8 “В” класа сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні дакладна ведаюць, што сагрэць можа не толькі печка, але і дабрыня душы.

Чарговы раз, запрасіўшы святара айца Аляксандра, захапіўшы з сабой цацкі і прысмакі, дзеці адправіліся ў сацыяльны прытулак горада Смаргоні, каб падзяліцца цеплынёй сваіх сэрцаў.

Напярэдадні наведвання прытулку васьмікласнікі падрыхтавалі разнастайныя канцэртныя нумары, якія дэманстравалі значэнне слоў “дабро”, “любоў”, “прабачэнне”.

Песні “Званкі” і “Анёлы” ў выкананні Таццяны Бутар і Крысціны Кудаш адкрылі канцэрт. Тэксты гэтых кампазіцый настолькі душэўныя, цёплыя, што многія міжволі пачалі падпяваць. Не менш цікавым аказаўся нумар Андрэя Балыша. Ён прадэманстраваў мастацтва біт-бокса.

Тэатральнае майстэрства прадэманстравалі Віялета Яроўская, Ганна Якаўлева, Вераніка Гайдукевіч, Кацярына Жалевіч, Аляксей Шафранскі і Валерыя Кікіліч.

Канцэртныя нумары, падарункі, прысмакі, святочны настрой, падораныя выхаванцам прытулку, яшчэ раз даказалі, што з бедамі можна і трэба змагацца не толькі ў казках, але і ў рэальнасці. Самае галоўнае — не губляць ні хвіліны і пачынаць рабіць дабро!

Людміла ЗАХАРЭВІЧ,
класны кіраўнік 8 “В” класа СШ № 7 г. Смаргоні.